27 лютага маці расстралянага па прыгаворы суда жыхара Гомеля Аляксандра Грунова падала скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Вольга Грунова прысутнічала сёння на адкрыцці ў Гомелі выставы плакатаў «Шэсць аргументаў супраць смяротнай кары», дзе і паведаміла журналістам аб сваёй заяве ў міжнародную інстанцыю. 

Заяўніца просіць КПЧ прызнаць парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да яе, а менавіта: арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе гаворыцца аб катаваннях і аб тым, што «ніхто не павінен зведваць жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне». Таксама Вольга Грунова просіць Камітэт ААН па правах чалавека яшчэ раз заклікаць беларускія ўлады адмяніць смяротную кару і змяніць нацыянальнае заканадаўства.

Паводле слоў праваабаронцы Леаніда Судаленкі, маці расстралянага вычарпала ўсе сродкі прававой абароны ўнутры краіны, таму звярнулася ў КПЧ. «Вольга Грунова звярталася ў раённы і абласны суд, а таксама ў Вярхоўны і Канстытуцыйны, да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў НС, у Адміністрацыю прэзідэнта. Але чыноўнікі яе не чуюць. Сваякам прыгавораных да смяротнай кары не паведамляюць нават аб месцы пахавання іх блізкага чалавека, што прыносіць ім пакуты. Нацыянальнае заканадаўства трэба змяняць. Мы, праваабаронцы, упэўненыя, што ў Беларусі з часам — магчыма, нават у хуткім часе — будзе накладзены мараторый на смяротную кару», — пракаментаваў Леанід Судаленка.

Каардынатар праграм гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы Васіль Палякоў дадаў, што пытанне смяротнай кары з'яўляецца не толькі праблемай крымінальнага заканадаўства, але і сацыяльнай, бо пакутуюць блізкія людзі прыгавораных да расстрэлу. «Смяротная кара не ўплывае на крымінагенную абстаноўку, забойцаў менш ад гэтага не становіцца. Ужо цяпер у Гомельскім абласным судзе разглядаюцца крымінальныя справы па жорсткіх забойствах, абвінавачваным па якіх пагражае смяротная кара», — адзначыў Васіль Палякоў.

Нагадаем, маці Аляксандра Грунова з дапамогай праваабаронцаў ажыццявіла стратэгічную цяжбу, накіраваную на змяненне як заканадаўства, так і практыкі яго прымянення, якія кожны раз вядуць да пакутаў бацькоў і сваякоў расстраляных у Беларусі.

26-гадовы Аляксандр Груноў быў прызнаны вінаватым у забойстве гомельскай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай. Дзяўчына загінула ў верасні 2012 года — ёй было нанесена больш за 100 нажавых раненняў. Гэта забойства Груноў учыніў праз год пасля адбыцця пакарання за жорсткае збіванне сужыцеля сваёй маці, у выніку якога той памёр.

Першы смяротны прыгавор Грунову Гомельскі абласны суд вынес у чэрвені 2013 года, аднак праз чатыры месяцы Вярхоўны суд Беларусі адмяніў прыгавор і накіраваў справу на новы судовы разбор у суд першай інстанцыі. У снежні 2013 года Гомельскі абласны суд паўторна вынес смяротны прыгавор Грунову. У красавіку 2014 года Вярхоўны суд пакінуў прыгавор без змянення.

Груноў быў расстраляны 22 кастрычніка 2014 года. 4 лістапада Вольга Грунова атрымала тры пасылкі з рэчамі сына з камеры смяротнікаў. У адной з іх была турэмная роба, у якой ён знаходзіўся ў камеры, у астатніх — асабістае адзенне, рэчы і туфлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?