16.02.2015 / 18:33

Беларусы страцілі шанец паляцець жыць на Марс 9

З пяцёх беларусаў, што прайшлі другі раўнд адбору праекта Mars One, ніводзін не патрапіў у трэці.

Праект палёту на Марс у адзін канец Mars One абвясціў спіс са 100 кандыдатаў, што прайшлі чарговы раўнд адбору. Падчас другога раўнду праводзіліся анлайн-інтэрв’ю з галоўным урачом праекту доктарам Норбертам Крафтам. У папярэднім адборы былі адсеяныя кандыдаты, што відавочна не падыходзілі па фізічных параметрах ці ставіліся да праекту несур’ёзна.

З Беларусі на ўдзел у праграме пасля першага раўнду адбору прэтэндавалі Антон Яфрэмаў, Вікторыя Лазарава, Мікіта Хаткевіч, Міхаіл Румянцаў і Настасся Паньшына. Ніхто з іх не прайшоў у «паўфінальную» сотню.

Сярод удзельнікаў праекту, што прайшлі ў трэці раўнд адбору, 50 мужчын і 50 жанчын з усіх канцоў свету, у тым ліку 5 расіян, 3 палякі і 1 украінец.

З іх у трэцім раўндзе сфармуюць каманды, якія будуць правярацца ў рэалістычных сімуляцыях. Першапачаткова трэці раўнд быў запланаваны на 2014 год, але яго адклалі па неназваных прычынах. Раней прадстаўнікі праекту заяўлялі аб магчымасці тэлетрансляцый трэцяга раўнду адбору.

Кандыдаты, што не прайшлі бягучы адбор, могуць паспрабаваць свае сілы ў наступных адборах, бліжэйшы з якіх запланаваны на 2015 год.

* * *

Mars One — прыватны праект, што прадугледжвае заснаванне калоніі на Марсе, якая да 2035 года мусіць дасягнуць насельніцтва ў 44 чалавекі. Фінансаванне плануецца атрымаць ад спонсараў і паказу праекту па тэлебачанні ў форме рэаліці-шоў.

У 2018 годзе праект Mars One плануе адаслаць на Марс беспілотны даследчы апарат, у 2020-м — марсаход, у 2022-м — грузавы карабель. Старт першай каманды людзей прызначаны на красавік 2024 года, наступная каманда меркавана паляціць у 2026 годзе. Сам палёт зойме каля 210 дзён. Вяртанне першых марсіян на Зямлю не прадугледжанае.

Аляксандр Арсёнаў

0
next / Адказаць
16.02.2015 / 19:04
Рэалістычныя сымуляцыі? Не, калі не ўцякуць за мяжу, тут ім хопіць марса.
0
Buddy Guy / Адказаць
16.02.2015 / 19:07
Праграма не паляціць. На нейкім этапе скажуць "няма магчымасці, але мы выклікалі ўздым цікавасці да пытання" і г.д. Карабля нават для аблёту няма (не кажучы пра лэндэр), тэхнічны аспект не прадуманы зусім, не кажучы ўжо пра фінансавае пытанне. Такая ж фігня з Inspiration Mars.
0
ParaBellum / Адказаць
16.02.2015 / 19:39
Адным словам, ўан ўэй тыкет.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру