Фота: piter.tv

Фота: piter.tv

Гэтая зіма была надзвычай цёплай, распавяла «Нашай Ніве» Алена Камароўская, начальнік аддзела клімату Гідраметцэнтра. Сярэдняя тэмпература ў снежні 2014 года па Беларусі склала -2,5°C, што вышэй за норму на 1,5 градуса.

Значна адхіліўся ад нормы студзень, на цэлых 5,6 градуса — сярэдняя тэмпература за месяц склала –1,1°C.

Так цёпла ў студзені бывае прыкладна раз на 15 гадоў.

Максімальная тэмпература ў студзені назіралася ў Брэсце 17 студзеня — +9°C. Гэткі тэмпературны рэжым характэрны для сакавіка.

Верагодна, і люты перавысіць норму — у першай дэкадзе сярэдняя тэмпература была на 4 градусы вышэй за норму, другая дэкада таксама была дастаткова цёплая. Поўная інфармацыя па лютым і ўсёй зіме будзе вядомая на наступным тыдні. Такая цёплая зіма ўпісваецца ў агульную тэндэнцыю.

«Зараз усе кажуць аб пацяпленні клімату, мы аб гэтым кажам таксама.

У Беларусі пацяпленне, як мы лічым, пачалося анамальна цёплым 1989 годам, які быў адным з самых цёплых, і працягваецца яно дагэтуль», — кажа Алена Уладзіміраўна.

Адзінае выключэнне — 1996 год, калі сярэднегадавая тэмпература была крыху ніжэйшай за норму.

Мінулы, 2014 год трапіў у пяцёрку самых цёплых. «Верагодна, пацяпленне будзе і далей працягвацца», — мяркуе яна.

Можна лічыць, што зіма ў Беларусі скончылася. Снежнае покрыва засталося збольшага толькі на поўнач ад лініі Мінск — Вільня і на паўночнай частцы Віцебшчыны.

У бліжэйшыя дні па звестках Гідраметцэнтра па большай частцы Беларусі тэмпература не будзе апускацца ніжэй за нуль удзень, уночы дасягне —2°C. Да канца каляндарнай зімы будзе пераважна воблачна, магчымыя дажджы і мокры снег.

На пачатку сакавіка тэмпература таксама будзе трымацца каля нуля, сонечна стане праз тыдзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?