Reuters.com

Reuters.com

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ аб правядзенні датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў 26 красавіка.

«У інтарэсах народа, улічваючы іх просьбу да мяне і волю ўсеагульную і дзеля няўхільнага выканання Асноўнага закона я прыняў рашэнне і ў адпаведнасці з пунктам 31 артыкула 41 канстытуцыі краіны падпісаў указ аб прызначэнні на 26 красавіка 2015 года пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў», — сказаў ён, выступаючы ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання.

14 лютага члены савета Асамблеі народа Казахстана заявілі, што ва ўмовах складанай абстаноўкі ў свеце Назарбаеву неабходна даць новы мандат агульнанацыянальнага даверу.

Чарговы тэрмін паўнамоцтваў Назарбаева, які нязменна ўзначальвае Казахстан пасля распаду СССР, мінае ў 2016 годзе. Паводле канстытуцыі Казахстана, адна і тая ж асоба не можа быць абрана прэзідэнтам краіны больш за два разы запар, аднак гэта абмежаванне не распаўсюджваецца на першага кіраўніка рэспублікі.

Канстытуцыйны савет Казахстана раней не знайшоў якіх-небудзь прававых перашкод для правядзення пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў.

Пакуль што Назарбаеў не заяўляў пра намер выставіць сваю кандыдатуру на датэрміновых выбарах, але большасць каментатараў лічаць гэта непазбежным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?