Добры дзень, паважаная Рэдакцыя!

Вельмі хачу з Вашага дазволу падзяліцца з чытачамі «Нашай Нівы» сваімі настаўніцкімі вершамі. Паўтара года таму развітаўся з прафесіяй, якая давала самапавагу і цікавыя знаёмствы, але ўрэшце стала палохаць адсутнасцю ўсялякай перспектывы.

Працаваў педагогам на сваёй малой Радзіме 5 гадоў. Бачыў і парадны, і нефармальны бакі жыцця цяперашняй вясковай школы.

Вельмі ўдзячны калегам і вучням (асабліва – з Карацкай СШ Клецкага раёна), якія ў свой час літаральна прыручылі нервовага маладога спецыяліста і прывялі да высновы, што педагогіка – гэта сапраўды яго шлях і не варта здавацца пасля першых прафесійных паразаў.

Стала ведаючы небутафорскую дэмакратычнасць «НН», веру, што дазволена будзе прагучаць гэтай праўдзе – праўдзе душы маладога беларускага настаўніка.

Настаўніцкі рубеж

Школа як няспынная грызня…
Подласць і прадажніцтва пануюць
Тут. І на дзяцей крычу штодня,
Бо інакш наогул не пачуюць.

Цяжка навучыць іх дабрыні,
Роздуму, шуканню прыгажосці.
Гніль і бруд – у думкі зазірні.
На урок ідзеш нялюбым госцем…

Цяжка тут без цвёрдае рукі.
Не чакай зычлівасці, падзякі:
Любыя дачушкі і сынкі
Штурмам, шантажом бяруць адзнакі.

Мафія — агідны шэры клан —
Суне у начальства недарэку.
Ён жа на уроках — як той пан!
Ну дык — пад «вяльможнаю» апекай!

«Шэф» яго ніколі не кране.
Іншыя настаўнікі баяцца
«Хлопчыка душыць», але мяне
Злосць бярэ. Крычу: «Шаноўны — працай!»

Вытруцяць са школы — далібог!
Ды на літасць больш не спадзяюся –
Адшыбаю «дублем» «юны рог».
Можа, хоць задумацца прымусіў?..

Вытруцяць са школы — дайце час.
Маладыя ў рот глядзець павінны?
«Але ж ён даўно счарнеў у вас!» —
Адкажу. І — знойдуцца прычыны…

Там, дзе чынаўё не бачыць меж,
Праўду гаварыць — дурная справа…
Але стол настаўніцкі — рубеж.
Годнасці адчайная застава…

Школа пачынаецца…

Тут не цяжка — палку перагнуць.
Проста адпачніце, супраматы!
Пыхне раздражненне: «Каламуць!»
Прызнаюся шчыра: не флегматык…

Школа пачынаецца… з вайны.
Хітры клас, вясёлы і гарачы.
Юнакі бяздумныя — яны.
Я — старэйшы на сем год выкладчык…

Часты паратунак — «чысты» блеф.
Маецца яшчэ адна прычына.
Раптам ніадкуль наскочыць «шэф»:
— Як ідзе працэс?
— Належным чынам!..

І рамантык скончыўся, памёр
(Не чакай, бядак, вялікай ласкі!).
Меркаваў, благі з мяне актор,
А цяпер… паверыць Станіслаўскі.

Скептык (цынік?): вось і «клінам клін»…
Не абвінавачваю нікога.
Але зноў — будзільнік: сем гадзін.
Снеданне і гразкая дарога…

Светла у настаўніцкім. Вясна
Ціўкае за шыбамі на сонцы
Сем урокаў. Класная вайна!
Вынік — ні «снарадаў», ні эмоцый…

Капішча року

Цеснаваты мундзір лейтэнанта народнай асветы.
Іранічная роля. Надзьмуты дырэктар-«камбат».
«Тэма… мэта…» і ўсё: надалей не хапае імпэту,
Крэмзаць школьныя планы. Ніякі з мяне бюракрат…

Лепш гітару вазьму ды спяю пра нядолю і шчасце,
Пра каханне, растанне, гулянне і верных сяброў!
…Ты адна не сышла ад мяне, не дала мне прапасці…
Зробім капішчам року наняты пакойчык ізноў?!

Цішыню расстраляюць магутныя, жорсткія рыфы —
Пачуццёвыя залпы гітарных раз’юшаных струн.
Разбураюцца песняй мяшчанства агідныя міфы…
Для апошняй атакі мелодыі штых навастру

І праткну, ашалелы, абрыдлыя бляклыя сцены,
А на рэшту… удару — у нізкую, брудную столь!
Хай драпежная нотка уджаліць галоўную вену
Раўнадушных нябёсаў. Каб сэрца галоднага боль

Перадаўся туды. Не чакаю падзякі, вядома,
Ад Таго, Хто над намі стаіць як адвеку стаяў.
Але рвецца малітва — з душы непакорнай разлому!
Але рвецца малітва — бунтарская, шчыра мая!

Не напішацца план. Аніводны. Ад планаў далёкі,
Для мастацтва жыву. І няхай ад начальства — «труна»
За «працоўныя подзвігі». Я не пакіну. Я рокер.
Праўда з Воляй — мой крыж, на якім разагнецца спіна…

Прашэнне за беднага вучня

Папрашу: як стану волатам пяра,
Прапішуся на старонках хрэстаматый —
Не катуйце маім вершам шкаляра!
Ён ні ў чым перада мной не вінаваты!

У дарослых, пэўна ж, права і рэзон,
Ды не трэба пакаленняў варажнечы!
Дыскатэка і працяглы, моцны сон —
Найважнейшыя ў юнацкім свеце рэчы!

Гэта ж дзеці БЕЛАРУСКІЯ — СВАЕ!
І найбольш прашу калегу-педагога:
Ну задай, калі праграма (каб яе!..),
Але толькі не на памяць — дзеля Бога!

Тлумачэнне ў кабінеце дырэктара

Разумееце, верш залучыў да мяне нечакана!
Павітаўся радком, запытаў: «Як, нябога, жывеш?»
І тады я адсунуў падручнікі, сшыткі і планы:
Служба службай, а творчасць, вядома, найперш!

І затанчыў аловак, як п'яны дзяцюк на вяселлі!
Боль, прыгожы і светлы, прадаў мае тайны за грош!
Як на провадзе птушкі, вясновыя літары селі
І шчабечуць на Сонца: маўляў, каб і заўтра не горш!

…Адпусціў я сябе (а які чалавек без заганы?) —
Пакарайце, Сан Саныч, парушыў службовы статут!
Разумею: у школе галоўнае — выгляд і планы.
Ды не гэта запомняць… Вымова? Распісвацца тут?

Развітанне з прафесіяй

Даўно маглі з праблемай разабрацца.
А сёння можна проста ставіць крыж.
Настаўніка загналі у жабрацтва,
Зарэзалі прафесіі прэстыж.

Квітнеючай не зробіцца краіна,
Пакуль чыноўнік — майстар балбатні,
Пакуль настаўнік — бедная скаціна,
Якую кормяць пугай дзень пры дні.

І вырашыў нарэшце: пакідаю,
Іначай горкі лёс не абміне…
Прафесія — галоўная, святая —
Ідзе на дно. На шчасце, без мяне…

У выпускны вечар

Выпускны мне нагадаў былое зноў,
Ды няма дарогі пафаснаму слову.
Школа з'ела чвэрць душы за пяць гадоў.
А прыйшоў вучыць згарэлым напалову…

Сёння школа — як марудны Страшны Суд:
Ні спакою, ні павагі, ні заробку.
Кожны тыдзень ты шукаеш «пяты кут».
У «гарачую», настаўнік, трапіў «кропку»!

Вось і звольніўся. Адхлынула бяда.
Але сэрцам не магу сказаць: «Бывайце!»
Мабыць, школьнікаў пакінутых шкада,
Справядлівасцю абдзеленых на старце…

Не ацэняць, пачатковец-педагог,
Ні вучонасці тваёй, ні гуманізму.
Не хачу цябе пужаць, ды, бачыць Бог,
Пачынаецца твой шлях ніжэй, чым знізу…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?