Беларускія падатковыя органы атрымалі ў 2015 годзе права павялічыць памер санкцый у дачыненні да фізасоб за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, паведаміў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка ў сваім артыкуле, апублікаваным у апошнім нумары часопіса «Финансы, учет, аудит». 

«Шматлікія скаргі грамадзян сведчаць пра маштабнасць дзейнасці асоб без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэт-тэхналогій», — адзначыў Налівайка. 

Паводле даных МПЗ, за 2014 год падатковай службай было выяўлена амаль шэсць тысяч асоб, якія ажыццяўлялі дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі, з ценявога абароту выключана 58 млрд рублёў, сума накладзеных штрафаў склала 6 млрд рублёў. «Падатковыя органы абавязаныя спыняць спробы заняцця незаконным бізнесам. Выплачваць падаткі са сваіх даходаў — гэта канстытуцыйны абавязак кожнага грамадзяніна. Сёлета кірунак з'яўляецца прыярытэтным, а значыць, вынікі павінны быць значна палепшаныя», — падкрэсліў міністр. 

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу, што падатковыя органы атрымалі паўнамоцтвы павялічыць санкцыі ў дачыненні да фізічных асоб, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю без дзяржаўнай рэгістрацыі. «З 2015 года падатковыя органы атрымалі права нават пры разавым заняцці фізічнай асобай незарэгістраванай дзейнасцю прад'явіць ёй да выплаты адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб у пяціразовым памеры. З аднаго боку, гэта дадатковыя паступленні, з іншага — сур'ёзны эканамічны рычаг для легалізацыі бізнесу», — мяркуе Налівайка. 

Па стане на 1 студзеня 2015 года ў Беларусі налічвалася 275,3 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. У 2014 годзе было зарэгістравана амаль 50 тыс. ІП, спынілі сваю дзейнасць каля 34 тыс. ІП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?