23.02.2015 / 15:04

Віктар Марціновіч: Беларуская стабільнасць 37

фота Аляксандры Баярынай

Любая ўлада — гэта ў першую чаргу мова. Здольнасць называць рэчы неўласцівымі ім імёнамі, прычым рабіць гэта так, каб за табой цалкам шчыра паўтарала ўся краіна.

Мы памятаем, з якой дзіцячай непасрэднасцю дзяржава, што развязала вайну ў Афганістане, змяшчала на плакаты, фасады дамоў і паштовыя маркі фразу «Міру — мір». І мы ўсе, савецкія школьнікі, шчыра паўтаралі яе, мяркуючы, што няма больш мірных людзей, чым савецкія грамадзяне на ўсёй планеце Зямля, а тое, што родны СССР накляпаў столькі ядзерных боегаловак, што з іх дапамогай можна ператварыць у пыл не толькі Зямлю, але і ўсе планеты Сонечнай сістэмы, так гэта выключна для таго, каб мілітарысты з ЗША першымі не напалі на нас.

У гэтым сэнсе самым геніяльным дасягненнем той сістэмы, якая ўсталявалася сярод нашых балот, палёў і лясоў, з'яўляецца слова «стабільнасць».

Сацыяльны арэал яго распаўсюду павальны. Ім карыстаюцца не толькі траўмаваныя тэлевізарам таварышы, але і цалкам сабе думаючыя, здольныя да самастойных высноваў інтэлігенты.

Спытай такога, чаму ў Беларусі 20 гадоў адно і тое ж, і чаму, галоўнае, вось канкрэтна ён, гэты інтэлігент, нічога асабліва супраць гэтага не мае, той падумае, пачэша галаву і ляпне: «стабільнасць». І дадасць што-небудзь пра ўпэўненасць у заўтрашнім дні, якой не стане ў тым выпадку, калі Аляксандр Лукашэнка сыдзе.

Каюся, я і ёсць — той інтэлігент. Я шмат разоў прамаўляў нешта пра «стабільнасць», у тым ліку — чыста для сябе, каб растлумачыць з'явы, якія па-іншаму, без «стабільнасці», тлумачэнню не паддаваліся. Я, уласна, і думаў гэтай «стабільнасцю», я, як і шмат хто ў Беларусі, падспудна складаўся з яе.

Але падарожжы раскрываюць вочы. Роўна як і размовы з іншымі людзьмі.

Такім чынам, простае пытанне: што стабільнага ёсць у нашым жыцці?

Ашчаджэнні? Грошы?

Так гэта жыхар ЗША можа быць упэўнены ў тым, што праз 15 гадоў, калі падрастуць яго дзеці, каледж будзе каштаваць прыкладна столькі ж, колькі каштуе цяпер.

Хто рызыкне прадказаць кошт навучання ў БДУ праз 15 гадоў? У беларускіх рублях? Га? Чаму ж мы называем гэта стабільнасцю?

Раз у тры гады для ўсёй нацыі ладзяць аўкцыён прусакоў забегу па крамах, з панічным змятаннем з паліц тэлевізараў і мікрахвалевых печаў, і гэта — стабільнасць?

Далей. Вучоба, раз ужо зайшла гаворка пра яе.

Яна нібы як бясплатная і гэта прыкмета стабільнасці. Але вось у Літве, напрыклад, яна бясплатная па наступнай схеме: дзяржава дае абітурыенту «кашалёк» — г. зн., датацыю, якую пералічвае напрамую ў тую ВНУ, якую абітурыент выбірае. Абітурыент нікому нічога не вінны, калі абраў дарагі і прэстыжны ВНУ — даплачвае з таго, што зарабляе ў «Чарлі піцы», калі абраў танны — дзякуе сваім бацькам, падаткаплацельшчыкам.

Над беларускім студэнтам з першага курса вісіць дамоклаў меч размеркавання.

Вы ж памятаеце пра дамоклаў меч? У 4 стагоддзі да нашай эры Сіракузскі тыран Дыянісій прапанаваў свайму фаварыту Дамоклу правесці на яго троне поўны працоўны дзень, з усімі вынікаючымі паўнамоцтвамі. Той прадказальна закаціў баль і, на вяршыні весялосці, скіраваў погляд уверх і заўважыў які завіс над ім аголены клінок, падвешаны на конскім воласе.

Нешта ў гэтым ёсць ад нашага канкрэтнага тыпу стабільнасці, праўда? Гэта значыць, нібы на сэрцы радасна ад таго, як ты уладкаваўся, але ледзь тузаніся — хаваць будуць у закрытай труне.

Пяць гадоў вучобы — гэта пяць гадоў чакання размеркавання, пяць гадоў вострага разумення таго, што крок налева — крок направа, і Старыя Дарогі прымуць маладога спецыяліста.

Затым — праца. Права на працу ў нас гарантавана не горш, чым у СССР, але сам метад гэтай «гарантаванасці» - цалкам савецкі.

Называецца гэта ўсё «кантрактнай сістэмай» і працуе па тым жа прынцыпе тонкай конскай валасінкі: кантракт аднаўляецца кожны год і, пры належнай нязгодлівасці нанятага, гэты валасок рвецца па-за залежнасці ад кваліфікацыі, досведу працы і адукацыі.

«Не працягнулі кантракт» — гэтая фармулёўка знаёмая кожнаму, хто чытае інтэрнэт. Абурыўся наконт таго, што з кімсьці не працягнулі кантракт — і яго не працягнуць з табой. Такое ціхае бунінскае хараство жыццёвых гарызонтаў.

І вось куды ты не кінь, наколькі аддаленую ад інструментаў уплыву дзяржавы вобласць не вазьмі — усюды ў нас поўная няўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Ну вось, дапусцім, любіш ты добрыя машыны, ёсць у цябе такая запал. І нават гэта ў цябе заўтра могуць адабраць увядзеннем сумесных з Расіяй пошлін і павышэннем падатку, якi выплачваецца пры тэхаглядзе да непрыстойных памераў. Прычым цалкам немагчыма прадказаць, калі і чаму падобная думка прыляціць у нечую кіраўнічую галаву. Ты можаш проста сядзець і баяцца. І, уласна, усё.

Ці такая непахісная цытадэль чалавечага шчасця, як дача.

Яблыні, цяпліца, новы шыфер на даху. Уласныя «соткі» адгароджваюць цябе ад дзяржавы, ствараюць бурбалку прыватнасці. Але меч — ён усё там жа. На конскім воласе. Заўтра найбліжэйшае возера можа спадабаецца якому-небудзь арабскаму шэйху, вялiкаму аматару сакалінага палявання, і яблыні, цяпліцу і нават новы шыфер не ўратуе наогул нішто. Таму што шэйх — стратэгічны інвестар.

Медыцына? Вы думаеце, што захварэеце, і вас вылечаць?

А пра нарматывы выкарыстання памперсаў для неходячих хворых чулі? Даўно былі ў паліклініцы? Ведаеце, што там робіцца?

Падаткі? Яны мяняюцца кожны год.

Правілы гульні ў бізнэсе? Іх увогуле не існуе, галоўнае тут — рэвалюцыйная неабходнасць і пастаянна зменлівы спіс тых, каго пажадана не чапаць.

Так пра што казаць, калі праязджаючы міма стэлы «Мінск — горад-герой», пастаянна забываеш цяперашняя назва гэтага праспекта: Машэрава? Пераможцаў? Ці зноў Машэрава? А вы кажаце, стабільнасць…

Адзіная канстанта, якая тут ёсць — канстанта конскага воласа і падвешанай на ім завостранай сталі.

І таго пачуцця, якое ў нас з гэтай нагоды ўзнікае. Усё астатняе — пераменлівае, як парыў ветру, здольнае гэты волас парваць.

0
qw / Адказаць
23.02.2015 / 15:08
Демогогия. Рост населения городов, увеличение автопарка, турпоездок граждан нашей страны = рост благосостояния населения. Название проспектов, налоги и медицина - разговоры в пользу бедных. Нету аналитического подхода в статье.
0
Гинирал / Адказаць
23.02.2015 / 15:24
Капетан капетанит.
0
Scooter / Адказаць
23.02.2015 / 15:38
"СССР накляпаў столькі ядзерных боегаловак, што з іх дапамогай можна ператварыць у пыл не толькі Зямлю, але і ўсе планеты Сонечнай сістэмы" -- для Юпітэра гэтыя баегалоўкі - пшык! На яшчэ адну стабільнасьць забыўся паважаны аўтар - на стабільнасьць прозьвішча насупраць пасады "Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь", вось ад яго ўся астатняя "стабільнасьць" і вынікае.
Паказаць усе каментары/ 37 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру