18.02.2015 / 20:57

У Беларусі фальшывы святар збірае ахвяраванні і раздае аўтографы на Евангеллі 26

У Беларусі здарылася другое прышэсце Георгія Крата — качагара, які, прадстаўляючыся святаром з Абхазіі, збірае ахвяраванні і праводзіць рэлігійныя рытуалы. Яго новай ахвярай стаў таксіст з Бабруйска, якому Крот не заплаціў за некалькі гадзін паездкі, затое падарыў Евангелле і свае фатаграфіі. Беларуская праваслаўная царква просіць вернікаў сцерагчыся і паведамляць у міліцыю.

Крот вярнуўся

Юрый, або Георгій, Крот — трыццацігадовы ураджэнец Глуска з цягай да прыгод і пераўвасабленняў. У 2012 годзе ён ужо паспеў праславіцца як ілжэсвятар, калі яго, называўшага сябе духоўнай асобай з Абхазіі, выкрылі. Следчыя органы паверылі ў яго раскаянне — і махлярства сышло яму з рук.

У пачатку 2015 года Крот узяўся за старое. Ён падарожнічае па Бабруйску і яго наваколлях, збіраючы ахвяраванні нібыта на патрэбы царквы і праводзячы прыватныя набажэнствы за ўзнагароджанне.

Тыя, хто меў зносіны з ім, дзівяцца: ён настолькі пераканаўчы, што нават думкі не ўзнікае, што ён можа быць несапраўдным. Георгій Крот апрануты ў адзенне святара, у прамовах аперуе рэлігійнай лексікай, спасылаецца на знаёмства з мясцовымі слугамі царквы, ды і рытуалы ён праводзіць з пэўнай доляй прафесіяналізму. Увогуле, як махляр ён вельмі спрытны.

Таксісту дасталася толькі фота на памяць

Два тыдні таму ў Бабруйскую епархію звярнуўся мясцовы жыхар, які распавёў пра дзіўны выпадак. Паслугамі таксіста скарыстаўся малады чалавек у адзенні святара. Ён прадставіўся кіроўцу слугою царквы і папрасіў павазіць яго па горадзе для збору ахвяраванняў. Некалькі гадзін таксіст і пасажыр правялі разам, накаталі немалую суму. «Святар» падарыў кіроўцу Евангелле са сваім аўтографам і асабістыя фатаграфіі. Падчас аднаго з прыпынкаў пасажыр так і не вярнуўся і, адпаведна, не заплаціў.

Таксіст паказаў у Бабруйскай епархіі фота і падоранае падманшчыкам Евангелле. Па аўтографе царкоўнікі зразумелі — Крот вярнуўся. Справай заняўся айцец Сергій Каровінскі, які распавёў дэталі гісторыі.

«Два гады таму Георгій Крот з'явіўся у епархіі і прадставіўся як святар Грузінскай царквы. Ён распавёў, што займаецца з нашымі прыхаджанамі, штосьці ім прапаведуе. Ён здаўся мне дзіўным. Але выглядаў ён і, самае галоўнае, казаў вельмі пераканаўча, нават я пачаў трошкі сумнявацца ў сваіх першапачатковых высновах пра гэтага святара. Таму мы зрабілі афіцыйны запыт у Грузінскі патрыярхат: а раптам мы не маем рацыі. І нам адказалі, што такога святара ў Грузіі няма», — успамінае айцец Сергій.

На працягу 2012 года, будучы свецкім, Юрый Крот здзяйсняў прыватныя набажэнствы, хоць не меў на гэта права. Як паведамляюць царкоўнікі, калі камусьці трэба было адпець нябожчыка, пахрысціць дзіця, машыну асвяціць — ён рабіў гэта за ўзнагароджанне. Вядома, што Юрый Крот падманваў вернікаў і збіраў грошы на нібы царкоўныя патрэбы. Некаторыя, акрамя грошай, ахвяравалі яму каштоўныя рэчы і камп'ютарную тэхніку.

У канцы 2012 года здарылася рабаванне аднаго з храмаў Бабруйскай епархіі. Георгій Крот таксама праходзіў па гэтай справе. Следства паказала, што Юрый Крот не быў замешаны ў рабаванні, але затое высветлілася, што ніякі ён не святар. Пасведчанне, якім Крот пацвярджаў сваю датычнасць да царквы, ён купіў у Маскве. Дарэчы, у фальшыўцы пададзеная памылковая афіцыйная назва Грузінскай праваслаўнай царквы.

 

Падчас следства Юрый Крот напісаў пакаянную распіску, дзе прызнаваўся, што з'яўляецца ілжэсвятаром.

Як распавядае айцец Сергій, рэакцыя раскаяння Юрыя была вельмі шчырая. Крот абяцаў, што больш не будзе гэтым займацца і ўладкуецца на працу. Але, мабыць, сарваўся.

Беларуская праваслаўная царква папярэджвае: «На тэрыторыі Магілёўскай вобласці Рэспублікі Беларусь рэгулярна заяўляе пра сябе Георгій Крот (ён жа Аляксандр Уладзіміравіч Сакалоў, ён жа Георгій Сакалоў), які прадстаўляецца «святаром», «іераманахам», «архімандрытам», але які не мае іярэйскага пасвячэння. Дадзеная акалічнасць дазваляе класіфікаваць дзейнасць гэтага чалавека як рэлігійнае махлярства… У выпадку з'яўлення дадатковых звестак аб ашуканскай дзейнасці Г. Крата рэкамендуем звяртацца з пісьмовай заявай у бліжэйшае аддзяленне міліцыі».

Унікальны ў сваім родзе

Па прызнанні вядучага расколазнаўцы Беларускай праваслаўнай царквы Аляксандра Слесарава, Георгій Крот — унікальны ў сваім родзе махляр. У Беларусі бываюць выпадкі падобнага рэлігійнага махлярства, але яны больш сціплыя, чым у Крата.

«У Беларусі гэта адзінкавыя выпадкі, у Расіі, натуральна, больш. У нас паслядоўнікаў царкоўных расколаў фактычна няма. Раскол — гэта падмена царквы, гэта некананічная царква. Там, дзе існуе блытаніна і некананічная царква, з'яўляецца спрыяльная глеба для ўзнікнення рознага роду ашуканцаў. Часам у Беларусі з'яўляюцца іншыя ашуканцы, але іх дзейнасць больш сціплая, чым у Георгія Крата. Такія выпадкі кантралююцца і спыняюцца», — распавёў Аляксандр Слесараў.

Але чалавеку з вуліцы цяжка так спрытна прыкідвацца святаром. Якім чынам Крату ўдаецца пераконваць вернікаў у сваім прафесіяналізме, патлумачыў айцец Сергій Каровінскі.

«Як яму ўдаецца праводзіць рэлігійныя рытуалы настолькі праўдападобна? Ён першапачаткова быў служкам пры адным манастыры ва Украіне. Ён бачыў, як робяцца рытуалы і служэнне — і навучыўся. Ён збірае розныя плёткі і асабістую інфармацыю аб мясцовых святарах і, распавядаючы яе, уваходзіць у давер да парафіянаў», — распавёў айцец Сергій.

Акрамя падману і пазбаўлення матэрыяльных каштоўнасцяў, Георгій Крот шкодзіць вернікам з рэлігійнага пункту гледжання, тлумачыць Аляксандр Слесараў.

«Святадзействы, якія здзяйсняе гэты чалавек, у праваслаўі не з'яўляюцца сапраўднымі. У сапраўдным святадзействе, кажучы свецкай мовай, адбываюцца зносіны з Богам, кантакт з вечнасцю. Свецкі чалавек не можа забяспечыць гэты сакрамэнт. Калі свецкі чалавек пачынае браць на сябе функцыі святара, то гэта найцяжэйшы грэх. Такія набажэнствы лічацца блюзнерствам, а ўдзельнікі абраду, не атрымліваючы духоўнай карысці, да таго ж з'яўляюцца саўдзельнікамі блюзнерства, якое строга асуджаецца царквой», — тлумачыць Аляксандр Слесараў.

Царкоўныя служкі вельмі спадзяюцца, што Георгія Крата дагоніць не толькі гнеў Божы, але і правасуддзе. Калі будуць заявы пацярпелых, то махляра можна будзе прыцягнуць да адказнасці.

0
Спадар / Адказаць
18.02.2015 / 21:01
На першым фота на Мікіту Недаверкава падобны !))
0
Pw / Адказаць
18.02.2015 / 21:06
А чем священник махляр отличается от священника не махляра? Какой критерий? Вдруг Крот - на самом деле священник, а все остальные - нет? Чем измеряется профессионализм и истинность священника?
0
РУХ / Адказаць
18.02.2015 / 21:09
Зробім з яго новага Грышку)
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру