16.02.2015 / 14:50

Wargaming распачаў прыём заявак на тэст картачнай гульні

Стваральнікі адной з самых папулярных гульняў у свеце засвойваюць жанр калекцыйнай картачнай гульні ў World of Tanks Generals.

Пакуль гульня World of Tanks Generals далёкая ад завяршэння, але самыя адважныя ўжо змогуць паспрабаваць яе. Для гэтага трэба падаць заяўку на сайце гульні. Для гульні спатрэбіцца рэгістрацыя ў адзіным акаўнце Wargaming.

На сёння Generals даступная толькі з браўзера, пазней з’явяцца адмысловыя версіі для iOS і Android.

Гульня пакажа танкавыя баталіі ў выглядзе картачнай дуэлі. Карткі будуць прадстаўляць танкі, артылерыю і пяхоту СССР, Германіі і ЗША часоў Другой сусветнай вайны. На сёння ў наяўнасці 200 розных картак. Гульцы падчас тэсту будуць біцца з камп’ютарным праціўнікам (PvE), але не адзін з адным (PvP).

Удзел у тэсце бясплатны. Плануецца, што бясплатнай будзе і фінальная версія. Але магчыма, што гульцам будуць даступныя пакупкі за рэальныя грошы, як і ў іншых гульнях Wargaming.

Аляксандр Арсёнаў

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру