Менскі гарадзкі суд вынес прысуд па справе былога намесьніка рэдактара газэты «Згода» Аляксандра Зьдзьвіжкова. Ён атрымаў тры гады зьняволеньня ў калёніі узмоцненага рэжыму за перадрук дацкіх карыкатураў на прарока Мухамэда. Тыя карыкатуры былі перадрукаваныя ў 143 выданьнях 56 краінаў, у тым ліку ісламскіх, і нідзе журналісты ня трапілі за тое ў турму.

Менскі гарадзкі суд вынес прысуд па справае былога намесьніка галоўнага рэдактара газэты «Згода» Аляксандра Зьдзьвіжкова. Ён прызнаны вінаватым у парушэньні артыкулу 130 ч 2. КК «Распальваньне рэлігійнай варажнечы» за перадрук карыкатур на прарока Мухамэда і асуджаны да трох гадоў зьняволеньня з адбываньнем пакараньня ў калёніі узмоцненага рэжыму.

Крымінальная справа супраць Зьдзьвіжкова і газэты «Згода» была заведзеная ў 2006 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, за зьмяшчэньні ў выданьні карыкатураў на прарока Мухамэда, якія раней былі надрукаваныя ў дацкай газэце Jyllands‑Posten. «Згоду» тады зачынілі, а скончыць справу супраць Зьдзьвіжкова не змаглі, бо той на пэўным этапе сьледзтва некуды зьнік. Суд тады пастанавіў прыпыніць сьледзтва праз адсутнасьць галоўнага абвінавачанага.

Арыштавалі А. Зьдзьвіжкова 18 лістапада 2007 г., калі ён прыехаў у Барысаў, каб наведаць магілу бацькі. З таго часу журналіст знаходзіўся пад вартай у сьледчым ізалятары КДБ, дзе яму не дазвалялі сустрэцца з адвакаткай Марыяй Аляксандравай. Паводле інфармацыі сваякоў Зьдзьвіжкова, ён хаваўся ў манастыры ці то ў Расеі, ці ва Ўкраіне.

Судовы працэс праходзіў пры зачыненых дзьвярах. Толькі выніковую частку прысуду судзьдзя Руслан Аніскевіч агучваў публічна. Пракурор Аляксей Вярэнчыкаў патрабаваў пакараць А. Зьдзьвіжкова чатырма гадамі зьняволеньня.

Прысуд можа быць абскарджаны цягам 10 дзён і спадар Зьдзьвіжкоў, які сваёй віны не прызнае, заявіў, што гэтай магчымасьцю скарыстаецца.

Колькасьць палітычных вязьняў у Беларусі імкліва ўзрастае.

* * *

Ад часу свайго зьяўленьня восеньню 2005 году ў малавядомай дацкай газэце Jyllands‑Posten на працягу наступных месяцаў карыкатуры на прарока Мухамэда былі перадрукаваныя ў 143 выданьнях у 56 краінах сьвету. У рэдкіх выпадках справа дайшла да суду. Аднак прысуд, вынесены беларускім судом, беспрэцэдэнтна жорсткі нават у параўнаньні з мусульманскімі краінамі.

Малайзія, люты 2006: Часова прыпынены выхад трох газэт, якія перадрукавалі карыкатуры.

Данія, сакавік 2006: Пракуратура адмовілася заводзіць справу супраць газэты Jyllands‑Posten, якая першай апублікавала карыкатуры на прарока Мухамэда з той прычыны, што артыкул «Твар Мухамэда», праілюстраваны сатырычным коміксам з 12 малюнкаў, не парушыў дацкіх законаў.

Беларусь, сакавік 2006: Аляксандар Лукашэнка ў часе выступу на Ўсебеларускім народным сходзе: «Газэта [«Згода»] будзе зачыненая, крымінальная справа ўсчатая, а калі будуць падставы, то ўсе датычныя да гэтага будуць сядзець у турме, таму што гэта правакацыя супраць дзяржавы»

сакавік 2006: карыкатуры былі перадрукаваныя ў 143 выданьнях 56 краін, у тым ліку ў Алжыры, Босьніі й Герцагавіне, Эгіпце, Інданэзіі, Ярданіі, Малайзіі, Марока і Саудаўскай Арабіі — краінах зь пераважна мусульманскім насельніцтвам.

Расея, травень 2006: У Волагдзе апраўданая галоўная рэдактарка гарадзкой газэты «Наш рэгіён» Ганна Сьмірнова, якая перадрукавала карыкатуры.

Ярданія, травень 2006: Ярданскія журналісты атрымалі па два месяцы турмы за карыкатуры на Мухамэда. У залі суду яны былі вызваленыя пад заклад.

Емэн, лістапад 2006: Галоўны рэдактар мясцовай газэты Al‑Rai Al‑Aam («Грамадзкая думка») Камаля аль‑Ольфі (Kamal al‑Olfi) быў асуджаны на год турэмнага зьняволеньня, аднак генэральны пракурор адмяніў рашэньне суду, заявіўшы, што турэмнае зьняволеньне будзе занадта сур’ёзным пакараньнем за перадрукоўку карыкатур.

Францыя, сакавік 2007: Парыскі суд зьняў абвінавачаньні з галоўнага рэдактара часопісу «Шарлі Эбдо» Філіпа Валя. У падтрымку выданьня выступіў сярод іншых кіраўнік МУС Францыі і тады яшчэ кандыдат у прэзыдэнты Нікаля Сарказі, які адправіў у адраз журналістаў ліст з ухваленьнем.

Ірак, ліпень, 2007: Кіраўніцтва «Аль‑Каіды» аб’явіла ўзнагароду 100 тысяч даляраў за забойства швэдзкага карыкатурыста Ларса Вілкса (Lars Vilks), які намаляваў карыкатуры на прарока Мухамэда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?