Змена пачынаецца а 21­-й, а першы выклік для нашай 21-­й брыгады інтэнсіўнай тэрапіі горада Брэста паступае ў 21.28. Мужчына скардзіцца на боль у сэрцы.

Хуценька сядаем у аўтамабіль і выязджаем пад бадзёры шансон ад радыё «Рокс». Едзем без мігцелак, але на месцы мы ўжо праз 12 хвілін.

Немалады мужчына сядзіць у брудным пакоі на разабранай пасцелі. Дрыготкім голасам скардзіцца на боль у левым баку. Мужчына відавочна п’яны. Ля ложка ляжаць дзве пустыя бутэлькі: адна ад гарэлкі, другая — ад таннага «чарніла». У куце разламаны журнальны столік. На вялікім стале побач стаяць вялікая шыльда з цытатай з Псалтыра: «Сэрца чыстае ствары мне, Божа» і талерка з рэшткамі вінегрэту, пустая чарка ды брудны відэлец.

Мужчына здымае рваную майку, прыгаворваючы: «Ой, боля­боль…». Выцягваецца на ложку. Аляксандр, фельчар, чапляе на яго худыя грудзі прысоскі кардыёграфа.

«Толькі не кажыце, што ў мяне інфаркт», — некалькі разоў паўтарае мужчына.

Але ўсё ў парадку — звычайная неўралгія.

«Што?» — перапытвае наш хворы.

«Неўралгія», — з цяжкасцю паўтарае яму ці то жонка, ці то сужыцелька.

Яна таксама «пад мухай».

«Там яшчэ з нагой у яго праблемы», — паведамляе дактарам жанчына.

І сапраўды: адна нага ў пацыента ад калена і ніжэй нездаровага цёмнага колеру.

Доктарка, Святлана Міхайлаўна, раіць звярнуцца да хірурга — у мужчыны праблемы з сасудамі.

«Яна ад 2006 года сіняя», — паціскае плячыма той.

Марына, фельчарка, дае мужчыну таблеткі, потым робіць укол абязбольвальнага. На ўсякі выпадак здымаюць яшчэ адну кардыяграмму. Усё нармальна. І мы з’язджаем.

«Выклікаў ад п’яных многа, — кажа Аляксандр. — Бывае, і палова за змену».

«Раніцай жонка з працы вернецца — мне ж… будзе»

Нас ужо чакае наступны выклік — жанчына страціла прытомнасць. Прыязджаем, падымаемся ў кватэру. Дзверы адчыняе ўсхваляваны мужчына сярэдніх гадоў. У пакоі на ложку ляжыць ледзь­-ледзь прыкрытая коўдрай жанчына. З адзення на ёй толькі напалову сцягнуты станік.

Ні хто яна, ні як яе завуць, ні дзе ён з ёю пазнаёміўся гаспадар кватэры адказаць не можа.

«Раніцай жонка з працы вернецца — мне ж… будзе, — заклапочана кажа ён. — Гэтую трэба вывозіць».

Жанчыне даюць панюхаць нашатыр, б’юць па шчоках, круцяць мочкі — аніякай рэакцыі. Святлана Міхайлаўна зазірае ёй у вочы, і кажа: «Алкагольная кома».

«Выпіла няшмат, і водкі я ёй нармальнай наліў, — здзіўляецца гаспадар. — Не, калі яна не падохне, то хай ляжыць, я раніцай яе адпраўлю».

Але пакідаць жанчыну нельга, трэба везці ў бальніцу. Пытаемся ў мужчыны, дзе рэчы ягонай «сяброўкі». У адказ ён толькі паціскае плячыма.

«Што, яна так прыйшла, без трусоў?» — пытаецца фельчар.

«Не, ну трусы… Хе­-хе»… — лыбіцца мужчына.

А потым яшчэ раз перапытвае: «А не падохне яна тут, у мяне дома? Мяне жонка заб’е заўтра!»

У жанчыны бяруць кроў на цукар, робяць кардыяграму. Аналізы ў норме.

«Не падохне яна тут? — у чарговы раз пытаецца мужчына і ўздыхае: — Трэба жыць сямейным жыццём».

Ніякага адзення знайсці так і не ўдаецца. Жанчыну кладуць на брызентавыя насілкі. Гаспадар кватэры дае стары ручнік, каб прыкрыць «сяброўку». Пачуўшы, што яе забіраюць, мужчына ажыўляецца: «Дапамагчы вынесці? Я з задавальненнем!»

Але з’яўляецца яшчэ адна праблема. Не хапае рук. «Ідзіце, шукайце яшчэ кагосьці», — кажа доктар гаспадару кватэры. Зразумела, што «паліцца» перад суседзямі той не хоча. Таму адразу мяняе погляды.

«Дык, можа, няхай тут паляжыць да раніцы? — прапануе ён. — Калі яна не падохне?»

«Ідзіце і шукайце мужчын», — кажа яму фельчарка Марына.

Гаспадар з неахвотай выходзіць з кватэры, але хутка вяртаецца. Па яго словах, паклікаць няма каго. «Калі нікога не можаце знайсці, то, можа, нам паспрабаваць?» — прапануе Святлана Міхайлаўна.

Мужчына зноў сыходзіць і праз некалькі хвілін вяртаецца з суседам. На твары ў памагатага напісана гісторыя доўгай і беспаспяховай барацьбы з зялёным змеем.

Высвятляецца, што сусед і «падагнаў» свайму сябру гэтую жанчыну. Але нічога аб ёй сказаць ён таксама не можа.

«Падставіў ты мяне, скаціна, з гэтай бабай», — кажа яму гаспадар.

«Ды адкуль жа я ведаў, што яна слабая такая? — апраўдваецца сусед. А потым удакладняе: — А мы куды яе? У морг?»

Учацвярых мы зносім незнаёмку ў машыну хуткай. Яе адвязуць у бальніцу, у таксікалагічнае аддзяленне. Аналізы добрыя, жыць будзе.

«Пацалуеш на развітанне?» — пытаецца ў няўдачлівага палюбоўніка Аляксандр.

«Ды пайшла яна на ***!» — у сэрцах адказвае той.

30 брыгад

Каля 23.00 вяртаемся на станцыю. Калі будзе наступны выклік, невядома. Брыгады інтэнсіўнай тэрапіі ці, як кажуць самі лекары, бітаўцы, ездзяць толькі па сур’ёзных справах.

Увогуле, служба хуткай дапамогі працуе так. Усяго на трохсоттысячны Брэст дзяжурыць 30 брыгад хуткай.

З іх — 7 брыгад інтэнсіўнай тэрапіі, 4 «дзіцячыя» брыгады, адна — «псіхічная». Астатнія — лекарскія і фельчарскія.

На самыя простыя выклікі — тэмпература, ваніты — выязджаюць фельчарскія брыгады. Яны складаюцца з фельчара і санітаркі. На справы складанейшыя — праблемы з сэрцам, ціскам — брыгады лекарскія (лекар і фельчар).

На самыя сур’ёзныя выклікі ездзяць бітаўцы — доктар і два фельчары займаюцца неадкладнымі праблемамі з сэрцам, пагрозамі інфарктаў, інсультаў. Паралічы, тапельцы, самагубцы, буйныя крывацёкі, траўмы ў ДТЗ — усё гэта чакае іх.

Брыгады адрозніваюцца нават аўтамабілямі: фельчарская брыгада можа ездзіць на старым уазіку, лекары — на «Газелі», а інтэнсіўная тэрапія перасоўваецца на новых і цалкам абсталяваных «Сітраенах» і «Рэно».

Але калі ўсе бітаўцы занятыя, на экстранны выклік едзе любая брыгада. Яна пачынае аказваць неабходную дапамогу, а там ужо пад’язджае інтэнсіўная тэрапія і пераймае эстафету.

Колькасць выклікаў за дзяжурства — велічыня непастаянная. Напрыклад, удзень за 12 гадзін было 262 выклікі. Большасць, як правіла, не дужа сур’ёзныя: тэмпература, ціск. Але і тут нельга расслабляцца. Доктар павінен быць гатовы да ўсяго.

«Бывае, выклікаюць амаль што на інсульт, а там нічога страшнага. А бывае і наадварот — едзеш на дробязь, а на справе ратуеш чалавеку жыццё», — кажа дзяжурны доктар Наталля Іванаўна, кіраўніца змены.

Кіраўніца змены ўвесь час на станцыі. Яна размяркоўвае выклікі, праглядае карткі, якія запаўняюць брыгады. Калі дзяжурны бачыць небяспечную сітуацыю, то можа сам загадаць, каб да пацыента заехалі яшчэ раз, праверыць, ці ўсё ў парадку. Гэта называецца адправіць брыгаду «на актыў».

Усе выклікі дзеляцца на тры катэгорыі.

Неадкладныя, калі зразумела, што праблема не надта сур’ёзная, накшталт тэмпературы, могуць пачакаць да гадзіны. Тэрміновыя выклікі — калі пачакаць трошкі можна, але непажадана — арытмія, траўмы, вынікі бойкі. Брыгада мусіць атрымаць сігнал праз 15 хвілін. У выпадку экстранных выклікаў брыгада павінна выехаць ужо праз чатыры хвіліны. Пакуль у спісе некалькі скаргаў на тэмпературу, боль па ўсім целе, выклік на перавозку парадзіхі. З гэтым справяцца лекарскія і фельчарскія брыгады. Для бітаўцаў пакуль нічога — мы чакаем.

Беларускія таблеткі не дапамагаюць

Наступны выклік паступае амаль праз паўтары гадзіны. 40­гадовы мужчына з астмай і прыроджаным парокам сэрца адчуў сябе дрэнна. Мы прыязджаем у дагледжаную чыстую хату. Мужчыну сапраўды ніякавата, ён дыхае са свістам і не можа нават легчы, каб зрабіць кардыяграму. Гэта ўжо не вясёлыя прыгоды з алкаголікамі — брыгада дзейнічае хутка і дакладна, без усякіх жартаў. Пакуль мужчыну дапамагаюць, яго маці плача дактарам пра айчынныя лекі.

«Выпісалі айчыннае — па рэцэпце на яго зніжка 50%, бо ў яго хранічная хвароба, але яно не дапамагае, выклікалі хуткую кожныя тры дні. І вось аднойчы прыехала брыгада, і самі кажуць: ну купіце лепш нямецкае. І сапраўды стала лепш», — кажа старая.

Мужчыну лепшае. Мы збіраем рэчы і вяртаемся на станцыю.

На гэты раз чаканне выкліку зацягваецца. Брыгада разыходзіцца — хтосьці ідзе ў пакой адпачынку, хтосьці глядзіць тэлевізар у невялікай сталовай. Спаць забаронена, хоць вытрымаць суткі і цяжка. Тым больш, што многія бяруць больш за стаўку, каб хоць трошкі зарабіць.

Заробак у фельчараў невялікі. У Аляксандра — 4 мільёны, у Марыны — 4,5 (1 даляр на сёння = 15 000 рублёў). Пры гэтым яна працуе на 1,25 стаўкі і мае 20­-гадовы стаж. Больш зарабіць цяжка. Хіба што працаваць на паўтары стаўкі, але, як кажуць самі медработнікі, — гэта амаль дома не бываць.

Аляксандр ужо дзесяць гадоў працуе на хуткай. Кажа, адзін з важных фактараў — гэта зручны графік: суткі праз трое. У вольны час з жонкай займаюцца дробным бізнэсам: у жонкі ІП, гандлююць адзеннем і абуткам. Знакаміты ўказ №222 выклікае ў Аляксандра абурэнне.

«Збіраліся баставаць на рынку, але будзем ці не — пакуль не вырашылі. Сертыфікацыя тавару каштуе дзікіх грошай, — апавядае ён. — Ездзіў я на дзяржаўную аптавую базу. Цэны — можна ўпасці. Я прадаю туфлі за 200 тысяч, а ў іх толькі закупачная цана на такія ж туфлі — 230 тысяч. Як я іх прадам? Хто іх купіць?»

Больш за ўсіх зарабляе доктарка: Святлана Міхайлаўна атрымлівае 8—8,5 мільёна. Але ёй ідуць надбаўкі за 20­-гадовы стаж і за кваліфікацыю рэаніматолага.

Летась на брэсцкай станцыі таксама збіралі подпісы, каб звярнуць увагу ўладаў на сваё становішча. Заробак пасля паднялі — на дзвесце тысяч, каму на 15 адсоткаў.

Бальніца — гэта крайняя мера

«Вам трэба было з намі ўдзень паездзіць, — кажа Святлана Міхайлаўна. — Вось там было б на што паглядзець. А сёння ноч ціхая».

Увогуле, за змену на хуткай можна наглядзецца гісторый цікавейшых, чым у кінафільмах. Напрыклад, распавядае доктар, удзень яе выклікалі сваякі няўдалага самагубцы. Хлопец накінуў пятлю на люстру, а тая абарвалася. Падштурхнуў яго да гэтага выпадак з сужыцелем матулі — той пэўны час таму прынёс у хату нейкія патроны. А хлопец здаў іх у міліцыю. Сужыцель не стаў чакаць разбіральніцтва і павесіўся. Зараз жа хлопца накрыла пачуцце віны, і ён вырашыў зрабіць тое ж самае.

Ноч сапраўды ціхая. Чарговыя выклікі з’яўляюцца толькі раніцай.

А 6­й едзем да 80-­гадовай бабулі, якая наракае на сэрца. Затым вяртаемся на станцыю, праз гадзіну з’яўляецца новая нагода — у 50-­гадовага мужчыны арытмія. Ад шпіталізацыі ён адмаўляецца.

Кажа, працы шмат, справаздачы трэба здаваць. Дактары папярэджваюць, што лепш яму паехаць адразу ў бальніцу: збой сардэчнага рытму — гэта не жарты. Мужчына адмаўляецца. На дзіва яго падтрымлівае і малады — гадоў 25—30 — сын.

«Чаго яму ехаць? Бальніца — гэта ж крайняя мера», — кажа хлопец.

Што тут зробіш? Доктар абяцае перадаць інфармацыю аб праблемах з сэрцам у паліклініку, і сёння да мужчыны завітае ўчастковы. Таксама папярэджваюць, што, калі на працягу шасці гадзін праблемы не пройдуць, трэба збіраць рэчы, выклікаць хуткую і ехаць у бальніцу. Мужчына з неахвотай пагаджаецца.

Змена амаль скончылася — застаецца некалькі хвілін. Я развітваюся са Святланай Міхайлаўнай, Марынай і Аляксандрам. Мяне перахоплівае новы дзяжурны доктар і на ўсякі выпадак заводзіць пагутарыць з загадчыкам. Мне расказваюць пра добрае абсталяванне на машынах і павелічэнне заробкаў. Але, прызнае заведуючы, людзей бракуе — на 244 пасадах працуе толькі 161 чалавек.

«Але гэта сапраўдныя патрыёты сваёй справы», — дадае ён.

Вось з гэтым я пагаджуся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?