Напісаць цікавы верш пра Менск цяжэй, чым сесьці на шпагат.

Шмат паэтаў у розны час ірвалі сабе… галасавыя зьвязкі, гукаючы сталічных музаў на стадыёнах і кухнях, камсамольскіх шабашах і апазіцыйных мітынгах, фэстывалях і слэмах. Здавалася б, каму зь іх не хацелася ўшчэнт разбурыць — калі не Парыж, дык прынамсі эсэістычныя пабудовы Валянціна нашага Акудовіча пра горад, які «ня вабіць мітамі й не абавязвае мэтамі», а таксама «не пярэчыць традыцыям, не спакушае вабнотамі, не прымушае ідэалягемамі, не забараняе забабонамі, не абцяжарвае філязафемамі». Вось так, ты ірвеш зьвязкі, а ён не абцяжарвае і ўсё тут, адно ўсьміхаецца ў цытату з барадой.

Яскравыя выключэньні толькі падкрэсьліваюць гэта правіла. Яны, дарэчы, не такія й рэдкія, але заўжды патрабуюць ад нашых аўтараў па-шпагатнаму нестандартных хадоў. Калі кічавыя шыльды робяцца густоўнейшымі, а негаваркія назвы вуліцаў раптам пачынаюць прамаўляць, стаўшы сьведкамі любоўных спатканьняў, як у найлепшых вершах Л.Дранько-Майсюка. Калі сама менская тапаграфія, верш за вершам, прызначае спатканьні топасам Адама Міцкевіча, як у «Мінскіх санэтах» ягонага амаль фаміліянта, так што «падмарожаную» іншым аўтарам Сьвіслач ужо не адрозьніць ад Нёмана 200 год таму. Калі чытач ужо згаданага эсэя пярэчыць яму ягонымі ж цытатамі, як у вэрлібры У.Арлова. Калі Менск гуляе ў гарады зь Мінскам, іншым паўшар’ем нашай беларускай сьвядомасьці, як у Л.Вольскага. Калі, па другім законе менскай паэтычнай дыялектыкі, колькасьць вершаў урэшце пераходзіць у якасьць і зьяўляецца цэлая кніжка — «Верхні горад» Антона Рудака, дзе Менск (ён жа Мінск) канчаткова ажывае, танчыць у бамбасховішчах, мае права бачыць сны (або ня спаць і быць прысьнёным), блытае карты, часам аплаквае ахвяраў, але можа й паказаць зубы. Ці цэлую «Зубную карту гораду».

Верхні горад. Антон Рудак

Верхні горад. Антон Рудак

Беларускія «карты» блытаюцца ў нас не ўпершыню: тут вам і «Контурная карта памяці» Сяргея Прылуцкага, і «парнаграфічныя карты сакрэтных аэрадромаў» аднаго не да ночы згаданага паэта. Але ў Рудака гэтая знаходка ня проста робіцца зьнешняй аздобай тэкста, а шчасьліва вызначае яго структуру, разгортваецца ў верш, які ўжо сёньня хочацца зьмясьціць на вокладцы будучай анталёгіі «Горад, якога няма». І адзінае, што можа гэтаму перашкодзіць — вострая канкурэнцыя зь іншымі вершамі таго ж аўтара.

Вершамі, дзе перайначваюцца цытаты й слоганы, так што палітыка робіцца чыстай вады лірыкай («Бабуля слухае музыку»), а паршывы беларускі патрыятызм перафарматоўваецца й выратоўваецца мэтафарай каханьня («песьні пра любоў»). Дзе звычайныя, здавалася б, гарадзкія назвы паварочваюцца іншым бокам, адкрываючы свой іншы — «верхні» — сэнс. Дзе пануюць лёгкія (толькі лёгкія!) рытмічная неахайнасьць ды прыблізнасьць у рыфмах, бо аўтару не да гладкапісу: замест адрэпэтаванага фокусу зноў атрымаўся цуд. Дзе Элвіс ідзе па праспэкце, Эйнштэйн выкладае ў БДУ і ўсё вабіць мітамі й абавязвае мэтамі. Лёгка, быццам сядае на шпагат. Бо ці доўга ўмеючы?

Антон Рудак, фота Вікі Трэнас

Антон Рудак, фота Вікі Трэнас

Зубная карта гораду

Малочныя гараджане ўсмоктваюць у кроў з малаком
бяссоньне, якое цурком павольна цячэ па венах,
і не разагнаць іх ні Ігаравым, ні нейкім іншым палком —
нават палком міліцыі адмысловага прызначэньня.

Карэнныя гараджане бароняць сваіх двароў
ад недапалкаў, варонаў і неўладкаваных парковак —
іх дзеці ніколі ня ўведаюць, чаму ў іх бяссонная кроў,
з радзільні адразу трапляючы ў панэльны шматпавярховік.

І горад ня сьпіць уночы — гуляе, пакуль малады,
міргаючы ў цемры гарэзьліва ілюмінацыяй вуліцаў,
але ён таксама хоча, як іншыя гарады,
каб урэшце ў яго прарэзаліся свае гараджане мудрасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?