Галіна Грышкавец моцна змянілася пасля паўтара года праведезеныя ў ізалятары. Настолькі, што сведкам цяжка яе пазнаць

Галіна Грышкавец моцна змянілася пасля паўтара года праведезеныя ў ізалятары. Настолькі, што сведкам цяжка яе пазнаць

Наталля Беразоўская таксама змянілася.

Наталля Беразоўская таксама змянілася.

Супрацоўніц Міністэрства юстыцыі затрымалі ў сваіх кабінетах яшчэ ў жніўні 2013. Галіна Грышкавец узначальвала ўпраўленне адвакатуры і ліцэнзавання юрдзейнасці, Наталля Беразоўская была яе намесніцай. Абедзвюх узялі, як паведамілі ў КДБ, пры атрыманні хабару ў $1000 ад заснавальніка будаўнічай фірмы. Але выпадкі былі не адзінкавыя.

Да арышту жанчыны запомніліся тым, што пасля Плошчы-2010 пазбаўлялі ліцэнзій некаторых адвакатаў, што абаранялі апазіцыйных палітыкаў. У прыватнасці, Паўла Сапелку (абаронца Саннікава), Алега Агеева (Міхалевіча), Тамару Сідарэнку (Някляева).

Праз паўтара года пасля арышту пачаўся суд. Па справе праходзяць 65 сведкаў. А на лаве падсудных — яшчэ трое абвінавачаных: Марцінкевіч, Сцёпін і Шэўчык. Адзін з іх — той самы заснавальнік будаўнічай фірмы, іншы — дырэктар рыэлтарскага агенцтва.

Не пагрэбавала і дацэнтка БДУ

Былых чыноўніц вінавацяць у тым, што дапамагалі здаваць экзамены: каму на атрыманне адвакацкай ліцэнзіі, каму на атэстат юрыста. Не за так, як сцвярджае пракурор.

Адной са сведкаў на працэсе стала дацэнтка БДУ, вядучы юрысконсульт прыватнага прадпрыемства «Тэхналогіі кіравання» Валерыя Жыгуліч.

Маладая жанчына, як высветлілася, у 2013 атрымала ліцэнзію юрыста. Праўда, яна хоць і была ўжо кандыдатам навук і выкладчыкам юрфака БДУ, але экзамен у Мінюсце здаць сама не змагла.

Атрымаць жа запаветны дакумент дапамог выпадак.

Яе швагер на курсах замежнай мовы пазнаёміўся з работнікам Мінюста Мікалаем Азаранкам. А калі пачуў, што сваячцы трэба як найхутчэй здаць экзамен, звярнуўся да прыяцеля. Той пры сустрэчы ўжо з Галінай Грышкавец удакладніў, «ці можна звярнуцца да яе, калі ўзнікнуць праблемы».

Пытанне гучала так: «Каб чалавек мог паспяхова здаць экзамен». Яна адказала, што, калі будзе магчымасць, дапаможа», — расказаў на судзе Азаранка.

У дзень экзамену, 27 сакавіка 2013, Жыгуліч не змагла правільна прайсці тэст. Давялося яе запрашаць у кабінет да Грышкавец. Праўда, калі ў залу суда запрасілі самога дацэнта, яна амаль нічога не змагла расказаць.

«Не памятаю», — адказвала Валерыя. Ні як здавала экзамен, ні як выпраўляла тэст.

Давялося зачытваць яе сведчанні, якія давала на допыце ў КДБ: «Зайшла ў кабінет Грышкавец, павіталася. Апошняя прапанавала мне пераправіць недакладныя варыянты адказаў на правільныя, што я і зрабіла».

Выявілася, што ўжо ў сакавіку 2013 у кабінеце Грышкавец стаяла схаваная камера. На запіс трапіла і сустрэча гаспадыні кабінета з Жыгуліч.

«Я сапраўды ёй дапамагала скарэктаваць тэст», — пацвердзіла на судзе Грышкавец.

А дзесьці паўгода таму Жыгуліч здала ў Мінюст сваё пасведчанне юрыста. У міністэрстве намякнулі на расследаванне: «Завуалявана было сказана, выразна ніхто не казаў», — скардзіцца яна.

А дакумент вырашыла здаць, каб «не было шуміхі, камісій нейкіх».

Дапамагалі не толькі юрыстам

У справе фігуруе таксама адвакат Топаз, які ў маі 2013 атрымаў адвакацкую ліцэнзію.

Паводле пракурора, у бланку адказаў Топаза быў шэраг выпраўленняў. Па словах жа былой работніцы Мінюста Валянціны Якімовіч, якая ў камісіі прымала экзамены, выпраўленні не прадугледжаны правіламі. Той з членаў камісіі, хто правяраў тэст, у канцы ставіць агульную колькасць правільных адказаў. І ніхто не пераправярае.

«Пра тое, што Топаз мог звяртацца да Беразоўскай з просьбай паспрыяць яму ў паспяховай здачы экзамену на атрыманне ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць, мне вядома не было. Мне Беразоўская нічога не казала», — зачыталі паказанні іншай сведкі, таксама работніцы Мінюста, Барэйшы.

Па версіі следства, так прымаліся экзамены і на камісіі Мінюста па рыэлтарскіх паслугах. За грошы можна было дамовіцца на станоўчы вынік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?