Як трэба «пісаць» — «на самой справе» ці на «самай справе»? А што гэта наогул значыць? Ці і праўда гэтак важна, якая яна — справа тая — «са́мая» ці «сама́я». Згадзіцеся, што выраз даволі-такі цьмяны. А яшчэ і ў каршэнь даюць за яго, калі нейкі не такі націск паставіш. Адным словам — адрачыся і дзясятаму заказаць.

Цьмяныя выразы — іх таксама варта захоўваць. Я люблю іх, калі яны маюць нейкую гістарычную ці стылістычную вартасць; калі яны ўжываліся ў Статуце 1588 г. ці паходзяць з нейкае рэдкае гаворкі. Тады яны і праўда добрая закраса для нашае гаворкі. Але «на самай справе» да такіх, відаць, не належыць і мы смела можам падабраць для яго зручнейшыя варыянты.

Я адзін час панадзіўся быў казаць «насамрэч». Як няма мяса, то і грыб закраса. Але ж і грыб той нейкі не надта ядкі. З грунту «насамрэч» гэта тое ж, што і «на самай справе», толькі што злепленае ў адно грувасткае слова.

Дык як жа сказаць прасцей ды ясней? «Гэта на самай справе добрая рэч» — «Гэта і праўда добрая рэч», «гэта далібог (дадушы) добрая рэч». «Я, на самай справе, хацеў пра іншае пагаварыць» — «Я, праўду кажучы, хацеў пра іншае пагаварыць». «Ён крыху баяўся гэтага, але на самай справе было зусім нішто сабе»… Вось да гэтага кантэксту зручны адпаведнік падае прафесар Фёдар Янкоўскі:

ТЫМ ЧАСАМ. 1. Адначасова з чымсьці, у той самы час.

Ён [гаспадар] выехаў з двара, аб'ехаў навакол, паставіў на агародзе каня, а сам у пуні захаваўся. Тым часам прыходзіць ксёндз, прыносіць гарэлкі. (Е. Рам., БНК, 1962).І пабег з млына. Тым часам заспявалі пеўні. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП).

2. На самой справе.

Я пашкадаваў дзіцяці, хацеў зрабіць лепш.., а тым часам зрабіў амылку [памылку]. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Прадалі, а тым часам не трэба было прадаваць: не лішні. Гл. р., Кл.

Літаратура падае на гэты выраз такія прыклады:

Ім здавалася, што шынкі пачнуць падсыхаць і набываць такі выгляд, у якім звычайна ўсе мы прывыклі іх бачыць, а тым часам адбывалася нібы наадварот. (Янка Маўр, «Палескія рабінзоны»)

Адным словам, ты іншы раз баішся гутарыць па-беларуску, а тым часам гэта так проста і прыгожа.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?