Маім таварышам, без якіх стойка пераносіць нягоды службы было б нашмат складаней.

Марозны лістападаўскі ранак. Сіні мікрааўтобус з соннымі пасажырамі праязджае шлагбаум абласнога ваенкамата. Ва ўнутраным дворыку не засталося вольнага месца. Выгрузка, пераклічка — усе, з дзясятак чалавек, мы паспешліва ўздымаемся ў будынак на трэці паверх, дзе праз доўгі калідор між кабінетамі дактароў туды-сюды шпарка носяцца каля дзвюх соцень маладых, большаю часткаю стрыжаных нагала хлапцоў. Скінуўшы да купы вопратку ў непрыстасаваным для такой колькасці людзей мікрапакойчыку, далучаемся да агульнай беганіны.

Медкамісія для нас, рэзервістаў, суцэльная фармальнасць. «Бачыш?» — пытаюцца у першым кабінеце. «Бачу!» — адказваю я. «Чуеш?» — «Чую!» — «Адхіленняў няма?» — «Ды няма…» — «Малайчына, такія нам патрэбныя!»

«Прайшоўшы» медкамісію, спускаемся на першы паверх у вялікую залу, дзе ў чаканні афіцэраў, якія забяруць кожнага з нас у патрэбную часць, бавім час за праглядам расійскага (вядома ж) ваеннага баевіка. Ахвотныя могуць наведаць мясцовы буфет з абуральна куслівымі цэнамі. Пазней нас выводзяць на вуліцу, пералічваюць, правяраюць, зноў садзяць у залу, — гэтак паўтараецца некалькі разоў. Афіцэры прыязджаюць па нас толькі ў другой палове дня.

…У прыцемку цягнік усё далей адвозіць нас ад знаёмых мясцін.

Урок №1. Першае ўражанне

Нарэшце мы на месцы: КПП, абшары тэрыторыі, манументальнасць планіроўкі і веліч старых збудаванняў часці, сілуэты якіх вымалёўваюцца ў асвятленні начных ліхтароў, уражваюць. На плацы ў паўцемры па-заліхвацку маршыруе ўзвод салдатаў. Яшчэ некалькі ўзводаў шыхтуюцца каля будынка сталоўкі. Ад зладжанасці байцоў і адчування нейкай неаспрэчнай моцы войска перахапіла дыханне.

«Пералічы па галовах, можаш па нагах, але пасля падзеліш на два», — не без гумару капітан аддае загад старшыні. Нас размяркоўваюць па ротах і амаль адразу ж вядуць у сталоўку стракатым нязграбным статкам, які яўна дысануе з карцінай, толькі што пабачанай.

Урок №2. Ежа

Кіслая капуста з шчаціністым шматком мяса белага мядзведзя і сумнеўным пахам. Цяпер у беларускім войску (ад знаёмых ведаю, што не толькі ў маёй часці) звычайны рацыён зусім іншы. Розніцы паміж ежай на грамадзянцы і ў войску я не знайшоў. Супы, баршчы, плоў, бульба, макарона, салаты, усялякія кашы з неад’емным мясам ці хаця б смажанай рыбай, ёгурты і сыры, булачкі і тваражкі, а таксама цыбуля і часнык для ўмацавання імунітэту — галодным бываеш толькі пасля напружаных трэніровак непасрэдна перад абедам. А ўвогуле, ежа на 5 з 5.

Пасля сталовай вядуць у казармавае размяшчэнне роты, жылая частка якога разбітая на чатыры калідоры з койкамі — гэта так званыя кубрыкі. Прасторы ў іх вобмаль. Кожнаму вызначаюць койка-месца.

Урок №3. Сон

Адбой у казарме зазвычай бывае а 10-й гадзіне, пад’ём — а 6-й. У кубрыках стаяць двух’ярусныя старыя койкі, даволі кампактныя, мякка кажучы, не пад волатаў. Спаць нязвыкла, ад таго вельмі нязручна, да таго ж скрыпучы і разгойданы ложак адхіляецца ад найменшага руху не толькі суседа знізу, але і ад рухаў двух ложкаў, што стаяць упрытык збоку і зверху ад прыгалоўя. За ноч прасынаешся ад гайданкі з дзясятак разоў. Сваю лепту ў начны камфорт уносяць і таварышы-«тыгры» — храп якіх, што праўда, перыядычна зацікаўлівае «паляўнічага» — дзяжурнага па роце з падушкай наперавес.

Зранку ў мяне спраўджваюцца змрочныя падазрэнні мінулага вечара: месца паміж суседнімі ложкамі (70 см) хапае па-добраму толькі на дваіх, пагатоў для запраўкі другога яруса патрэбна паставіць у праход яшчэ дзве табурэткі. За 8—10 хвілін у ідэале ў звычайны дзень салдату патрэбна: скінуць коўдру на дужку ложка, злётаць у прыбіральню, пачысціць зубы, забраць свае берцы з сушылкі, апрануцца ў форму №3 (цалкам адзеты з шапкаю, але без бушлата), заслаць канвертам і адбіць (ёсць толькі дзве дзеравяшкі-плашкі на кубрык) ложак і пашыхтавацца паўзводна для паверкі і адпраўкі на ранішнюю фіззарадку. Нам пашчасціла: з прычыны неадпаведнай статуту малой прасторы на чалавека, а таксама наяўнасці ўсяго сямі ўмывальнікаў і толькі чатырох кабінак тыпу сарцір (і пары пісуараў), мы маем 15 хвілін на ўсё пра ўсё. Прызначаныя дзяжурныя пасля паверкі бягуць хутка падмятаць і мыць у кубрыку падлогу. Пасля агульнага сняданку ім таксама неабходна зраўняць усе ложкі па адной лініі і пасля — трыумф педантычнасці і маразму — зраўняць па працягнутай праз кубар нітцы ў адну лінію яшчэ і намаляваную трэцюю паласу коўдраў на двух ярусах усіх коек.

Урок №4. «У войску ўсё павінна быць звыродліва і аднастайна»

Гэта не пажаданне — гэта неадпрэчны закон, які спачатку выклікае ў непадрыхтаванага чалавека шквал пратэстных эмоцый. Падшыва прышываецца на 12 сцяжкоў зверху, 2 з бакоў і 6 снізу — толькі так, бо адарвуць; койкі запраўлены аднолькава; падушкі квадратна адбітыя, табурэткі развернуты фронтам у адзін бок; на патыліцы абавязкова прамая лінія валасоў, г.зв. «канцік» (каб усе выглядалі аднолькава жахліва), нашэнне рэменя; завязка вузялка на шапцы; манера прышывання бірак на адзенне (месца, вугал, сцяжок ніткі, адсутнасць памятасці); рассадка на табурэтках (напрыклад, побач могуць сядзець толькі салдаты ў кіцелі або толькі ў бялузе)… Рэгламентуецца абсалютна ўсё! За парушэнне «аднастайнасці» — люты вэрхал ад сяржантаў ці больш суровае пакаранне ад афіцэраў.

Урок №5 Мова зносін між вайскоўцамі

Агідны брудны расійскі мат з трасяначным акцэнтам спачатку выводзіць з сябе homo нязвыклага. Мат, мова люмпенаў — здаецца, гэта адзіны сродак зносін у сучаснай беларускай арміі. Абмацюкаць перад шыхтам маёру лейтэнанта або прапаршчыку сяржанта рэч тут настолькі звыклая, што і на абразы ў свой адрас хутка выпрацоўваецца сапраўдны беларускі пафігістычны імунітэт. Маладыя лейтэнанцікі, спадчынныя ваенныя, пасля ўніверсітэтаў таксама (часта ўжываючы мат нязграбна і недарэчна) намагаюцца падладзіцца пад армейскія звычаі. Зрэшты, і сам, як ні намагаешся, праз пару дзён пачынаеш кантактаваць пры дапамозе табуяванай лексікі.

Першы паўнавартасны дзень у арміі. Узвод стаіць на ўскрайку часці ля рэчавых складоў. Пранізлівы халодны вецер, нізкае шэрае неба, бетонны клятчасты плот з бітым шклом і калючым дротам, праз які адкрываецца непрывабны далягляд з рэдкім мёртвым пералескам, наяўнасць вышкі з салдатам наводзяць неадназначныя асацыяцыі. Прапаршчык дазваляе развесці невялічкае вогнішча з падножнага бруду, ад якога болей дыму, чым цяпла. Чарга па абмундзіраванне рухаецца неймаверна марудна, прытым што прымяраць даюць толькі штаны і берцы, астатняе прапар дае на вока.

 Пад вечар, намерзшыся, у размяшчэнні пачынаецца сапраўдная мітусня, звязаная са здачай цывільнага адзення, атрыманнем сподняга (зімні двайны камплект кальсонаў і кашуль-бялуг) і падгонкай атрыманага днём абмундзіравання.

Урок №6. Абутак і абмундзіраванне

Самае важнае, што можна зрабіць, каб пазбегнуць дадатковых праблем, звязаных з самаадчуваннем, — правільна падабраць сабе берцы. Узяць трохі большыя нават лепш. Дубовыя пяткі новага абутку ўпарта і бязлітасна адбіваюцца малатком. 30—40% ўсіх байцоў маёй роты за час збораў пастаянна пакутавала на крывавыя мазалі на пятках і пальцах ног. Шчыра кажучы, армейскія берцы даволі пасрэдныя: дэмісезонныя (адны на лета і на зіму), дубова жорсткія, з неадпаведнай памерам маркіроўкай.

Зімовы камплект вопраткі салдата складаецца з берцаў, штаноў, кіцеля, вушанкі і бушлата. Усё, акрамя штаноў, даволі нязручна-няспрытнае. У вушанцы, парадокс, заўсёды мерзнуць патыліца і вушы. Самавольна апусціць вушы салдату нельга: яны прыспускаюцца (глупства замацавана статутам) пры —15о, поўнасцю адкладваюцца пры —25о. Шапку лепш узяць як мага большую: будзе цяплей. Мацерныя словы ў адрас армейскіх куцюр’е выклікае адсутнасць шаліка, які, аднак, ёсць у афіцэраў, хоць тыя і меней марозяцца. Праз адкрытае горла мы, радавыя, сутулім плечы, што робіць нас падобнымі да вераб’ёў. Пад канец збораў горла было хворае абсалютна ва ўсіх, 99% байцоў паехалі дадому з кашлем і ўсякімі бранхітамі/гаймарытамі. Зімовая форма — тры з мінусам.

 «Калі нам ужо адкрыюць ваенную таямніцу?» — з гумарам абураюцца таварышы на чацвёрты дзень знаходжання ў часці. З новага: звыкаем да жорсткай субардынацыі (чытай, бездапаможнасці), вонкавае праяўленне якой заключаецца збольшага ў татальным свінстве старэйшых па званні і безупыннай дэманстрацыі свайго прывілеяванага становішча перад падначаленымі. Вельмі цешыла адно — класічнай дзедаўшчыны з рукапрыкладствам у часці не было (як амаль і паўсюль у сучаснай арміі з развіццём сродкаў запісу інфармацыі), але зацюкаць чалавека можна, і не вымаючы рук з кішэняў.

Урок №7. Іерархія

Асноўная маса рэзервістаў — 23—26-гадовага ўзросту, мы старэйшыя не толькі за некаторых маладых лейтэнантаў, але і абсалютна за ўсё наша непасрэднае кіраўніцтва — 19—20-гадовых сяржантаў-тэрміноўцаў. Найлепшымі сяржантамі, на мой погляд, з’яўляюцца тыя, хто ўмее выконваць свае абавязкі без асабістых эмоцый. Такія хлопцы, безумоўна, змаглі заваяваць агульную павагу, стаўшы для нас сапраўдным узорам. На жаль, гэта не тычыцца тых сяржантаў, хто выкарыстоўваў палажэнне, каб звесці рахункі і пацешыць сваю нікчэмнасць, займаючыся знявагамі: «Нас ганялі, дык і вам камфортнага жыцця не будзе, зусім расслабіліся «духі», «Жыць тут вы будзеце па паняццях, паводле статута вас будуць толькі мець». Карціна дапаўнялася эпізодамі дробных крадзяжоў з тумбачак рэзервоўцаў вядома кім. Пад канец збораў напружанасць і нервовасць ледзь не прывяла да бойкі між сяржантам і рэзервістам (што па армейскіх законах магло скончыцца вельмі сур’ёзна). Не дзіва, што між сабой рэзервісты далі сяржантам пагардлівыя мянушкі: «пастухі», «срачнікІ», «шпана» або, да найбольш задзірыстых, «петушкі».

Патрохі набліжаюцца першыя выходныя. Тыповы распарадак дня пасля пад’ёму і сняданку: развод, заняткі «страявой» 3—4 гадзіны на плацы, ваенная тэорыя ў клубе, абед, фізкультурныя заняткі на поўны страўнік (звычайна бег на 1,5—2 км), агідная палітпадрыхтоўка ў клубе, зноў ваенная тэорыя ці практычныя заняткі па тактыцы, вячэра, вольны час (1 гадзіна), прагляд беларускіх ці, чамусьці, расійскіх навін, адбой… Час у арміі цягнецца вельмі марудна. Калі прачнешся а шостай гадзіне, а трэцяй дня біялагічны гадзіннік адчайна сігналізуе аб наступленні вечара. У многіх праяўляюцца лёгкія формы параноі: мне, як і многім, здаецца, што жыву ў клятай казарме ўжо не першы тыдзень, пазней, у нядзелю, пасля наведвання, пэўныя таварышы нават адзначаюць, як пастарэлі іхнія бацькі!

Урок №8. Палітінфармаванне

Клуб, сотні галоў павернуты ў бок вялікага экрана, дзе транслююцца кадры тэлебачання тэрарыстаў «ЛНР» — бадзёрым голасам вырадак з каскай «Прэса» паведамляе пра «апошнія хвіліны жыцця украў», вядзе агонь батарэя «градаў»… Манатонны закадравы голас пачынае аповед пра крывадушны Захад, зламысна арганізаваныя ім пункты нестабільнасці, каляровыя рэвалюцыі, фашысцкія рухі ля нашага парога. На фоне карцінкі з нацыянальнымі беларускімі і ўкраінскімі сцягамі гон накіроўваецца на мясцовых адмарозкаў, «пятую калону», якую рыхтуюць бандэра-нацысты на базах недружалюбнай сёння Украіны…

Замбаванне ідзе поўным ходам, ліюцца памыі і ахінея, мігцяць карцінкі, паказваюцца кадры з Майдану, манатонны голас працягвае грузіць міксам спаражненняў БТ (частка пра апазіцыю) і тэлеканалаў «Россия/НТВ» (усё астатняе). У зале чуецца задаволены гул, большасць такая трактоўка падзей цалкам задавальняе, найбольш уражлівыя ўхвальна матляюць галовамі. Слова бярэ зампаліт, яшчэ раз нагадвае, што «НАТА не спіць, рыхтуюцца правакацыі, хутчэй за ўсё, яны будуць у раёне Гродна ці Брэста, нашай з вамі задачай у выпадку буйнамаштабнай вайны будзе ўтрыманне пазіцый да прыходу саюзнай арміі Расіі, прыдаткам якой, па сутнасці (ну вы самі разумееце), мы з’яўляемся».

Пасля працяглага афіцыёзу прапануецца задаць пытанні з залы, але тут здараецца «асечка»:

— Ці нясе салдат адказнасць за выкананне загаду, які, як аказалася пасля, быў злачынным? — першае пытанне і адразу ж у лоб.

— Калі загад падначаленаму быў аддадзены вусна (а як інакш у арміі аддаюцца загады?), то вы, верагодна, нічога не дакажаце і будзеце несці поўную адказнасць, — быццам і жартуе, з усмешкай нечакана адкрыта адказвае зампаліт.

— Мы прысягаем на абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, але ж і ўкраінцы таксама прысягалі, а іх цяпер усё за гэта «цкуюць», як жа так? — пытанне з іншага канца залы.

«Так, абсалютна слушна, але вы ж разумееце… (працяглая замінка, зампаліт падбірае словы, нарэшце яго азарае)… Нават тэкст прысягі можна сказіць для ўласнай прапаганды, бачыце, як гэтыя під*расы хахлы ўсё перавярнулі з ног на галаву!» — абураецца прамоўца.

 Пачаўся лёгкі раздражнёны гул, відавочна, адказы зампаліта на гэтыя два пытанні спарадзілі ў кагосьці міні-разрыў шаблона і прымусілі задумацца.

Гэты толькі адзін з уводных заняткаў па палітпадрыхтоўцы, на астатніх было прыкладна тое ж самае, а яшчэ агіткі пра моц расійскай зброі, гераічная гісторыя беларускага войска ў складзе арміі СССР, адрозненне патрыятызму ад шкоднага нацыяналізму, сапраўдныя беларускія патрыёты, якімі мы ўсе ганарымся на прыкладзе міфалагізаванага Дзеда Талаша і Кірыла Арлоўскага).

Наступіла субота, у арміі гэта «парка-гаспадарчы дзень», мы будзем драіць падлогі ў казарме, мяняць ісподняе і, нарэшце, памыемся, а гэта значыць, што прынамсі сёння ўвечары можна будзе засынаць не пасярод невыноснага шмону потных смуродных нямытых мужчынскіх целаў (трохразовае «ўра»!).

Да абеду нас, каму патрабуецца (і каму не) паспяваюць пагаліць электрамашынкай з неверагодна тупымі нажамі. Форменны садызм і, безумоўна, мой самы горшы досвед стрыжкі.

Урок №9. Лазня

Хоць і збіраліся ў неймавернай спешцы, каля лазні стаім хвілін 40, мароз паспявае закруціць вушы ў трубачкі. Нарэшце ўзвод зайшоў, у вялікім пакоі трэба поўнасцю агаліцца і скінуць сподняе ў азначаныя купкі, каб трапіць на 10 хвілін у вялізны калідор з душавымі. На нас, цалкам голых, ацэньліва глядзіць мілавідная жанчына-доктар. «Во праца ў бабы!» — рагоча хтосьці побач. Памыўшыся, бяру ўдзел у штотыднёвай латарэі пад назваю: «Давайце мяняцца, у каго бялізна не па памеры!?». У кагосьці «калікі» трашчаць па швах, мне ж на гэты раз дастаюцца вялізныя, а на гэтым самым месцы — жоўта-карычневая пляма…

Пасля лазні зноў стаім, яшчэ даўжэй за мінулы раз, каля гадзіны. На маёй мачалцы вырастае сямісантыметровы лядзяш. Прапаршчык дае каманду нашаму ўзводу рухацца ў парк разгружаць торф. Ідзём адразу пасля лазні наноў вымазацца і прапацець…

 Увечары ў мяне пачынаюцца праблемы з каардынацыяй, а кацялок пачынае горш варыць — тэмпература. Вірус, які ходзіць па казарме з першых дзён і ўжо паклаў у санчастку некалькі таварышаў, прабіў мой саслабелы імунітэт. Дастаўшы пару нелегальных аспірынак у знаёмца (у санчасці далі б тое самае), вырашаю, што сон і заўтрашні выходны адновіць мае сілы. Не памыляюся…

Другі тыдзень — дакладная копія першага, акрамя пятніцы, дня першых стрэльбаў.

Урок №10. Стрэльбы

Ля збраёўні гуртуецца вялікі натоўп аднолькавых камуфляваных хітрастрыжаных людзей з канцікамі на патыліцах, атрымліваем АК-74, падсумак, пару магазінаў і ідзём таўпіцца ля капцёркі па валёнкі і ўцепленыя штаны. Настрой ва ўсіх сёння ўзняты. Пара МАЗаў давозяць нас да палігона. Доўга чакаем, закасцянелымі пальцамі адпрацоўваем на марозе прыёмы па разборцы-зборцы аўтамата. Малады маёр дае нам настаўленні па тэхніцы бяспекі пры стральбе: «Значыцца так, яўрэі, зброю ні на каго не наводзіць, тым больш зараджаную, тым больш у мой бок! Затвор не суправаджаем, заклініць патрон — адарве вушы. Калі трапілі ў мішэнь, не трэба адразу ж рабіць на прыкладзе засечкі».

Нарэшце пачынаецца, шыхтуемся пяцёркамі. «Напагатоў!», «Да бою!» — панеслася! Пятляючы, як мангольскі джэйран, дабягаю і плюхаюся на агнявы рубеж. Магазін (з 9 патронамі), засцерагач, перасмыкаю, цэлюся, засцерагач. «Да стральбы гатовы!», на адлегласці 100 метраў уздымаецца першая мішэнь. «Адзіночнымі, агонь!» Засцерагач, цэлюся — бах! (гучней, чым можна было уявіць) — куля з трасерам утварае прыгожы слупок пылу і снегу побач з мішэнню і адлятае рыкашэтам ад мерзлай зямлі дыяганаллю ўгору яшчэ метраў на 100, ого! Бах! Другая куля завальвае мішэнь. Пераключаюся на аўтаматычны агонь, за 300 метраў паўстае зусім ужо маленькі сілуэт пехацінца. Брбрбах! Траса міма. «Вышэй!» — карэктуе стральбу афіцэр. Брбрбах! Трапіў! Ура! «Рэшту ў паветра!» — два-тры патроны выстрэльваюцца, на вялікі жаль, упустую. «Стральбу скончыў!» — «Да агляду!» Здымаю магазін, кладу, каб было бачна, што ён пусты, адводжу затвор, патронаў ў ім няма. «Агледжана!» Збіраю гільзы ў рукавіцу і задаволены скачу прэч, каб прайсці другасны агляд аўтамата і здаць свае гільзы. Гэты дзень варта запомніць.

Пасля вясёлай часткі, па прыездзе ў казарму, пачынаецца самае нецікавае — чыстка. Усе дэталі зброі пакрыты слоем парахавога нагару (ён большы, калі страляеш халастымі), раз’ядае метал, калі яго не адчышчаць. Пры дэфіцыце масла і пеналаў з інструментам спатрэбілася шмат выкарыстанай падшывы і некалькі гадзін часу, каб сяржанты нарэшце засталіся задаволенымі якасцю нашай чысткі. Яркі ўспамін таго вечара — вельмі баляць пальцы.

Урок №11 Прысяга

13 снежня — адзіны дзень прысягі ў краіне. На вялізным плацы са зладжанасцю, якой я так захапляўся, калі толькі прыбыў, стаім усе мы — новае папаўненне беларускага войска. Справа за малым, фармальнасць, прачытаць тэкст прысягі перад шыхтам на вачах блізкіх і знаёмых. Не ведаю чаму, вельмі расхваляваўся, знешне гэта праяўляецца ў адсутнасці ўсякіх эмоцый на маім засяроджаным твары і пэўнай скаванасці рухаў, якая, бадай, якраз арганічна ўпісваецца ў агульную карціну. Мая чарга: выцягваючы насок, адбіваю крокі, падышоўшы да стала, адкрываю тэкст:

«Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся быць адданым свайму народу…»

Скончыў, усміхаюся, прымаю віншаванне, падпісваюся, руку на цаўё аўтамата: «Служу Рэспубліцы Беларусь!» І ў шыхт. Вось і ўсё.

«Трымаюць раўненне і крочаць калоны,
Душою адчую з’яднаны атрад.
Павер, не забуду герояў імёны
І што бараню я святло родных хат».

«Бо я беларускага войска салдат!» — успамінаю ўрывак з песні Сяргея Макея, якую, як ні дзіўна, тут заўсёды спявае адно з аддзяленняў аўтароты (для сябе ахрысціў іх аддзяленнем нацыяналістаў; а ўвогуле, выбар шыхтавай песні залежыць выключна ад густу сяржантаў). Апроч мяне з узвода (30 салдат) прынялі прысягу па-беларуску яшчэ чалавек 5—6, гэта не многа, але ў прыватных гутарках высветлілася: большасць абралі расійскі тэкст толькі таму, што пасаромеліся зрабіць «не як усе». На жаль, былі такія, хто абраў расійскі варыянт прынцыпова, бо «на беларускай размаўляюць толькі свядомыя і адмарозкі»… Урачыстым маршам праходзім каля трыбуны з высокім кіраўніцтвам, за трыбунай тысячны натоўп з сем’яў навабранцаў. Ідзём у размяшчэнне здаваць зброю і атрымліваць «звальняшкі» ў горад, звонку вокны казармы шчыльна абляпілі цывільныя, якія назіраюць за нашымі прыгатаваннямі ўнутры: «Мы што ім, рыбкі акварыумныя?!» — агучвае агульную думку адзін з лейтэнантаў.

Урок №12, апошні. Армейскі гумар

Цяжкасці і, мякка кажучы, абсурд натуральным чынам спараджаюць ў войску дзве скрайнасці: дзікі мат і часта такі ж дзікі гумар. Пасля толькі аднаго месяца ў войску я пераканы, што ўсе армейскія анекдоты заснаваны на рэальных гісторыях. Сітуацыя, сведкам якой быў.

Ранак, дзяжурныя ў суседніх кубрыках працяглы час намагаюцца выраўнаць койкі ў адну лінію, кожны ў сваім кубары. Усё б добра, але два растапыраныя ложкі з суседніх кубараў, што стаяць недзе ў цэнтры прыгалоўямі адзін да аднаго, перашкаджаюць абедзвюм групам дзяжурных закончыць раўняць свой кубар. Калі зрабіць роўную лінію ў першым кубрыку — ложак з першага выпхне ложак ў другім кубрыку, зламаўшы раўненне ў ім, і наадварот. Скеміўшы, у чым рэч, дзяжурныя па кубрыках не прыдумваюць нічога лепшага, чым, упёршыся двума бандамі ў абедзве койкі з розных бакоў, пачаць штосілы пхаць ложкі у супрацьлеглы ад сябе бок у кубрык суседа, што спараджае ў нас, пабочных назіральнікаў, дружны рогат.

— І гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, — заўважае адзін з сяржантаў.

— Ну! Не каб рычаг прымяніць! — справядліва адзначае рэзервіст-інжынер, які праходзіць міма.

Эпілог

Круглае тут носяць, а квадратнае прымусяць каціць, камфорту тут амаль няма, што фізічнага, што псіхілагічнага, парадкі амаль турэмныя, нічым гуманным тут не авалодаеш, а розуму не набярэшся — гэта і ёсць жыццё ў спартанскіх умовах. Магчыма, так трэба, каб хутчэй пазбыцца рамантычных ілюзій і зразумець сапраўдныя функцыі, якія выконвае армія. Яна не для парадаў і ўрачыстасцяў. Ці баяздольнае наша войска? На грамадзянцы чуў пра адны стрэльбы за ўвесь тэрмін і іншыя байкі — гэта не так, прынамсі ў нас усё было належным чынам, стрэльбы былі некалькі разоў (за 1 месяц), на тактычных занятках як трэба поўзалі на пузе па калюжах і гразі, да аўтамата паспяваеш звыкнуць, практыкаванні ужо робіш спрытна, не губляючы часу на асэнсаванне загаду — шчыра кажучы, думаў, што будзе менш сур’ёзна. Пры належнай каардынацыі наша армія — гэта моц, здольная агрызацца і аказаць годны супраціў любому непрыяцелю. Адзіны сур’ёзны пралік і засмучэнне — ідэалагічная падрыхтоўка, якая насамрэч заахвочвае русафільскія настроі нават у шкоду афіцыйнай уладнай пазіцыі. Гэта і прагляд расійскіх навін, і ўсхваленне зампалітам асобы Пуціна (пры тым крытыкуючы Лукашэнку, свайго галоўнакамандуючага)…

 Марозны снежаньскі вечар, КПП, стракаты шыхт (ужо не статак) рэзервістаў, якія днём пераапрануліся ў цывільнае, чакае дазволу старшага лейтэнанта пакінуць тэрыторыю часці.

— Давайце хлопцы, збор прайшоў як трэба, беражыце сябе, такія абаронцы нам патрэбныя. Чакаем вас летам!

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?