Папярэдняе пасяджэнне Вярхоўнага суда па іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) прызначана на 30 студзеня. Аб гэтым БелаПАН паведаміў лідэр ПКБ Сяргей Калякін.

Паводле яго слоў, гэта будзе «распарадчае пасяджэнне», на якім «будзе канчаткова вызначана дата судовага разбору, магчыма, прызначаны суддзя, будуць заслуханыя аргументы Мінюста і нашы аргументы, магчыма, нейкія дадатковыя хадайніцтвы».

Як паведаміў С.Калякін, пазіцыя партыі ў адносінах да іска Міністэрства юыстыцыі аб ліквідацыі ПКБ застаецца былой: «Мы лічым гэты іск неаргументаваным, пазіцыю Мінюста — не адпаведнай законам Беларусі і Канстытуцыі. У Канстытуцыі акрэслены абсалютны пералік абставінаў, згодна з якімі партыя можа быць закрыта, — гэта распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, прапаганда вайны і гэтак далей. Нічога з гэтага ПКБ не здзяйсняла. А такія рэчы, як памылкі ў справаводстве, напрыклад, не могуць быць падставай для ліквідацыі партыі».

На думку С.Калякіна, ужо само накіараванне іску аб ліквідацыі партыі ў суд у той перыяд, калі дзейнасць ПКБ прыпынена, парушае парадак падачы іскавай заявы. «У сувязі з гэтым мы ўжо звярнуліся ў Вярхоўны суд з просьбай адмяніць рашэнне суда аб завядзенні справы па іску», — паведаміў лідэр ПКБ.

Ён таксама сказаў, што 22 студзеня ў Мінюст былі накіраваныя неабходныя дакументы аб ліквідацыі тых недапрацовак, на падставе якіх дзейнасць партыі прыпынена. «Мы здалі прыкладна 1.300 старонак дакументаў. Я лічу, што на гэты час у партыі і яе дзейнасці недапрацовак няма і перад законам у нас усё чыста», — зазначыў С.Калякін.

Нагадаем, 4 студзеня Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд іск аб ліквідацыі Партыі камуністаў Беларускай. У іскавых прэтэнзіях гаворыцца, што пасля прыпынення дзейнасці ПКБ на шэсць месяцаў 2 жніўня 2007 года ПКБ ажыццяўляла дзеянні, якія ёй забаронены заканадаўствам у гэты перыяд. У прыватнасці, Мінюстам устаноўлена дзейнасць партыі, скіраваная на ажыццяўленне збору подпісаў, пікетавання, а таксама правядзенне шэрагу іншых мерапрыемстваў; ПКБ поруч з іншымі суб\’ектамі палітычнай дзейнасці падпісала пагадненне аб прынцыпах удзелу ў палітычнай кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, што запланаваны на восень 2008 года, і вяла актыўную міжнародную дзейнасць.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0