08.03.2015 / 13:09

Мова наша. Улезці ў аўтобус  24

«Заканчваецца пасадка на аўтобус па маршруце Баранавічы — Добры Бор. Вадзіцелю і пасажырам — у добры шлях».

Сядзіш у гэтым аўтобусе і думаеш: гэта мо і добра, што яны намагаюцца па-беларуску казаць, але ж неяк яно ім не надта спраўна выходзіць.

Відаць, людзі падчас заўважаюць, што нешта з пасадкаю-перасадкаю тою не ўсё добра. Той-сёй спрабуе нейкую замену знайсці: кажа «перасядка». Але ж гэта, як той казаў, змяняць быка на індыка. Рэч у тым, што назоўнікі з суфіксам -к-, са значэннем пэўнага працэсу, жывой мове неўласцівыя. Адзіныя, бадай, такія словы — што абазначаюць гаварэнне: гаворка, гутарка. Яны называюць не толькі працэс, але і дзеянне, і крышку, відаць, інструмент, бо гаворка можа быць інструментам зносін. Каб выразіць просты працэс — лепш ужываць аддзеяслоўныя назоўнікі на -нне, або іншыя традыцыйныя для нашае мовы аддзеяслоўныя назоўнікі. А яшчэ лепш наогул не ўжываць назоўнікаў, а будаваць сказ так, каб карыстацца дзеясловамі. Наша мова дзеяслоўная. Замест «заканчваецца пасадка» па-людску было б сказаць «аўтобус ад'язджае». Ну, і не «ў добры шлях», а «добра вярнуцца», «добрай дарогі» і г. д.

А раз мы ўжо пастанавілі карыстацца дзеясловамі, то выберам сабе найбольш зручныя. Зручна казаць «сесці ў трамвай», «зайсці ў трамвай». Адпаведна выйсці. Гэта мы чуем часцей за ўсё. А яшчэ па-беларуску ў трамвай мы можам улезці. А з трамваю адпаведна вылезці.

Гэты спосаб з аднаго боку надае нашай мове свабоды, размоўнасці. Але слова ўлазіць у гэтым кантэксце падчас можа ўжывацца і ў зусім нейтральным, апавядальным стылі.

Калі казаць пра семантычнае поле гэтага дзеяслова, то адно са значэнняў улезці — пасяліцца. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы цытуе Максіма Лужаніна:

Перабраліся ў зямлянку і жылі ў ёй, пакуль не ўлезлі ў новую хату.

Нават свята такое ёсць — улазіны. Калі людзі ўлазяць у новую хату. Дый у царкву можна ўлезці:

Улезлі ў царкву, а там народ ушчыльную стаіць, нібы плінфа ў мурах. (Кастусь Тарасаў, «Пагоня на Грунвальд») 

Ларыса Геніюш паслядоўна ўжывала вылазіць, вылезці (побач з сядаць), калі казала пра транспарт:

Па дарозе людзі вылазілі, і стала вальней.

Калі мы ля Альшанскіх могілак вылазілі з трамвая, я ўбачыла на другім баку вуліцы двох савецкіх афіцэраў. («Споведзь»)

Такім чынам, мы маем цэлы набор дзеясловаў: сядаць, заходзіць-выходзіць ды ўлазіць-вылазіць. Калі Вы адчуваеце пэўнае гутарковае адценне ў выразе «ўлезці ў трамвай», то гэта вельмі добра. Ужываць гутарковыя словы — гэта карысна для гутаркі. А можа, потым абвыкнецца ды ў аб'явах на вакзале загучыць. Гаманіце.

 Лявон Маліноўскі

0
Гарадзенец / Адказаць
08.03.2015 / 13:26
"Пасадка" кепская перадусім тым, што паказвае на людзей на як нібы быдла якое. Людзі ж самыя сябе не пасадзяць - гэта толькі іх нехта можа пасадзіць. Як нейкіх ці то нямоглых, ці, не дай бог, падняволеных.
0
Гарадзенец / Адказаць
08.03.2015 / 13:28
Ну а наконт ненатуральнасці для нашай мовы аддзеяслоўных назоўнікаў на -ка, наконт дзеяслоўнасці нашай мовы - усё слушна.
0
А.Антановіч / Адказаць
08.03.2015 / 14:03
Праўда, што лепш "Добрай дарогі!" А гэты "шлях" усюды сунуць."Шлях" - гэта канкрэтна тракт, гасьцінец. А ў шырокім сэнсе лепш "дарога"
Паказаць усе каментары/ 24 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру