Дырэктар музея палітычных рэпрэсій «Перм-36» Віктар Шмыраў заяўляе, што мясцовыя ўлады ўзялі мемарыял пад свой кантроль і прыбралі згадкі пра злачынствы Іосіфа Сталіна.

Мемарыяльны музей «Перм-36» заснаваны на месцы былой папраўча-працоўнай калоніі на Урале.

Гэта адзіны ацалелы лагер, пабудаваны ў часы сталінскага тэрору.

«Палітычнае рашэнне»

«Вядома, гэта палітычнае рашэнне», — не сумняваецца Віктар Шмыраў ў падаплёцы рашэння новага кіраўніцтва.

Музеем кіравала няўрадавая арганізацыя, якая заявіла аб самаліквідацыі пасля канфлікту з пермскімі ўладамі.

У ГУЛАГ (Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных паселішчаў і месцаў зняволення) высылалі мільёны грамадзян СССР у сталінскія часы. Найбольшага маштабу рэпрэсіі дасягнулі ў 1930-х гадах.

Партрэты Сталіна, якія былі забароненыя пасля выкрыцця культу асобы ў 60-х гадах, у сучаснай Расіі можна ўбачыць усё часцей.

Даследаванні паказваюць, што многія расейцы лічаць Сталіна героем. Аднак у самім лагеры, створаным па ўказанні Сталіна, згадак пра яго цяпер не сустрэнеш.

Не пра палітвязняў

Дырэктар «Пермі-36» Віктар Шмыраў патлумачыў, як змянілася канцэпцыя музея з прыходам новага кіраўніцтва.

«Мемарыял не знікне, але музей захапілі людзі, якіх прызначыла новая ўлада, і цалкам змянілі яго. Цяпер гэта музей пра лагерную сістэму, але не пра палітычных зняволеных. Яны не гавораць пра рэпрэсіі або пра Сталіна», — кажа Шмыраў.

На яго погляд, музей стане іншым і страціць сваё значэнне.

Па словах Шмырава, наступ уладаў на музей пачаўся ў 2013 годзе, і спачатку тысячы людзей спрабавалі пратэставаць.

Але летась вясной у музеі з-за даўгоў адключылі ваду і электрычнасць.

Папраўча-працоўная калонія ў Сібіры «Перм-36» амаль не змянілася з часоў Сталіна: на 14 тыс. кв. м. за платамі і калючым дротам размясціліся 20 будынкаў, якія правільней назваць баракамі.

«Дзяржава сталінскага тыпу»

За часы рэпрэсій часоў Сталіна больш за 3 тысячы палітычных зняволеных прайшлі праз гэты лагер, за часы Леаніда Брэжнева — яшчэ каля тысячы, кажа Шмыраў.

Лагер закрылі ў 1988 годзе, а праз восем гадоў на яго тэрыторыі быў заснаваны музей.

Шмыраў лічыць, што працэс паглынання музея ўладамі адбываецца не столькі з мэтай рэабілітацыі Сталіна, колькі «па палітычных прычынах».

«Мы ўжо назіраем стварэнне дзяржавы сталінскага тыпу — вялікая ўлада засяроджаная ў руках аднаго чалавека», — кажа Шмыраў.

На яго погляд, пры прэзідэнце Пуціне «няма ніякай неабходнасці для рэпрэсій — людзі сталі пакорлівымі».

«Палітычная сістэма вяртаецца да таталітарызму», — заключае Шмыраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?