Міністэрства замежных спраў Кыргызстана лічыць заяву беларускага МЗС ад 27 лютага чарговым «пацвярджэннем намеру» афіцыйных органаў Беларусі «любымі сродкамі выгарадзіць і абараніць злачынцаў, асуджаных у Кыргызстане за ўчыненне асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку Жаныбека Бакіева».

«МЗС Кыргызстана вымушаны зноў падкрэсліць, што афіцыйны Мінск не павінен загаворваць праблему ўкрывальніцтва кыргызскага крыміналу на тэрыторыі Беларусі», — гаворыцца ў заяве кіргізскага знешнепалітычнага ведамства.

«Зусім недарэчна гучаць таксама спасылкі беларускага боку на паняцці «цывілізаванасці дзяржавы», «выканання правоў сваіх грамадзян», «справядлівай судовай абароны» і «спецыфічнага падыходу да правасуддзя», — адзначылі ў МЗС Кыргызстана. —

Тым больш, у святле вядомых сусветнай супольнасці фактаў, якія стварылі ўстояны імідж адпаведных органаў Рэспублікі Беларусь, у выніку чаго іх кіраўнікоў не прымаюць у большасці цывілізаваных краін свету».

У ведамстве таксама адзначылі, што ў заяве прэзідэнта Кыргызстана Алмазбека Атамбаева ад 26 лютага выказваецца «заклапочанасць у сувязі з невыкананнем беларускім бокам міжнародных абавязацельстваў» і не ўтрымлівае зняважлівых выказванняў у адрас Беларусі, а наадварот, пранікнута павагай да беларускага народа і яго гісторыі, надзеяй на разуменне праблемы і пераход да канструктыўнага супрацоўніцтва ў частцы выдачы і крымінальнага пераследу злачынцаў, іншых асоб, якія адшукваюцца».

«Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь павінна выконваць прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, і зноў заклікае беларускі бок да канструктыўнага дыялогу ў імя інтарэсаў дружалюбных народаў нашых краін», — гаворыцца ў заяве. 

Нагадаем, 26 лютага прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў адрэагаваў на інфармацыю аб забойстве крымінальнага аўтарытэта з Кыргызстана Алмамбета Анапіяева (працэдура ідэнтыфікацыі асобы працягваецца), труп якога быў знойдзены ў Мінску 18 лютага. На думку Атамбаева, за гэтым забойствам стаіць Жаныбек Бакіеў — брат былога кіраўніка Кыргызстана Курманбека Бакіева. 

«Крывавыя крымінальныя разборкі» ў Мінску «не пакідаюць сумненняў у тым, што члены сям'і Бакіевых адчулі ў Беларусі поўную беспакаранасць і разам са сваімі галаварэзамі працягваюць забіваць», гаварылася ў заве Атамбаева. «Каго яшчэ павінны забіць Бакіевы, каб улады Беларусі ўбачылі нарэшце звярыную і людаедскую сутнасць гэтай крымінальнай сям'і? Гэтыя вылюдкі будуць праліваць кроў усюды, дзе б ні апынуліся, у тым ліку ў Беларусі, якая іх прытуліла!» — заявіў прэзідэнт Кыргызстана. 

Ён нагадаў, што Кыргызстан дабіваецца выдачы братоў Бакіевых ужо амаль пяць гадоў, афіцыйны ж Мінск кожны раз не толькі «лічыў за лепшае адмаўляць Бішкеку ў законных патрабаваннях», але і заахвочваў прысутнасць Бакіевых у Беларусі, «уручаў ім нацыянальныя пашпарты, дзяржаўныя ўзнагароды і віншаваў з юбілеямі».

У адказ МЗС Беларусі 27 лютага выступіла з заявай, у якой назвала выказванні прэзідэнта Кыргызстана «перагрэтымі эмацыянальнымі заявамі», немагчымымі «на ўзроўні лідара цывілізаванай дзяржавы».

«Але нават калі пакінуць за дужкамі іх прадузятасць, то агучаныя на вышэйшым узроўні абвінавачанні ва ўчыненні цяжкага злачынства ідуць уразрэз з агульнапрынятымі міжнароднымі нормамі крымінальнай судавытворчасці», — заявіла беларускае МЗС.

У заяве таксама падкрэслівалася: «У любой сучаснай краіне Канстытуцыя і законы ўстанаўліваюць, што ніхто не можа быць прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, пакуль яго вінаватасць не будзе даказана прыгаворам суда, які набыў законную моц». «Аднак, мяркуючы па шэрагу завочных крымінальных працэсаў, што прайшлі ў Кыргызстане, гэта краіна ў цэлым мае свой, спецыфічны падыход да правасуддзя. Гэта выклікае сумненне ў здольнасці кыргызскай дзяржавы забяспечваць выкананне правоў сваіх грамадзян, у тым ліку і права на справядлівую судовую абарону», — заявіла МЗС Беларусі. 

Курманбек Бакіеў, зрынуты з пасады прэзідэнта ў красавіку 2010 года пасля дзяржаўнага перавароту ў Кыргызстане, прыехаў у Беларусь з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі па асабістым запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у жніўні таго ж года ён атрымаў беларускае грамадзянства. У ліпені 2014 года Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы, былі прыгавораныя ў сябе на радзіме да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Яны прызнаныя вінаватымі ў саўдзеле ў арганізацыі забойства, замаху на забойства, перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?