Сайт StadiumDB, прысвечаны спартовым стадыёнам і арэнам, правёў конкурс на званне самага прыгожага стадыёна, які быў пабудаваны ў 2014 годзе. Усяго для галасавання былі абраныя 32 стадыёны з усіх куткоў свету – ад Бразіліі да Сінгапура. Пачэснае месца ў гэтай кампаніі заняла і «Барысаў-Арэна», якая была здадзеная ў эксплуатацыю ў маі летась.

Усяго такі конкурс ладзіцца ў пяты раз. Сёлета ў ім прыняла ўдзел рэкордная колькасць удзельнікаў – 96 тысяч 772 чалавекі. Кожны павінен быў раставіць стадыёны па першых пяці пазіцыях: за пятае месца стадыён атрымліваў – 1 бал, за чацвёртае – 2, за трэцяе – 3, за другое – 4, за першае – 5.

Як адзначаюць арганізатары, найбольш актыўнічалі прадстаўнікі Бразіліі, Расіі, Іспаніі і Польшчы.

У выніку галасавання наведнікамі сайта «Барысаў-Арэна» заняла 7-е месца, набраўшы 63 371 пункт. Хаця ў дзясятку па меркаванню журы беларускі стадыён, на жаль, не трапіў.

Прапануем вашай увазе дзясятку самых прыгожых стадыёнаў свету за 2014 год.

1. Allianz Parque (Сан-Паўлу, Бразілія)

Умяшчальнасць: 43 600 гледачоў

Цана: 238 мільёны даляраў

Хатні стадыён клуба «Палмейрас». Таксама выкарыстоўваецца для шоу, канцэртаў (выступаў Пол Макартні), карпаратываў. У 2016 годзе Allianz Parque будзе прымаць футбольныя матчы Алімпіяды. Архітэктар стадыёна Эду Роха атрымаў некалькі прэстыжных узнагарод як унутры краіны, гэтак і за мяжой.

2. San Mames (Більбаа, Іспанія)

Умяшчальнасць: 53 289 гледачоў

Цана: 278 мільёнаў даляраў

Баскі — патрыёты не толькі ў грамадскім жыцці, але і ў такіх рэчах як футбол. Клуб «Атлетык» з Більбаа застаецца ці не апошнім у свеце, які не прызнае легіянераў, за каманду гуляюць толькі мясцовыя. Стыдыён «Сан Мамес» таксама выканаў баскскі архітэктар Сэзар Аскараце. Звонку стадыён падобны на змяіную «луску». Гэта шкляная канструкцыя, што прытрымліваецца металічнымі асновамі. Барысаўскі БАТЭ апробаваў гэты стадыён у снежні летась, на жаль, няўдала для сябе – 0:2.

3. Адкрыццё Арэна (Масква, Расія)

Умяшчальнасць: 45 тысяч гледачоў

Цана: 387 мільёны даляраў

Уваходзіць у структуру Андрэя Федуна, віцэ-прэзідэнта «Лукойла». Хатні стадыён маскоўскага «Спартака». Цікава, што за ўсё існаванне каманды ў «Спартака» не было ніколі ўласнага стадыёна. Будаўніцтва некалькі разоў затарможвалася праз фінансавыя праблемы. Стадыён пафарбаваны ў бела-чырвоныя колеры «Спартака». А каля стадыёна і ўнутры яго ёсць некалькі прыгожых скульптур.

4. Арэна Карынтыянс (Сан-Паўлу, Бразілія)

Умяшчальнасць: 48 234 гледачы

Цана: 435 мільёнаў даляраў

Адметнасць стадыёна ў тым, што ён мае дзве высокія трыбуны, а не форму кола. Даўжыня стадыёна 777 метраў, бо для клуба «Карынтыянс» лічба «77» з’яўляецца шчаслівай. Абедзве трыбуны абсталяваныя кандыцыянерамі. На стадыёне ёсць нават начны клуб.

5. Konya Büyükşehir Stadyumu (Конья, Турцыя)

Умяшчальнасць: 41 981 гледачоў

Цана: 63 мільёны даляраў

Хатні стадыён былой каманды Аляксандра Глеба. Што яшчэ маглі выявіць архітэктары на стадыёне ў самым рэлігійным горадзе Турцыі? Канечне, алегорыю на танец дэрвішаў. Дах выкананы ў форме «спіцаванага кола», а падчас вечаровых мерапрыемстваў там высвечваецца сімвал горада Конья. Паўпразрысты фасад дазваляе праводзіць каля стадыёна лазерныя шоу.

6. Stade Vélodrome (Марсэль, Францыя)

Умяшчальнасць: 67 394 гледачоў

Цана: 353 мільёны даляраў

Гэты стадыён быў закладзены аж 1937 годзе, але ў 2014-м прайшла ягоная рэканструкцыя. Назвай «Веладром» абавязаны тым, што спачатку тут праводзілі зусім не гульні футбалісты, а ездзілі на пераганкі раварысты. Трыбуны «Веладроме» названыя ў гонар вядомых грамадзян Марсэля: «Jean Bouin» - у гонар атлета Жана Буа, забітага на фронце ў верасні 1914. «Victor Ganay» — у гонар веласіпедыста, які памёр падчас гонкі на парыжскім стадыёне Парк-дэ-Прэнс ў 1926. Паўночную трыбуну таксама называюць «Ray Grassi» — па імі баксёра, а ў Паўднёвай увекавечылі памяць шэвалье Розэ, які выратаваў шмат людскіх жыццяў падчас эпідэміі 1720.

7. «Барысаў-Арэна» (Барысаў, Беларусь)

Умяшчальнасць: 13 121 гледачоў

Цана: 56 мільёнаў даляраў

Самы сучасны стадыён у сённяшняй Беларусі. Праектаваннем займалася славенская фірма Ofis arhitekti, а для ўзору была ўзятая арэна ў Марыборы. Адны кажуць, што барысаўская арэна нагадвае змяю, іншыя кажуць пра эрытрацыты. Але найчасцей гучыць параўнанне з лятаючай талеркай, асабліва падчас гульняў, ці слімаком. А яшчэ беларускі стадыён самы танны ў гэтым спісе.

8. Singapore National Stadium (Сінгапур)

Умяшчальнасць: 55 тысяч

Цана: 1,4 мільярды даляраў

Стадыён мае дах, які рассоўваецца пры добрым надвор’і і засоўваецца пры неспрыяльных умовах. На ніжніх ярусах сядзенні аўтаматызаваныя. Напрыклад, на лёгкаатлетычных спаборніцтвах з’яўляюцца бегавыя дарожкі, а вось на спаборніцтвах па футболе ці крыкеце сядзенні высоўваюцца на 12,5 метры бліжэй да пляцоўкі, каб лепш бачыць гульню.

9. Arena da Amazônia (Манаус, Бразілія)

Умяшчальнасць: 44 351 гледачоў

Цана: 253 мільёны даляраў

Нямецкіх архітэктараў, што будавалі гэты стадыён, натхнял рэгіён Амазоніі, дзе знаходзіцца горад Манаўс. Знешне стадыён нагадвае саламяны кошык, папулярны ў гэты краях. На стадыёне прысутнічае тэхналогія натуральнай вентыляцыі, каб меней сродкаў траціць на энэргію. Апроч таго, былі пераапрацаваныя 95% матэрыялу старога стадыёна. Паколькі стадыён зусім побач з экватарам, архітэктары імкнуліся зрабіць, каб тэмпература ўнутры была як мага найменшай.

10. Hazza Bin Zayed Stadium (Эль-Айн, ААЭ)

Умяшчальнасць: 25 тысяч гледачоў

Цана: 168 мільёнаў

Стадыён пабудаваны ў рэкордна кароткія тэрміны – 17 месяцаў. Цікава, што арэна з’яўляецца самым высокім будынкам у горадзе Эль-Айн. Дызайн стадыёна навеяны пальмамі, як сімвалам ААЭ. Нават у самыя гарачыя месяцы гледачы на стадыёне знаходзяцца ў цяні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?