«Наша Ніва»: Што чуваць?

Юрый Стыльскі: Блін, у мяне насамрэч такая с*ака. Без настрою я, шчыра кажучы. Бо жыць у цэнтры горада, плаціць за хату 100 баксаў і даведацца аб тым, што табе патрэбна шукаць новую…

«НН»: Не трапіў пад льготную пабудову жылля?

ЮС: Яно магло б быць! У сястры двое дзяцей, але старэйшай споўнілася 18, і гэты льготны тарыф аўтаматычна зняўся — там у іх нейкія такія правілы. Яна стаяла ў чарзе на гэтае льготнае будаўніцтва, але спазнілася і мне не сказала. Я думаю, што за «стольнік» хоць усё жыццё можна здымаць хату ў цэнтры Брэста.

«НН»: Наколькі я ведаю, у вас пачынаецца тур у Расію.

ЮС: Так, і там панясецца ўжо. У іх усё, здаецца, было стабільняком: прыраслі да свайго расійскага рубля, гэты даляр не патрэбен. А тут атрымліваецца такі ж «беларускі цуд», як у нас некалькі гадоў таму: усе прачнуліся пасля Новага года, а нашыя грошыкі ператварыліся ў паперкі.

«НН»: Ты тэлік глядзіш? Расійскую прапаганду адчуваеш?

ЮС: Не. У мяне няма тэліка. Я ўвогуле не разумею, аб чым там ідзе гаворка. А я неяк далёкі ад гэтага.

«НН»: Ты ўжо граў у Расіі. Дзе слухачы больш удзячныя і прыбытак больш?

ЮС: Слухачы ўдзячныя паўсюль — гэта не залежыць ад пляцоўкі. На наш канцэрт людзі ж ідуць мэтанакіравана. Чуем у свой адрас рэспекты. У Беларусі, зразумела, найлепшыя канцэрты ў Мінску — туды людзі таксама з’яжджаюцца з розных карчоў, таму там адбываюцца самыя дзікія выступы.

«Я не фан «Брута»

«НН»: У Расіі вы будзеце граць разам з «Трубяцкім». Як ты ўспрыняў распад «Ляпісаў»?

ЮС: Шкада вельмі. Я думаю, што ў іх адбыўся нейкі ўнутраны канфлікт у калектыве. Але мне здаецца, што гэта ненадоўга! Вось­-вось, яны пару год яшчэ так памутузяць, а пасля знойдуць адзін аднаго зноў!

«НН»: Як табе «Брута»?

ЮС: Я не сумняюся ў Сяргею як у геніяльным паэце, але, блін, вельмі на самай справе дзіўныя тэксты ў яго пачаліся. Вядома, справа не ў тым, каб напісаць тэкст з нейкім трайным сэнсам, каб слухачы капаліся: «Што ён там ўсё-такі заклаў?» Але ў іх увогуле як сякера – усё проста, усё зразумела. Ці не занадта? Тут я не фан «Брута». Гэта такі прымітывізм. Але і ёсць жа від жывапісу такі — малююць незразумела што, але іх успрымаюць як мастакоў. Я шмат чуў, як людзі казалі, што гэта Міхалок, магчыма, прыкалваецца. І мне пакуль здаецца, што гэта дзікі прыкол.

«НН»: «Дай Дарогу» можа выступіць на адным канцэрце з «Брута»? І што там павінна быць за публіка, мне цікава.

ЮС: Незразумела. У іх такі вобраз — здаровы лад жыцця, іх усе цвярозыя слухаюць. А тут у мяне таксама несінхрон нейкі: я не магу зразумець, як можна на рок-канцэрт, цяжкі прытым, прыйсці цвярозым. Калі ў любым выпадку рок-музыка нясе пад сабой нейкую такую дурку, якая не пасуе для цвярозай галавы. Я не разумею, як такое можа быць увогуле: прыйсці на рок-канцэрт цвярозым. Ёсць, канечне, такія асобы, якія ўвогуле не бухаюць, і яны прыходзяць цвярозымі. Але, як правіла, у першых радах стаяць усе гатовыя і падбадзёрваюць: «Давай, ірві!» Наш менеджар, памятаю, думаў, мо нам разам з «Брута» зрабіць сумесны канцэрт. А як яны ўвогуле прымуць такую прапанову?

«НН»: Спачатку песня пра гіры, а пасля — «Па-сінему»!

ЮС: Ага. Але ў нас усё ж сцёб. Я напісаў гэтую песню, каб высцебаць гэтых сінякоў, якія тусуюцца пад крамамі, вядуць такі лад жыцця. А як гэта можа гучаць разам з «Гірамі» — не ведаю. Калі так падумаць, з кім яны могуць іграць увогуле? Хаця, думаю, на любым бліжэйшым фестывалі, дзе будзе шмат калектываў, мы перасячэмся. І было б вельмі смешна, калі б нас паставілі дзе-небудзь побач. І мы б тады абавязкова пачалі б з «Па-сінему», каб было яшчэ больш смешна, ха-ха!

«НН»: Такое адчуванне, што табе ўсё роўна, дзе граць. Нібы заўтра цябе паклічуць у Тэгусігальпу — ты збярэшся і паедзеш.

ЮС: Ну проста для мяне амаль ўся постсавецкая прастора — аднолькавая што капец. Адзінае, што адрозніваецца — гэта Калінінград, ён не савецкі. А ўсё астатняе — Наварасійск і ўсе гэтыя гарады — аднолькавыя. Такое адчуванне, што нейкі шаблон — хрушчоўкі, сталінкі… Масква — цэнтр, прытулак для ўсіх музыкаў, артыстаў, і ўсё.

Беларускія гарады таксама аднолькавыя. Толькі што Гродна адрозніваецца — гэты горад бліжэйшы да Польшчы, там нейкая архітэктура яшчэ захавалася цікавая. «Ну што, пойдзем вандраваць, там мо можна нешта цікавае паглядзець!» — ой, хлопцы, я лепей пасяджу, песню новую прыдумаю. Што я там убачу ўвогуле? Нейкую чарговую піўнуху за рогам?

Калі гэта недзе ў Грэцыі ці яшчэ дзе-небудзь, дзе на самой справе ёсць, што паглядзець – гэта зразумела. Дзе цывілізацыя жыла хрэн ведае колькі год, і там у іх усё захавалася. А ў нас я выходжу — 50 год таму гэтыя дамы пабудавалі, а да гэтага пустэча была ці балота. І што там глядзець? Хрэн ведае. Адзінае, гэта які-небудзь музей. Вось у нас у Брэсце ў комплексе «Брэсцкая крэпасць» ёсць музей старажытнай культуры «Берасце» — гэта цікава паглядзець. Вось таму для мяне і няма розніцы, ехаць у адзін горад пад Масквой ці іншы. Іншая справа куды-небудзь у Алтай паехаць. Я там аднойчы нават на чоўнах сплаўляўся — быў на Катуні. Вось там прыкольна.

«Магу і пабухаць»

«НН»: Табе блізкая вельмі папулярная цяпер тэма «здаровага ладу жыцця»?

ЮС: Я хаджу на трэніроўкі, займаюся спортам, мне гэта прыкольна. Я да цябе на веліку прыехаў.

«НН»: Неяк не сезон…

ЮС: Калі снегу няма, я ганяю на ровары. Нават калі мінус, мне неяк па барабане. Я не артадаксальны «зожыст». Мне ўсё гэта вельмі падабаецца, але ў той жа час я магу і пабухаць. Мне здаецца, што людзі, якія ўвогуле ні кроплі не бухаюць, — гэта ці алкаголікі, бо ім нельга бухаць, ці ў іх проста дах паехаў. Я ўжо ведаю такіх людзей, якія проста не бухаюць — у іх не ўсё ў парадзе. Гэта ўжо клін нейкі.

«НН»: Бачыў у тваіх відэа-FAQах такую цытату «біч-панк-хардкор». Гэта ты так ахарактарызаваў мужыка, які ў хламіну спаў у цябе ў пад’ездзе.

ЮС: Ды ў кожным пад’ездзе, напэўна, ёсць тып, які, як кажуць,

«ганьбіць увесь пад’езд». Альбо прыносіць розныя «навіны» пастаянна. Як у нас было: заходзіш у пад’езд, на першым паверсе калюжына. Ды яна не высыхае ніколі! Гэта дзякуючы такім тыпам ці іх сябрам. Алкагалізм — вось такая гісторыя.

«НН»: Сам ты ніколі ў такім стане не быў?

ЮС: Ды было даўно. Было капец. Я гэтым не хвалюся. Раней гэта было цікава — нажрацца, гісторыі гэтыя паўзгадваць: хто дзе блевануў, хто ў мянтоўку трапіў, пра бойкі нейкія. Цяпер я неяк далёкі ад гэтага, вырас і гляджу на гэта з думкі, што гэта нездаровая фігня. Дзякуючы некаторым людзям часам пачынаеш думаць, што лепей бы чалавецтва не бухала. Але гэта адзіны легалізаваны наркотык, на які можна прысесці, і які хоць трохі цябе выцягвае з бытавой павуціны.

«НН»: Даводзілася іграць канцэрт цалкам «у санях»?

ЮС: Ой, было неяк у Пінску. Я ўвогуле ледзь стаяў, наш басіст на табурэтцы сядзеў. Не скакаў ні разу — яго пасадзілі, і ён іграў, бо стаяць не мог. Такія гісторыя звычайныя. Мы ж old school, а раней гэта ўсё толькі віталася: як Sex Pistols — рок-сцэна, усе павінны быць у хлам. І мы, вядома, стараліся адпавядаць. Дый перад канцэртам трэба ўлупіць, каб было весялей. А часам і перабіралі, натуральна. Гэта цяпер па-іншаму: нельга нам выхадзіць на сцэну дубовымі, бо лухту сыграем нейкую.

«НН»: «Дай дарогу!» — 16 год. Якімі вы былі — якімі вы сталі?

ЮС: Ды нічога не змянілася. Набраліся досведу. Дарога ў нас стала шырэйшай. Раней была нейкая сцежка — «дай сцежку», ха-ха. Цяпер ужо шасэ, выходзім нібы на ўзлётную паласу. Ну і пастарэлі, можа! Бо часам глядзіш на нейкі калектыў — зялёныя рожы, маладыя, і думаеш: ну што вы можаце сказаць? Мне часам бывае так смешна, калі нейкія калектывы спрабуюць нейкі «разумняк» прасоўваць: «падумай аб жыцці, ты стаіш на краі, свечка дагарае» — такую фігню. Яны выступаюць такімі дактарамі. Ну які ты можаш быць доктар ці мудрэц, калі табе 20 ці 25? Ты яшчэ жыцця не бачыў, у цябе малако на вуснах не абсохла, а ты ўжо кагось лечыш. Смешна. Нам, канечне, можна верыць, але мы, па вялікім рахунку, проста сцябёмся. Бо без гумару можна павесіцца.

«НН»: Якім быў звычайны дзень Юрыя Стыльскага 16 год таму?

ЮС: Я вёў вельмі дрэнны лад жыцця. Калі б я быў бацькам і ў мяне быў такі сын, я б адурэў.

У мяне была кампанія такіх старых «нефераў», цяпер такіх няма зусім: мы хадзілі ў касухах, заўжды ва ўмаце. І гэта быў нейкі пратэст грамадству. Я трапіў пад уплыў, звязаўся з пэўнай кампаніяй, і мне гэта стала цікава. Тады ж з’явіўся і панк-­рок. Карацей кажучы, год таму мне патэлефанавала мая дзяўчына і паведаміла, што майму сыну 16 гадоў. Вось гэта прыкол.

«НН»: Нішто сабе прыкол!

ЮС: Карацей, вось такі нумар. Я спачатку не паверыў, але яна ўсё даказала, усё ўзгадала. Яны жывуць у Італіі, на беразе мора, у іх усё ў парадку і ад мяне нічога не трэба. Проста пазваніла паведаміць: маўляў, ты, Юра, май на ўвазе. А я спытаўся, чаму яна раней не паведаміла. Проста яна аказалася трошкі мутнаватай. У яе былі магчымасці зваліць, яна была непаўналетняй, а ўся радня — мянты. Як яна сказала, што мяне проста б пасадзілі, калі б яна сказала, што гэта я. Не было б выхаду зусім, а замуж яна не хацела. І цяпер кажа мне, каб я меў на ўвазе, што я padre. Я, з аднаго боку, нават абрадаваўся. Мы нядаўна пазнаёміліся з сынам — яны прыязджалі сюды. Дарослы хлопец ужо, высокі. Я яму сказаў «ciao».

«НН»: А чым заняўся Юра пасля школы?

ЮС: Ды я гуляў. Я тады ведаў, што ўся гэтая школа і прадметы — не маё. Мне казалі ўладкавацца на працу. Я працаваў у розных месцах, спрабаваў знайсці сябе. Але я разумеў, што лепей за ўсё ў мяне атрымліваецца рабіць музыку. І мяне клініла на гітары. Нібы нават супраць мяне. Я любіў пагуляць, пабадзяцца, але на мяне находзіла нейкая хваля — і я займаўся гітарай. Я знайшоў гітарнага майстра, які мне зрабіў маю першую гітару — не было яшчэ ніякіх музычных крамаў, а гітары былі ўсяго ў некалькіх людзей у горадзе. І ўсе здзіўляліся, чаму гэта мяне так замыкае.

«НН»: А ў арміі быў?

ЮС: Пабываў. Спрабаваў закасіць, у шпіталь адпраўлялі. А пасля сказалі, што позна я пачаў касіць, раней трэба было гэтымі справамі займацца. Так што на паўтара года мяне занесла. У Мар’іну Горку, у разведцы быў. У мяне былі правы катэгорый В і С, і яны мне спатрэбіліся. Мяне пасадзілі на машыну, і я недзе апошні год ездзіў на смеццявозе, на базе ўзводу матэрыяльнага забеспячэння «страдаў фігнёй» рознай.

«НН»: Пад дзедаўшчыну трапляў?

ЮС: Ды ўсякае бывала. Памятаю, «фанера» была сіняя, нейкія пабоі. Я памятаю, што ў арміі была такая дурка… Усяму гэтаму цябе могуць навучыць недзе за паўгода, а паўтара года што там рабіць? Дрэвы фарбаваць? Самае карыснае — гэта калі мы ездзілі на розныя палігоны. Гэта я памятаю. А вось усё дэбільнае неяк сцерлася. Але сны сняцца. Усім, хто быў у арміі, сніцца сон, што ты ў ваенкамаце кажаш: «Ды вы што, я ж там ужо быў!» — а цябе ўсё роўна забіраюць у армію.

«Дай Бог, каб працоўная кніжка мне не спатрэбілася»

«НН»: Неяк ты расказваў, што жыў у падвале. Гэта ўвогуле дзе і аб чым?

ЮС: А ён і дагэтуль ёсць, на Усходзе [раён новабудоўляў у Берасці], я яго называў «андэграўндам». Наша з мамай кватэра была на першым паверсе. І ў адзін час да нас пераехала яшчэ сястра з сям’ёй — у двухпакаёвую кватэру. Ну а як жыць у адным пакоі з мамай, каб не з’ехаць з глузду? Мне трэба быў нейкі свой пакой. А адразу пад нашай залай быў падвал, у якім раней была майстэрня майго бацькі. Я правёў туды інтэрнэт, тэлефон, святло, камп’ютар паставіў. Нават рамонт там нейкі рабіў — ой, дурка. Там быў такі прахадны двор, што суседзі стаміліся. Увесь альбом «Д.С.П.Г.» я там пратусаваўся. Прыкольная была камора.

«НН»: А якая была самая незвычайная праца, за якую даводзілася брацца?

ЮС: Памятаю, уладкаваўся на мясакамбінат у Брэсце. Вось там наглядзеўся — капец.

Я там адпрацаваў усяго тыдзень, а пасля падумаў: «Госпадзе, што тут рабіць увогуле?» Быў ва ўсіх цэхах. Працаваў абвальшчыкам мяса — гэта трэба ад косткі аддзяляць мяса. Такім навічкам, як я, выдавалі кальчужную пальчатку на левую руку, каб ты яе не парэзаў. А ў правай — вялікі востры нож, і трэба ім мяса адразаць ад костак. Ой, там усё ў крыві, ліпкае. Там яшчэ такія людзі працуюць — канавалы. Далёкія ад творчасці і нейкага мыслення. Я там апынуўся нібы сярод іншапланетнікаў. Некаторыя там ухітраліся вынесці на сабе вялікі кавалак мяса — прывязвалі да сябе ізастужкай і праходзілі праз прахадную. На бойні таксама быў. Такое рабілася, што гамон. Мне там якраз працоўную кніжку выдалі.

«НН»: Цябе музыка цалкам забяспечвае цяпер?

ЮС: Так. Я ж яшчэ для рэкламы музыку пішу, агучваю розныя ролікі. «Гефесту», МТСу. «Вэлкому», «Лідскай муцэ», «Лідскаму квасу» пісаў. Сабачыя кармы ўсялякія і гэтак далей.

«НН»: А чытаць любіш?

ЮС: Вельмі рэдка. Я проста вельмі крытычна стаўлюся да ўсяго. Мне апошнім часам падабаюцца крутыя кароткія апавяданні. Вось я «Парфумера» Зюскінда чытаў — мне вельмі спадабалася, было вельмі цікава. Я яе прачытаў яшчэ задоўга да таго, як выйшаў фільм. Сарокін таксама піша цікава. Ёсць што пачытаць, канечне. Але мала трапляецца літаратуры, ад якой не адцягнуць.

«НН»: Наконт тваіх карцін. Маляваў ты, як я ведаю, заўжды. А хто першы ацаніў тваю творчасць і сказаў, што ты — мастак?

ЮС: Усё мастацтва пабудавана на капіяванні — перамалёўванні. Як бачыш, так і малюй.

Ну а я з дзяцінства магу перамаляваць нешта вельмі падобна. З другога боку, я думаю, каб зараз гэта было завёрнута ў нейкім іншым стылі. Напрыклад, як імпрэсіянізм, як Ван Гог пісаў ці Поль Гаген. Мяне такое наватарства прыцягвае. Хочацца намаляваць нешта такое, каб людзям было не адразу зразумела — не так, што паглядзеў на карціну: «А, ну тут усе зразумела — гэта табурэтка», і пайшоў. Каб была нейкая загадка, каб можна было патырчаць і паўтыкаць у гэтую карціну. У мяне пакуль ёсць серыя карцін у стылі ню. І ў мяне ўжо з’явіліся сябры сярод берасцейскіх мастакоў, чаму я вельмі рады. Напрыклад, Таццяна Патворава — піша проста клас! Таксама яшчэ Анатоль Мелехавец, Ганна і Марыя Радзько. Яны мне дапамагаюць, могуць падказаць, што мне патрэбна дадаць у той ці іншай карціне, бо раней мне проста бракавала крытыкі.

«НН»: Юрый Стыльскі будзе навекі рамантык і халасцяк?

ЮС: Не кажы мне такога! Часам мне здаецца, што нават калі б у мяне нехта з’явіўся, то я ўжо так звыкся, што ўвесь мой час належыць толькі мне. Але часам нестае магчымасці сябе прысвяціць. Каб была сям’я, каб было цікава. Бо часам бывае сумнавата. У мяне ўвогуле такая тэорыя, што людзі жэняцца, бо ім сумна: усе навокал заводзяць пары, займаюцца сваімі справамі. Нядаўна прыйшоў на вечар сустрэчы выпускнікоў: такія дзяды папрывальвалі, я ледзь не адурэў! Гляджу — і нікога не пазнаю. Мае аднакласнікі такія, што мама! А яны мне: «*ля, Юра, ты што, заспіртаваўся, ці што?» Нібы які быў, такі і застаўся. А я ім: «Хлопцы, гэта ж рок­н­рол, ёптыць! Ён малодзіць!» Неяк так.

«НН»: Чаму людзі ў нас так рана ператвараюцца ў дзядоў?

ЮС: Жывём у саўку. Людзі пасля 30 пачынаюць апранацца па­іншаму.

Ты ўжо не можаш апрануць нейкую вясёлую майку з мікі­маўсам. Нейкія такія штампы ў нас накладзеныя. Калі табе за 30, ты ўжо павінен насіць усё шэрае. Нейкія ссунутыя рамкі. Мяне самога гэта заўжды здзіўляла, што ўсе так хутка ператвараюцца ў гародніну. Дзе ж ваша маладосць, ваш дух? Я гэта яшчэ звязваю са спортам — ён дапамагае трымацца. Я яшчэ неяк мала бухаў.

«НН»: Якой павінна быць твая жонка?

ЮС: Ой, я ўвогуле самадастатковы. Магу сам сабе гатаваць — я быў кухарам у пяці рэстаранах у Брэсце, нават у італьянскіх. Таму мне і цяжка. Бо кажуць, каб знайшоў такую, якая гатуе. А калі яна прыгатуе, а я не змагу гэта есці?

«НН»: Ну, дзяліся тады ўжо фірмовым рэцэптам.

ЮС: Вельмі люблю курыны бульён зрабіць з плаўленым сырком ці звычайным дубовым – парэжаш яго на кавалачкі і закідваеш туды, а ён там плавіцца і ператвараецца ў такія клёвыя жуйкі. Таксама аладкі на кефіры. Звычайна іх робяць пустымі, а я, калі яны смажацца на адным баку, кладу туды тварог з цукрам перамешаны альбо банан з грушай парэзаны. Зверху зноў паліваю тым жа цестам і пасля пераварочваю. Можна есці без нічога з халодным малаком.

О, во яшчэ! Пачаў рабіць пельмені з курыным фаршам і з цыбуляй і з узбекскімі прыправамі. І, калі робіш цеста, трэба дадаць у прапорцыі 1 да 1 вараную таўчоную бульбу. Без усялякай вады. Мука, яйка, таўчоная бульба – добра вымешваеш і лепіш пельмешкі. Атрымліваюцца нібыта клёцкі – гэта цеста такое, блін, смачнае! Файна пажаваць!

* * *

«Дай дарогу!» — брэсцкі панк-­гурт, створаны ў 1998. Музыку і тэксты для яго піша Юрый Стыльскі. У тэкстах ёсць мат, але ёсць і іронія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?