Еўрарадыё даведалася, што размяркоўваць выпускнікоў сёлета будуць па новым прынцыпе: лепшыя едуць у раёны. Тыя, хто вучыўся слаба, маюць шанец застацца ў Мінску. Нават калі вы маеце іменную заяўку, што вас хочуць узяць на працу ў Мінск, яна можа не спрацаваць.

У першую чаргу заўсёды размяркоўваюць тых, хто лепш вучыўся. Яны маюць права выбару будучага месца працы. Але сёлета яны змогуць выбіраць толькі з заявак, якія прыйшлі ва універсітэт з раёнаў.

У новым палажэнні аб размеркаванні прапісана, што выпускнікоў размяркоўваюць па заяўках арганізацый, якія прыйшлі на факультэты, і толькі потым па заяўках на канкрэтных выпускнікоў. Заяўкі на факультэты дасылаюць арганізацыі, якім патрэбныя спецыялісты і якія не могуць іх знайсці. Гэта ў асноўным арганізацыі з вельмі малымі заробкамі, у глыбінцы, у Чарнобыльскай зоне.

Калі першымі размяркоўваюць выдатнікаў, то менавіта яны трапляюць на гэтыя нявыгадныя заяўкі.

Сходы па размеркаванні ў многіх ВНУ ўжо адбыліся. Выпускнікі журфака БДУ распавялі Еўрарадыё тое, пра што там даведаліся.

«Нам кажуць, што першымі ідуць тыя, у каго самы высокі бал. Гэта, можа, пятнаццаць чалавек з курса. У іх будзе права выбару з прапанаваных месцаў. Атрымліваецца, першыя людзі, тыя, хто з самым высокім балам, яны едуць на вобласць, на раён, але ніяк не застаюцца ў Мінску і там, дзе яны хочуць і дзе іх чакаюць. А той, хто ідзе апошнім, мае найбольшы шанец застацца там, дзе ён хоча і адкуль у яго заяўка. Мы пасмяяліся і зразумелі, што трэба было вучыцца вельмі дрэнна, каб застацца там, дзе ты хочаш. З залы спыталі: а як тым, на каго ёсць заяўкі канкрэтна на гэтага чалавека? І адказалі, што такія заяўкі не будуць разглядацца да таго часу, пакуль не «закрыюцца» ўсе заяўкі, якія з раёнаў і абласцей».

Колькі будзе заявак на маладых спецыялістаў, пакуль ніхто не ведае. Але бывае так, што заявак прыходзіць больш, чым выпускнікоў. Плюс тыя заяўкі, якія не «закрыліся» ў мінулым годзе, зноў дзейнічаюць у гэтым.

Але па ўсім відаць, што вылічэнне колькасці заявак і сваёй чаргі не дапаможа выдатнікам, а дапаможа, наадварот, тым, у каго малы бал.

«Я помню дакладную фармулёўку, як сказалі: палітыка міністра адукацыі такая: лепшыя едуць на раён. То бок, ты з дзесяткамі — лепшы — і едзеш на раён».

У аддзеле кадраў Міністэрства інфармацыі нам пацвердзілі, што палітыка такая.

‑ Атрымліваецца, што тых, у каго высокі самы бал, будуць размяркоўваць па заяўках, якія прыйшлі ва універсітэт? Пакуль іх не «пакрыюць», на ўласныя глядзець не будуць?

‑ Так. Пакуль іх не пакрыюць.

‑ Усе, хто добра вучыўся, паедуць у раён?

‑ Так. І будзеце падымаць там на высокі ўзровень раённыя газеты.

‑ І які тады стымул добра вучыцца?

‑ Ну, не мы ж выдавалі гэты ўказ. Вы яго самі цудоўна пачыталі і ведаеце.

‑ Але гэта дакладна так атрымліваецца?

‑ Ну, не, заяўкі вы можаце прыносіць, калі вы знайшлі сабе месца… Пішыце, пішыце на міністэрства, пішыце сабе на універсітэт, пішыце. А час пакажа.

‑ Нам тлумачылі так: палітыка такая, каб тыя, хто добра вучыцца, ехалі ў раёны. Гэта так?

‑ Ну, так.

Напэўна, выключэнні будуць, і некаторыя выдатнікі застануцца ў сталіцы. Але, калі слухаць кіраўніцтва факультэтаў, будуць і адваротныя выключэнні: напрыклад, каб «закрыць» заяўку, студэнта могуць накіраваць працаваць не па спецыялізацыі.

Выпускнікам журфака БДУ патлумачылі, што пры размеркаванні грае ролю спецыяльнасць, але не спецыялізацыя. То бок студэнта, якога рыхтавалі для радыё ці тэлебачання, могуць размеркаваць у раённую газету, бо яго спецыяльнасць — гэта журналістыка. І тое, што ён за ўсе пяць гадоў ні разу не праходзіў практыку ў газеце, не істотна.

«Першая чарга — гэта «закрыць» месцы. І калі яны будуць заставацца, то незалежна ад таго, дзе ты праходзіў практыку, якая ў цябе спецыялізацыя, цябе накіруюць па тых заяўках».

Кацярына Буланава, Эўрарадыё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0