Зьміцер Вайцюшкевіч у сярэдзіне лютага выязджае ў Японію, каб даць некалькі канцэртаў у гэтай краіне. Выступы маюць прайсьці пакуль што ў невялічкіх залях у межах знаёмства Японіі зь беларускай культурай і музыкай у прыватнасьці. Сам музыка перапоўнены эмоцыямі: «Я рады, што пачэсная місія прадстаўляць Беларусь у краіне ўзыходзячага сонца дасталася менавіта мне».

Са словаў Вайцюшкевіча ў Японіі будуць некамэрцыйныя канцэрты.

«У асноўным я буду выконваць там японскія песьні з альбому «Месяц і сонца« на беларускай мове. Адзначу, што падрыхтоўка да гэтага праекта вялася ўжо досыць даўно і для мяне гэта было звышцікава».

Дадамо, што Вайцюшкевіч ужо развучыў і песьню па‑японску.

Хоць музыка зьбіраецца ў няблізкі шлях без сваіх музыкаў з WZ‑Orkiestra, без акампанэмэнту ён не застанецца. Ужо тамака да яго маюць далучыцца мясцовы гурт Dreydel, які зараз рэпэтуе праграму беларускага выканаўцы.

Вядома ж, японцы, што вядомыя сваёй гасьціннасьцю рыхтуюць для беларускага музыкі вялікую культурную праграму. Сваімі ўражаньнямі пра паездку Вайцюшкевіч абяцае падзяліцца адразу ж — у дзень свайго прыезду.

«Шкада, што не вазьму праз гэтыя канцэрты ўдзел у «Рок‑Каранацыі«, але спадзяюся на мяне не забудуцца», — усьміхаецца музыка.

Па вяртаньні ў Беларусь Зьміцер Вайцюшкевіч мяркуе ўшчыльную заняцца іншымі сваімі інтэрнацыянальнымі праектамі — польскім і швэдзкім.

Тузін Гітоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0