Пагадненне, дасягнутае ў Мінску па выніках перамоў «нармандскай чацвёркі», вельмі хісткае, выклікае шмат пытанняў і можа быць рэалізаванае толькі пры вялікім жаданні ўсіх бакоў, наяўнасць якога сумнеўная. Такую думку выказвае аўтарытэтны нямецкі штотыднёвы часопіс Der Spiegel («Люстэрка»).

Сустрэча ў Мінску стала галоўнай тэмай свежага нумару. Матэрыялы публікуюцца пад агульным загалоўкам «Беларуская ноч».

«Вынікам Мінска стала перадышка. Не больш за тое, але хаця б штосьці», — піша часопіс.

«На працягу 17 гадзін у Палацы незалежнасці на кану стаяла многае, — зазначае Der Spiegel. — На пярэднім плане былі дэмаркацыйныя лініі, мясцовыя выбары, спыненне кровапраліцця на ўсходзе Украіны. Але насамрэч абмяркоўваліся значна больш глабальныя пытанні. Размова пра Расію і Еўропу, пра тое, ці ўдасца пазбегнуць працяглай канфрантацыі з Расіяй Уладзіміра Пуціна. Размова пра палітыку ў дачыненні да агрэсара: ці можна ісці Пуціну на саступкі? Дзе кампраміс становіцца палітыкай прымірэння?»

Часопіс прыводзіць некаторыя тэхнічныя дэталі перамоў: спачатку нямецкая і французская дэлегацыі сустрэліся ў пасольстве Германіі ў Мінску, затым была зверка пазіцый з украінскім бокам і ўжо пасля гэтага пачаліся перамовы з Расіяй. Такі ж алгарытм выкарыстоўваўся і раней. «У параднай зале перамовы ідуць усю ноч, без паўз. Іншы раз нейкі ўдзельнік пачынае драмаць, паклаўшы галаву на стол. На стале шмат алкаголю, аднак Ангела Меркель да яго не дакранаецца. Танальнасць размовы спакойная, зазначаюць удзельнікі. Але потым робіцца голасна, паміж Пуціным і Парашэнкам успыхвае гарачая палеміка. Яны зноў супакойвацца. Устаюць, каб абмеркаваць спрэчны пункт сам-насам. Вяртаюцца, гавораць далей. Асабісты кантакт паміж імі добры. Уладзімір Уладзіміравіч і Пётр Аляксеевіч на «ты», — зазначае выданне.

Der Spiegel піша, што ніжэйшым пунктам перамоў стала раніца чацвярга, 12 лютага, калі прадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Хайдзі Тальявіні «села ў машыну на Вайсковым завулку, 4, каб перадаць дрэнную навіну» ўдзельнікам перамоў у Палацы незалежнасці: «Паўстанцы не хочуць падпісваць выніковы дакумент». Прычынай стаў пункт аб адводзе цяжкага ўзбраення, згодна з якім сепаратысты павінны адвесці яго фактычна да мяжы з Расіяй. Паводле інфармацыі Der Spiegel, Пуцін падняўся на трэці паверх палаца ў спецыяльна абсталяваны для яго кабінет і выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі сепаратыстаў Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім, якія прыбылі ў Мінск. Праз дзве гадзіны абодва ўхвалілі дакумент.

«Калі б перамовы ў Мінску поўнасцю праваліліся, Меркель выглядала б вельмі недарэчна, асабліва ў вачах амерыканцаў, частка якіх з усмешкай кажуць, што для вялікай палітыкі еўрапейцам патрэбны вялікі брат. Пасля Мінска для гэтага няма падстаў, прынамсі зараз. Невялікі поспех звязваецца з іменем Меркель. Зброя павінна замаўчаць», — піша Der Spiegel.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?