26.02.2015 / 20:28

Сергей Жадан. Пока в тебе живет твоя жажда… 7

Гэты верш Сяргея Жадана пераклаў Андрэй Хадановіч. Ён мае ўвайсці ў кнігу «Жыццё Марыі», якая неўзабаве выйдзе ва Украіне.

Сяргей Жадан

Пакуль у табе жыве твая прага, 
пакуль цябе трымаецца вера,
і сонца плыве з дакладнасьцю птаха,
і час крадзецца зь пільнасьцю зьвера.

Край ліхаманіць вакзальнай аблавай.
Цёплыя рукі і ў сьнежань дарогі.
Радзіма баліць перабітаю лапай
шчаняці, што рвецца з начное аблогі.

Ірвіся, ірвіся з ночы й туману, 
выгрызай роспач, шукай надзею.
Я пасьля буду лекаваць тваю рану, 
наколькі змагу, наколькі пасьпею.

Я потым усё зразумею і ўбачу, 
як толькі вырвуся разам з табою, –
усё тваю беспрытульнасьць сабачую,
дзіцячую веру з дарослай журбою.

Пакінь ні з чым іх подлую варту, 
абмінай іх падступныя пасткі.
Варта біцца і ўставаць варта, 
нават калі зноў прыйдзецца ўпасьці.

Зоркі маюць вісець над табою
ці разрывацца пад небасхілам.
Сэрца павінна разам з крывёю
несьці жыцьцё капілярам і жылам.

Косткі маюць моцна зрастацца.
Шнары павінны дадаць нам злосьці.
Штосьці з табою павінна стацца.
Штосьці ўжо сталася й станецца штосьці.

Пакуль ты ўсім гэтым жывеш і марыш.
Пакуль ты прагнеш. Пакуль палюеш.
Пакуль ты ўсё гэта ў сабе трымаеш.
Пакуль ненавідзіш. Пакуль ты любіш.

0
Прос'ты... / Ответить
26.02.2015 / 20:42
Жадан і прага... Прага ўжо ёсьць - стольны горад... - будзе і жаданае, тым, хто прагу не зал'е...
0
Кнехт / Ответить
26.02.2015 / 21:56
Хадановіч - прафесіянал і піша складна, але варта было прывесці і арыгінал. Бо ж украінская нам не нямецкая ...
0
Кнехт / Ответить
26.02.2015 / 22:03
Пакінь ні з чым іх подлую варту, абмінай іх падступныя пасткі. Варта біцца і ўставаць варта, нават калі зноў прыйдзецца ўпасьці. === і абмінай іх падступныя пасткі. П.Н. Я сі выбачаю, але не стрымаўся як "графаман і грамадзянін". ;)
Показать все комментарии/ 7 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера