«Хто там, міліцыя? — на стук адгукнуўся сонны голас. — Не? Зараз адамкну».

Праз шыбу ў дзвярах віднецца запаленая свечка, постаць гаспадара — ён падняўся з ложка і адмыкае драўляныя дзверы.

«Я так і думаў, што рана ці позна і журналісты прыедуць, — у паўзмроку кажа мужчына, — апошнім часам я стаў папулярным, «шпана» з ваколіц цэлыя паломніцтвы ладзіць, каб падзівіцца на мяне. І адкуль толькі яны ўсе ведаюць… Адчуваю, неўзабаве давядзецца пераязджаць».

«Мы вас не…»

«Вось на «вы» не трэба, давайце адразу дамовімся. Ненавіджу. Апошні раз мяне на «вы» на судзе называлі. Таму можна проста— Сяргей. Уладкоўвайцеся»,— прапануе гаспадар.



«Зямлянку два месяцы будаваў»

У пакоі Сяргея цёпла, а ў параўнанні з зімовым лесам нават спякотна — зямлянка добра абаграваецца буржуйкай, а яшчэ ў дадатак абабіта дыванамі. Частку пакоя займаюць кострык дроваў і стол, на якім стаіць талерка, свечка і стары радыёпрыёмнік. Сам мужчына сядзіць на ложку толькі ў трэніках і майцы. З гладка паголеным тварам і без рэзкага паху, ён зусім не падобны да стэрэатыпнага бамжа.

«Зямлянку я месяцы два будаваў, пачаў у мінулым кастрычніку, — закурваючы, расказвае Сяргей. — Жыццё прыпёрла так, што давялося ў лес ісці.

Яма тут, на шчасце, ужо была, я яе толькі крыху паглыбіў, сцены падраўняў, потым дах паклаў. А ўсё, што тут ёсць, я на сметніках адшукаў: дзверы, ложак, тумбу. Дыван, напрыклад, які да столі прыбіты, ён жа толькі запылены быў! Шчоткаю па ім прайшоўся — і хоць на кірмаш нясі! З ложкам такая ж гісторыя. А вось буржуйку прыйшлося пашукаць— выкупіў на металаздачы. Так мінулую зіму і перакантаваўся. А цяпер у цяпле жыву, яшчэ і вопратку ля трубы сушыць можна».

З вымаўленых без жалю словаў зразумела, што ўмовы жыцця мужчыну задавальняюць — халадзільнікам ему служыць яма з лёдам, гарачая вада таксама заўсёды побач — можна ўзяць на запраўцы, а мыцца ён штотыдзень ходзіць у лазню.

«Не працуюць толькі бічы»

«Ну бомж я, і што? Мне цяпер па падвалах швэндацца і клапоў карміць? — разважае Сяргей. — Не, дзякуй. Мне тут добра: раніцай устаў, дроў насек, на свежым паветры размяўся. А далей працаваць трэба. Бо сёння жыццё такое: працуюць нават бамжы. Нічога не робяць толькі гультаі, самыя апошнія, я іх называю «бічы» — гэта тыя, што пад крамамі з працягнутай рукою стаяць, шукаюць, да каго б у кішэню залезці.

А я вось горад абышоў — тую ж бутэльку сабраў, той жа картон, метал. Глядзіш — і ёсць ужо капейка. А што да міліцыі — то я ж нікому не замінаю. Каб было б інакш - ужо даўно б сагналі».

«Мне з жанчынамі не шанцуе»

На простыя пытанні аб тым, што ж прывяло яго ў зямлянку, Сяргей адказвае неахвотна — кажа, што справа заблытаная.

«Разумееш, мне ўжо 47 гадоў, дачка ёсць і ўнучка, — скупа кажа гаспадар зямлянкі. — Дачка ў ЗША жыве, замужам. Яна ў мяне ад першай жонкі — мы разышліся з ёю непрыгожа, праз дробязь нейкую. Я і падумаў: чаго тую няшчасную аднапакаёўку дзяліць? І сышоў. Даўно гэта было. Мне ўвогуле з жанчынамі не шанцуе — не разумею я, чаго ім трэба. Яны хочуць, каб ты і грошы зарабляў, і побач увесь час быў. Але так не бывае!

Колькі разоў я пасля шлюбу яшчэ заводзіў адносіны, дык усё ўпустую — цягне мяне кудысьці, не магу на месцы сядзець. Жыццё мяне панасіла — і ў Расіі жыў, і тут. Раней працаваў у Маскве, але ўжо не езджу: здароўе не тое, ды і кідаюць часта. Бандыцкія там норавы».

«Хочаш у Еўропу? Дык ты жыві па-еўрапейску»

Маналог гаспадара перарывае скрып дзвярэй — чорная котка прашмыгвае звонку ў пакой.

«Гэта мая красуня — Бэці. Навучылася сама дзверы адчыняць— лапаю. Уяўляеш? Такім чынам мне аднойчы жыццё выратавала — заснуў я неяк выпіўшы, не буду хаваць, з цыгарэтаю ў руцэ. Матрац ад яе пачаў тлець. А я сплю, нічога не чую. І Бэці, відаць, неяк гэта адчула— сама дзверы адчыніла, пачала па мне скакаць, твар драпаць. Я прачынаюся — а тут дыму-дыму!»

Пасля таго выпадку, са словаў Сяргея, да алкаголю ён ставіцца асцярожна: маўляў, п'яны спаць не кладзецца.

«Я не алкаголік. Калі ёсць што, то магу выпіць, канечне. Але не так, каб у мяне «трубы гарэлі» — лепш чаго паесці купіць, чым усё пераводзіць на пойла. Здаравейшы буду. Аднак што да алкаголю, то я заўважыў: беларусы сапраўды шмат п'юць. Мне задзяўбло ўжо па лесе смецце збіраць — кожны дзень новы пікнічок і новыя бутэлькі валяюцца. Сорам. А яшчэ назвы гэтыя — «Еўраопт», «еўрарамонт». Смех, далібогу.

Хочаш у Еўропу? Дык ты жыві па-еўрапейску. А то і самі дупу яшчэ не навучыліся падціраць, а ўжо пальцы веерам трымаюць і кажуць «еўра». Хіба той швед ці немец возьме і кіне смецце сабе пад ногі? Ды ён сто, дзвесце метраў, калі трэба, пройдзе да сметніцы.

Ох, не зайздрошчу я лесніку. Бо што ён можа зрабіць? Гуляе кампанія з дзесяці «рылаў», напрыклад — дык што, ты да іх падыдзеш і заўвагу зробіш? Ніколі! Бо добра будзе, калі толькі пашлюць, а не галаву праломяць. Я б і сам, калі шчыра, пайшоў бы ў леснікі, бо падабаецца мне жыць у лесе. Я ж усё бачу — гэты гай памірае: яго караед грызе, дрэвы гніюць, даўно не чышчаны».

«Прыходзяць да мяне паесці»

«Чаму ж не пойдзеце працаваць? Што не дае?» — пытаюся ў Сяргея. Пасля кароткага шчырага смеху, той пачынае тлумачыць. «Глядзі, я толькі на бутэльках і метале каля чатырох мільёнаў на месяц маю. А калі пастараюся, то і ўсе пяць, — пераконвае бомж. — А што мне дзяржава прапанаваць можа? Працу за 2—3 мільёны? І навошта яно мне?

Вось гісторыя з жыцця. Прыйшоў да мяне нядаўна знаёмы, працуе на адным з заводаў баранавіцкіх. І што ты думаеш? Ён мне кажа: «Сярога, я піць не хачу, дай мне паесці». І гэта не мае фантазіі — у чалавека крэдыты, жонка і двое дзяцей, якіх накарміць трэба, у школу сабраць. Ён на працу ходзіць тры дні на тыдзень, бо завод «стаіць», а есці хочацца ўсе сем дзён. Чалавек нават той ноўтбук, які дачцэ браў у крэдыт, у ламбард занёс, каб з банкам разлічыцца. Вось так і жывём. І не ён адзін такі ў горадзе.

А наш спадар прэзідэнт ці як яго там, Лукашэнка, наракае на дармаедаў. Дык прыедзь ты сам сюды і паглядзі, як людзі жывуць! Разбярыся! А то проста казаць, што вось давайце там кагосьці прымусім працаваць — гэта, я мяркую, няправільна».

«Я заклікаю карыстацца мазгамі»

«Буду нават паміраць — не пайду прасіць. Я так выхаваны, у інтэрнаце рос. У мяне няма такога — ісці і кагосьці прасіць. Ну здаровы ж мужык, 47 гадоў! Сышоў з сям’і, пакінуў хату — значыць, буду жыць у зямлянцы. Але ісці і прасіць кагосьці, вешаць на іншых свае праблемы? Даруйце.

Няма чаго есці? Ідзі бутэлькі збірай. Мала грошай? Не выпіць купляй, а хлеба акраец. Няма курыць? Не куры, няма чаго страляць. З чаго мне хтосьці павінен дапамагаць? Вунь, колькі дзяцей хворых — хай ім дапамагаюць. А я мужык ці не мужык?»

Філасофскія развагі Сяргея сыходзяць на спад, той маўкліва задумваецца ды кажа на развітанне:

«Ведаеце, што я з гэтага жыцця вынес? Некалькі карысных рэчаў, якімі магу падзяліцца з іншымі. Першае — я заклікаю карыстацца сваімі мазгамі. Яны ў кожнага ёсць, але не ва ўсіх задзейнічаныя. Я таксама без мазгоў жыў раней, але гадоў пяць таму навучыўся трохі варушыць. А па-другое, ніколі не лезьце ў чужыя справы. Жывіце сваім жыццём і будзеце шчаслівыя — хоць у зямлянцы, хоць у пентхаўсе. Але добра, ужо ноч, засядзеліся мы».

Сяргей выходзіць са свайго жытла, разганяе ліхтарыкам начны змрок і променем святла ўказвае: «Кіруйцеся ў той бок, праз колькі метраў убачыце агні запраўкі, а там і горад, іншае жыццё. Бывайце».

Мужчына зачыняе дзверы, сярод начнога лесу ўжо не відаць водсвету свечкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?