23.02.2015 / 20:45

Зацверджаная праграма дзейнасці ўрада Беларусі на 2015 год 1

Праграма дзейнасці ўрада Беларусі на 2015 год зацверджаная пастановай Савета міністраў № 110 ад 18 лютага. 

Як паведамляе прэс-служба ўрада, дакумент складаецца з сямі раздзелаў і ахоплівае ўсе кірункі дзейнасці ўрада. У кожным раздзеле ўказваюцца канкрэтныя мэты, задачы, механізмы рэалізацыі і адказныя выканаўцы. Асобныя раздзелы адведзеныя асноўным кірункам рэгіянальнай палітыкі, захаванню і ўмацаванню чалавечага патэнцыялу, а таксама арганізацыі эканамічнай бяспекі краіны. 

Галоўнай мэтай дзейнасці ўрада на гэты год вызначаныя забеспячэнне макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ва ўмовах нарастання знешніх выклікаў і пагроз, якаснае завяршэнне наяўнай пяцігодкі і стварэнне ўмоў для дынамічнага эканамічнага развіцця Беларусі ў 2016—2020 гадах і доўгатэрміновай перспектыве. У ліку найважнейшых мэтаў праграмы — правядзенне эфектыўнай макраэканамічнай і грашова-крэдытнай палітыкі, мадэрнізацыя сістэмы дзяржаўнага рэгулявання эканомікі, развіццё канкурэнцыі, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, нарошчванне і дыверсіфікацыя экспарту, паслядоўнае паглыбленне інтэграцыі ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, распрацоўка праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады. 

«Урадам і Нацыянальным банкам падрыхтаваныя сцэнарныя прагнозы развіцця эканомікі краіны на гэты год у залежнасці ад цаны на нафту і дынамікі курсу расійскага рубля, якія з'яўляюцца найбольш непрадказальнымі параметрамі, што ўплываюць на макраэканамічную сітуацыю ў Беларусі, — паведамляе прэс-служба. — Для кожнага са сцэнарыяў распрацаваныя меры рэагавання і эканамічнай балансіроўкі». 

Мерапрыемствы праграмы маюць характар прамога дзеяння і не патрабуюць распрацоўкі дадатковых планаў па іх рэалізацыі на ўзроўні ўрада, падкрэслілі ў прэс-службе.

0
Abarmot / Адказаць
23.02.2015 / 21:14
Абламаецеся. Ніякай "еўразійскай" будучыні ў Беларусі не будзе. У нас пра гэта не пыталі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру