Чакалася, што імя новага рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) будзе названа 2 сакавіка. На гэты дзень запланавана нарада заснавальнікаў ЕГУ, падчас якога можа быць прынята адпаведнае рашэнне, паведамілі БелаПАН у дэпартаменце развіцця і камунікацый ВНУ. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», нарада пройдзе ў завочным фармаце.

У агульным сходзе сузаснавальнікаў удзельнічаюць арганізацыі, якія спрыялі адраджэнню дзейнасці ЕГУ ў Вільні пасля яго закрыцця ў Мінску. У склад агульнага сходу сузаснавальнікаў уваходзяць Інстытут міжнароднай адукацыі (Літва), а таксама амерыканскія фонды «Адкрытае грамадства» і «Еўразія».

Нагадаем, у верасні 2014 з пасады рэктара ЕГУ на пасаду яго прэзідэнта перайшоў Анатоль Міхайлаў, які заснаваў універсітэт і кіраваў ім з моманту стварэння. Для абрання новага кіраўніка быў створаны камітэт па выбарах рэктара — часовы орган, заснаваны кіруючым саветам ЕГУ.

Свае кандыдатуры на пасаду рэктара вылучылі, у тым ліку, трое грамадзян Беларусі — лідар Руху «За Свабоду», фізік Аляксандр Мілінкевіч, гісторык, былы прарэктар Гродзенскага ўніверсітэта Алесь Краўцэвіч і філосаф Таццяна Шчытцова, якая выкладае ў ЕГУ.

На пасаду рэктара прэтэндуюць таксама трое грамадзян ЗША — Дэвід Полік, выканаўца абавязкаў рэктара ЕГУ, прарэктар па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс і дырэктар офіса Інстытута міжнароднай адукацыі (Масква) Эдвард Рослаф.

Шэраг грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі двойчы — у снежні мінулага года і студзені гэтага — выказалі недавер камітэту па выбарах рэктара ЕГУ з-за закрытасці яго працы. На іх думку, рэктарам універсітэта павінен стаць выхадзец з Беларусі, а ВНУ павінна захаваць беларускі вектар развіцця.

У пачатку студзеня ў ЕГУ прайшла студэнцкая канферэнцыя, удзельнікі якой гаварылі пра неабходнасць правядзення адкрытых выбараў рэктара. Кандыдаты на пасаду рэктара павінны прадэманстраваць «разуменне беларускага кантэксту і сувязь з беларускім грамадствам, а таксама прадуманы падыход да фінансавых пытанняў, уключна з планам памяншэння адміністрацыйных выдаткаў ЕГУ», гаварылася ў выніковым дакуменце студэнцкай канферэнцыі.

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт адкрыўся ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004-м беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю кіраўніцтва ЕГУ, зачынілі ВНУ. Праз год ён аднавіў працу ў Вільні, дзе мае статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. У ВНУ вучацца прыкладна паўтары тысячы студэнтаў, пераважна з Беларусі.

Больш за год таму паміж адміністрацыяй і сенатам ЕГУ паўстаў канфлікт, звязаны з правядзеннем рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу. Група выкладчыкаў, якая выступае супраць палітыкі адміністрацыі, заснавала платформу «За новы ЕГУ». 1 кастрычніка 2014 большасць з іх пазбавіліся працы — з імі не працягнулі працоўныя кантракты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?