22.02.2015 / 23:39

Беларусы паміж замежнымі цэнтрамі сілы: пакуль што аб'ект, а не суб'ект 2

Мы, беларусы, павінны пільнаваць свае інтарэсы ў стасунках з замежнымі хаўрусьнікамі

Паўдзельнічаў у «Праскім акцэнце» на Радыё Свабода наконт узаемадзейнічаньня беларусаў з вонкавымі сіламі. Па «папярэднюю сэрыю» адсылаю да свайго ранейшага допісу на Радыё Свабода. Калі коратка:

беларусы ўсё апошняе стагодзьдзе былі вымушаныя карыстацца дапамогай вонкавых сілаў дзеля абароны сваіх інтарэсаў

- звычайна, дзеля таго, каб супрацьстаяць іншым, больш варожым, вонкавым сілам. Гэта само па сабе натуральна, але праблема ў тым, што цяпер

беларусы ў гэтым раскладзе адсутнічаюць як адзіны скаардынаваны цэнтар сілы.

Што мае больш мінусаў, чым плюсаў.

Выкарыстаньне беларусамі замежнай дапамогі дзеля дасягненьня беларускіх мэтаў - гэта, канечне, вельмі тонкая тэма. Калі ставіцца да яе павярхоўна, чалавеку так і будзе хацецца сказаць:

1) «Уся гэтая апазыцыя - прадажная пятая калёна» або «Вы ўсіх называеце прадажнымі, хаця людзі шчыра робяць працу дзеля Беларусі»

Не: рэч у тым, што трапленьне пад уплыў можа мець розную ступень - ад проста прыняцьця дапамогі і ператварэньня ў маральнага даўжніка, да «кампрамісаў», і да сапраўднай татальнай «праданасьці».

І той факт, што, маўляў, беларусы служаць чыімсь інтарэсам, не супярэчыць таму факту, што адначасова і тыя ж чыісь чужыя інтарэсы служаць беларусам.

2) «Адзіны інтарэс Польшчы - вярнуць Kresy Wschodnie» або «З чаго вы вырашылі, што ў Польшчы камусь, акрамся маргіналаў, патрэбныя Гародня і Берасьце»

Не і не: інтарэсам можа быць і, напрыклад, стварэньне сытуацыі, калі культурніцкая і грамадзкая нацыянальная эліта Беларусі была б чымсь абавязаная Польшчы - а Беларусь ужо аб’ектыўна мае перад Польшчай маральны доўг за беларускія гуманітарныя праекты, што зьявіліся пры польскай падтрымцы.

Больш за тое,

гэта можа быць правільны і добры інтарэс: толькі так нармалёвыя міжнародныя стасункі і будуюцца, праз узаемныя інвэстыцыі і сяброўскія крокі. Але мы, беларусы, павінны пільнаваць свае інтарэсы ў гэтай «зьдзелцы» з Польшчай.

А з нашага боку няма суб’екта, які б Беларусь прадстаўляў як, умоўна, «бок перамоваў».

3) «Што вы, уласна, усё пра Польшчу?»

Польшча з замежных нерасейскіх сілаў найбольш актыўна прысутнічае ў Беларусі. Яна сама па сабе адносна вялікая краіна, таксама ў сытуацыі зь ёю прысутнічае

фактар польскай меншасьці ў Беларусі, адным з кіраўнікоў і ганаровых сябраў якой зьяўляецца такі чалавек, як Вэраніка Сэбасьцяновіч - тая самая вэтэранка-падпольшчыца, якая публічна назвала Берасьце і Гародню «часова Беларусьсю».

Пытаньне не да дзеяньняў прадстаўніка польскае меншасьці, а да нашае рэакцыі. А мы, я лічу, абавязаныя рэагаваць, калі такі чалавек дазваляе сабе такія выразы адносна Беларусі.

Зразумела, што

расейскі ўплыў на Беларусь куды больш відавочны, больш маштабовы і больш небясьпечны для беларускай дзяржаўнасьці:

ад дзейнасьці Беларускага экзархату РПЦ (чые структуры неаднаразова былі заўважаныя і ў распаўсюдзе экстрэмісцкай літаратуры, і ў падтрымцы антыдзяржаўных груповак кшталту «беларускіх казакоў») да засільля выпускнікоў расейскіх вучэлень у беларускіх сілавых і спэцыяльных службах, засільля русафілаў на кіраўнічых пазыцыях у дзяржаўнай ідэалёгіі і прапагандзе, і многага іншага.

Плюс, маем прэцэдэнт з анэксіяй Крыма і вайной у Данбасе, маем аднаўленьне Імпэрыі ў той ці іншай форме як важны складнік вонкавай палітыкі, а ўжо ня проста як рэвізіянісцкія мроі маргінальных палітычных груповак.

Банальная рэч - але нам трэба думаць, як беларусам зноў зрабіцца суб'ектам калябеларускае палітыкі, а не наборам размаітых груповак.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Алесь Чайчыц

0
ххх / Адказаць
23.02.2015 / 09:59
Каб быць суб'ектам, трэба перадусім правільна ставіць пытанні і ўмець адрозніваць пагрозы ад выклікаў. Пагроза - небяспека, на якую мы можам паўплываць. Сёння гэта Расея і гаворка не толькі пра мажлівую вайсковую агрэсію, але перадусім пра змену свядомасці беларусаў, якая ідзе напоўніцу. У сувязі з гэтым, галоўная наша задача - захаваць сваю ідэнтычнасць. Гэта не мажліва без ўсвядомленага цывілізацыйнага выбара - мы ў Еўрапейскай культурнай прасторы (ў тым ліку з Польшай, Украінай, Літвой і гд), ці з Расеяй. Праблемы ж, якія закрануў сп. Чайчыц, гэта выклікі, на якія мы можам уплываць, напрыклад проста не карыстацца дапамогай. І гэта было б недаравальным глупствам. Такім жа глупствам, як словы ветэранкі, які сп Чайчыц цытуе ў якасці аргумента. Такіх прыкладаў можна накавыраць мільён. Давайце ж не будзем удавацца ў дробязі і мысліць стратэгічна, як суб'екту і належыць.
0
Алесь Чайчыц / Адказаць
24.02.2015 / 17:10
ххх, Карыстаньне польскай дапамогай не павінна азначаць абавязак ігнараваць шавіністычныя і антыдзяржаўныя заявы Сэбасьцяновіч. Рэагаваньне на такія заявы - гэта праява імунітэта.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру