22 студзеня адбылося пасяджэнне прэзідыума прафкама студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны. Адным з пытанняў абмеркавання стала «далейшае знаходжанне ва універсітэце Змітра Жалезнічэнкі ў сувязі з наяўнасцю ў яго адміністрацыйнага правапарушэння».

Нагадаем, студэнт трэцяга курса матэматычнага факультэта быў адлічаны 7 верасня 2007 года. З.Жалезнічэнка з’яўляецца выдатнікам вучобы і не меў пропускаў заняткаў без паважлівай прычыны. Матывам яго адлічэння стала рашэнне гаспадарчага суда аб адміністрацыйнай адказнасці «за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць» — распаўсюджванне білетаў на канцэрт беларускіх бардаў без рэгістрацыі. 16 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмяніў загад рэктара універсітэта імя Ф.Скарыны аб адлічэнні З.Жалезнічэнкі. Таксама суд абавязаў ВНУ аднавіць студэнта пасля ўваходжання ў законную сілу гэтага рашэння.

Старшыня прафкама студэнтаў Надзея Колтышава і начальнік юрыдычнага аддзела ВНУ Валерый Недаступ паведамілі студэнтам, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні прэзідыума прафкама, што па рашэнні суда З.Жалезнічэнка быў адноўлены ва універсітэце. Начальнік юраддзела універсітэта трактаваў рашэнне суда так, што пры адлічэнні студэнта адміністрацыя ВНУ нібыта не выканала ўсе працэсуальныя дзеянні. Паводле яго слоў, былі, у прыватнасці, дапушчаны некаторыя недакладнасці — няправільна расстаўлены коскі, кропкі. Таксама В.Недаступ зазначыў, што З.Жалезнічэнка, будучы адлічаным з універсітэта, учыніў дробнае хуліганства, за што быў пакараны адміністрацыйным арыштам.

Д.Жалезнічэнка выступіў перад сваімі калегамі і расказаў аб акалічнасцях яго арышту і судзе, які адбыўся 18 верасня. Нагадаем, яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі па падазрэнні ва ўчыненні згвалтавання, а пазней склалі пратакол «за нецэнзурную лаянку». Ён быў пакараны васьмісутачным арыштам.

Н.Колтышава прапанавала студэнтам прагаласаваць за магчымасць адлічэння студэнта з фармулёўкай «лічыць знаходжанне ва універсітэце З.Жалезнічэнкі немэтазгодным і згадзіцца з магчымасцю яго адлічэння». Сем студэнтаў падтрымалі прапанову, пяць былі супраць «магчымага адлічэння».

«Думаю, што загад аб новым адлічэнні можа быць падпісаны рэктарам ужо сёння, спешка адміністрацыі тлумачыцца тым, што на 23 студзеня мне ўручылі позву аб яўцы на прызыўны пункт для службы ў арміі. Таксама спешку можна растлумачыць тым, што і мінулы раз, і цяпер адміністрацыя дзейнічае неправамерна, і калі мяне забяруць у армію, мне гэта будзе больш цяжка аспрэчыць і даказаць, як я зрабіў гэта ў першы раз», — падкрэсліў у інтэрв’ю БелаПАН З.Жалезнічэнка.

З.Жалезнічэнка лічыць сваё адлічэнне палітычна матываваным, бо ён з’яўляецца намеснікам старшыні грамадскай арганізацыі «Талака» і намеснікам старшыні маладзёжнага крыла Партыі БНФ «Моладзь БНФ». На працягу чатырох месяцаў былы студэнт абскардзіў у раённым і абласным судах загад аб адлічэнні. 16 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмяніў загад рэктара аб адлічэнні і задаволіў скаргу З.Жалезнічэнкі.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0