Сёньня на сайце Радыё Свабода прайшла онлайн-канфэрэнцыя з рэдактарам часопісу ARCHE Валерам Булгакавым.

Падаем стэнаграму онлайну.

* * *

Дык «Как спасти Россию?» :) Хлопчык з-пад-Менску

Гэтае пытаньне будзе бадай усім ўдзельнікам форуму незразумелае. Патлумачу: у мой скайп «забіты» выраз «Я знаю, как спасті Россію». Выраз гэта ня мой, а паходзіць з аўдыявізуальнай творчасьці легендарнай расейскай групы «»НОМ» канца 1990‑х. Ён абыгрывае схільнасьць постсавецкіх палітыкаў да безадказнай дэмагогіі і папулізму. У Беларусі таго часу вы чулі выразы накшталт «Я знаю, як запусьціць заводы» і пад. З гэтага самага шэрагу сёньняшнія эскапады «Власть не должна быть раз і навсегда быть застывшей должна проісходіть ротація». Калі палітыкі, якія ўжываюць такія формулы, займаюць ключавыя пазыцыі ў тым ці іншым грамадзтве, значыць, ступень дэмаралізацыі як яго эліт, так і «простых людзей» не падаецца апісаньню. Задача інтэлектуала — рэагаваць на такі стан рэчаў. «Спасті ж Россію» на дадзеным этапе азначае прадухіліць яе ператварэньне ў фашысцкую дзяржаву сучаснага тыпу. Калі гэтага ня ўдасца зрабіць, яе будучы распад выглядае непазьбежным.

Вітаю шаноўны сп. Валер! Дзякуй Вам за арганічную працу на карысьць беларушчыны. Хацеў у вас запытацца, прачытаўшы рэцэнзію Алеся Пашкевіча на зборнік «Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ ст.», у Вашым часопісе і азнаёміўшыся з самім зборнікам, як вы ацэньваеце сёньняшнія стасункі пратэстантаў з беларускім рухам? І якія ў гэтым кірунку пэрспэктывы? Нагадаю, што пратэстанты хіба адзіныя, хто прымусіў улады адступіць падчас галадоўкі ў абарону будынка царквы «Новае Жыцьцё». Шчыра дзякую! Віктар

-- Беларускі нацыяналізм і беларускі пратэстантызм маюць шмат супольнага. І першы, і другі (у выглядзе нэапратэстанцкіх рухаў) нават зарадзілася ў прыкладна аднолькавы час (другая палова XIX ст.). Яны разам супрацьстаялі таталітарнаму малоху ў савецкі час, абодва адчуваюць на сабе жорсткі перасьлед сучаснай рэпрэсіўнай палітычнай машыны. Нарэшце, і за беларускімі нэапратэстантамі, і за беларускімі нацыяналістамі замацавалася мянушка «сэктанты» (магчыма, таксама і таму, што ў беларускія нацыяналісты рэкрутуюцца людзі з павышаным узроўнем рэлігійнасьці). Разам з тым, ёсьць шмат такога, што падзяляе «адраджэнцаў» і нэапратэстантаў. Апошнія, як правіла, арыентуюцца на культурныя нормы, прынятыя ў беларускім грамадзтве, і не ўспрымаюць беларускую мову як фундамэнтальную вартасьць. Яна выкарыстоўваецца для адчапнога, на поўнай пэрыфэрыі царкоўнага жыцьця. Ува ўмовах слабасьці і фрагмэнтаванасьці нацыянальнага руху існуе, бадай, адзіны рэалістычны сцэнар разгортваньня ўзаемаадносін з пратэстантамі. Абедзьве сілы мусяць працаваць у імя свабоды, а і іх лідэры абавязаны падтрымліваць і ўмацоўваць цёплыя нефармальныя ўзаемаадносіны. Нас больш лучыць, чым разьядноўвае.

Шаноўны спадар, Валер! Па‑першае, вялікі дзякуй за вельмі добры часопіс, які злучае Беларусь са светам. Па‑другое, скажыце, калі ласка, хто з беларускіх пісьменнікаў можа атрымаць нобелеўскую прэмію, калі гэта магчыма……. Ліс

-- Думаю, ніхто. Чаму? Знаеце, я пару гадоў таму назад размаўляў у адным стакгольмскім рэстаране зь віцэ‑старшынём Швэдзкага ПЭН‑клюбу. Калі зайшла мова пра беларускую літаратуру, ён, як і мае быць, сказаў пару дзяжурных фраз аб яе багацьці і росквіце. Каб падтрымаць размову, я запытаўся, творчасьць якіх беларускіх пісьменьнікаў яму даспадобы. Некалькі хвілін ён намагаўся пыкаў‑мыкаў, а пасьля здаўся. Вы можаце сказаць, за гэты час нешта зьмянілася — на швэдзкую за гэты час перакладзены апавяданьні Барыса Сачанкі ці Ўладзімера Арлова. Аднак і гэтыя вельмі пазытыўныя зрухі не павінны ўводзіць у зман: на швэдзкую і іншыя эўрапейскія мовы творы беларускіх пісьменьнікаў перакладаюцца прыкладна ў такой жа прапорцыі, як і творы з афрыканскіх літаратур. Беларусь нецікавая Эўропе, бо не прапаноўвае сьвежага інтэлектуальнага і мастацкага досьведу, які б крышку выпярэджваў свой час, падтрымліваць зь ёй паўнаварты культурны дыялёг. Яго падмяняюць анахранічная літаратура, самапрыніжальныя крыкі аб дапамозе і спэкуляцыі вакол асобы першага беларускага прэзыдэнта. У беларускай літаратуры два бічы: графаманія і правінцыйнасьць. Да росквіту першай прыклалі сваю руку дзьве акалічнасьці: мэтаскіраваная культурная палітыка савецкай дзяржавы, пры якой беларускія пісьменьнікі стаялі перад дылемай: ператварэньне ў кліентаў савецкай дзяржавы або фізычнае вынішчэньне, - і цяжар нацыянальнай традыцыі, якая доўгі час дапускала пашырэньне беларускай нацыянальнай сьвядомасьці толькі пры дапамозе мастацкага тэксту. У выніку часам здаецца, што ў чыста колькасным пляне беларусамоўных пісьменьнікаў у XX ст. было ня так ужо і мала ў параўнаньні зь літаратурамі суседніх нацый.. Але пры гэтым забываюцца дадаць, што яны рэкрутавался толькі з таго пласта беларускага грамадзтва, для якога нешта значыла нацыянальная ідэя, а ён, у сваю чаргу, яшчэ не перавышаў пары дзесяткаў працэнтаў. Другі біч — правінцыйнасьць. Беларускія творцы падсьвядома мараць аб сытуацыю, калі іх будуць узнагароджваць за сам факт публічнага прамаўленьня па‑беларуску. Пры гэтым яны ня хочуць разумець, што літаратура, якая ставіць мэтай ўмацаваньне нацыянальнай сьвядомасьці або выкрыцьцё крывавага гэбісцкага рэжыму, можа быць цікавая адно ў межах Беларусі. Каб здабыць міжнароднае прызнаньне, літаратура зь неабходнасьцю мае быць трансгрэсіўнай. Я мяркую, што першы беларускі нобэлеўскі ляўрэат у галіне літаратуры як і Архан Памук будзе мець заходнюю гуманітарную адукацыю і вольна гаварыць на асноўных заходніх мовах.

Чым Вы патлумачыце жорсткія дзеяньні ўлады ў адносінах да акцыі прадпрымальнікаў? Міхась

-- Гэта доўгая размова. Коратка можна рэзюмаваць так: кантроль над беларускай эканомікай для нашага рэжыму азначае прадухіленьне самастойных эканамічных агентаў, якія могуць гуртавацца з існуючай палітычнай апазыцыяй для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў. Груба кажучы, цяпер у Беларусі ёсьць сотні бізнэсоўцаў, якія маглі б укласьці мільёны ў палітычныя кампаніі, калі б толькі не баяліся за свой бізнэс і сваё жыцьцё… Улада жорстка кантралюе буйны бізнэс, у тым ліку праз увядзеньне элемэнтаў кругавой парукі, у той час жа яна не знаходзіць больш эфэктыўных інструмэнтаў для кантролю над малым бізнэсам, як адміністрацыйная сваволя і рэпрэсіі. Кампанія перарэгістарцыі іпэшнікаў тыпалягічна падобная да зьмяненьня парадку функцыянаваньня няўрадавых аб’яданьняў і палітычных партыяў напярэдадні буйных палітычных кампаніяў. Беларускі рэжым трымаецца ня толькі на раўнавазе страху. Ён імкнецца фрагмэнтаваць беларускае грамадзтва на асобныя замкнёныя кланы, абагароджаныя паміж собку мурам нянавісьці. Акурат таму трэба не паддавацца на фабрыкаванае афіцыйнымі мэдыямі ўяўленьне пра беларускіх прадрымальнікаў як пра драбязьлівых таргачоў, схільных да падману. Якраз таму важна выражаць салідарнасьць. Беларускія прадрымальнікі — розум, гонар і сумленьне сучаснай эпохі.

Шаноўны Валер! Шчыра дзякую за тую вялікую працу, якую Вы і Вашы сябры робіце. Ці цікава Вам пад час паездак і выступленьняў у розных мясьцінах Беларусі? Якая з апошніх паездак пакінула найлепшыя/найгоршыя ўражаньні? Дзьмітры Вінчэўскі

-- Так, мы сапраўды многа езьдзім, і заўсёды чакаем вашага запрашэньня выехаць у якісьці куток Беларусі (для тых, хто хоча памагчы з прэзэнтацыяй «ARCHE» і «Нашай Нівы» ў сваёй мясцовасьці, на ўсякі выпадак падам свой мэйл [email protected]). Нашы падарожжы доўжацца ўжо ня першы год, таму мае назіраньні, казаў той, падмацаваныя практыкай. Згаджуся з Паўлам Севярынцам — найлепшыя пазыцыі нацыяналльны рух мае на Гарадзеншчыне, і нас там заўсёды найлепш прымаюць. У Горадні існуе вялікая беларуская суполькасьць, якая выгаладася па беларускай кнізе і слова, не апошнюю чаргу таму, што беларускія кнігарні ператварыліся ў ўстановы ідэалягічныя, а не камэрцыйныя: нашу літаратуру на рэалізацыю туды не бяруць ўжо каторы год. Мы паставілі сабе мэту абведваць Горадню штодвамесяцы. 28 лютага заплянаваная чарговая прэзэнтацыя на гарадзенскай сядзібе Таварыства беларускай школы з удзелам рэдактара беларускага выданьня «Карлсана‑з‑даху» Лявона Баршчэўскага і перакладчыка «Віні‑пыха» Віталя Воранава. За Гарадзеншчынай найлепшыя пазыцыі беларуская культура мае на Віцебшчыне і Берасьцейшчыне. Дарэчы, заўтра ў Берасьці адбудуцца дзьве прэзэнтацыі кнігі Пятра Рудкоўскага «Паўстаньне Беларусі», а 9 лютага мы ізноў адведаем Віцебск і яго ваколіцы. Ну і нарэшце Магілёў і Гомель. Рэальнасьць такая. Што пару месяцаў таму нас напаткаў значна больш гарачы прыём у райцэнтры Бяроза, чым ва ўнівэрсытэцкім цэнтры Магілёў. Відаць, гэта наша віна — таму будзем выпраўляцца перад магілёўцамі. Мая мара — адведаць сёлета Брагін і прылеглыя мясьціны. Мяркую, што і там ёсьць нашы чытачы.

Спадар Валер, прывітаньне! Сёлета часопісу «ARCHE» будзе 10 гадоў. Што‑кольвек адмысловае з гэтай нагодзе рыхтуецца? Балахонаў

-- Перш за ўсё нашым радзімым Міністэрствам інфармацыі. «ARCHE» на канец мінулага году меў 3 папярэджаньні ад гэтай арганізацыі. Сёньня зь невялікай затрымкай выходзіць апошні нумар за 2007. На яго воклдцы зьмешчана карыкатура з выявай «найвышэйшай службовай асобы». У цяпершняй Беларусі друкаваць такія матэрыялы з удзелам першай асобы дэ факта забаронена. Паглядзім, як адрэагуюць на гэта ўлады. А пакуль хачу паведаміць, што на наш часопіс прымаецца падпіска ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты». Карыстайся шанцам, якога заўтра можа і ня быць.

Ваi прагноз: ці патрапіць хоць адзін прадстаўнік апазыцыі ў палатку прадстаўнікоў на будучых» выбарах»? А.

- Не для таго Лукашэнка выбары праводзіць, каб на іх перамаглі прадстаўнікі апазыцыі.

Наколькі сінанімічныя паняцці «апазіцыя», «трэці сэктар», «незалежнае грамадства»? Калі казаць пра апошняе — ад каго канкрэтна яно незалежнае? Gorliwy Litwin

- Апазыцыя складаецца з палітычных суб’ектаў, зацікаўленых у палітычных пераменах. Трэці сэктар яднае няўрадавыя арганізацыі, якія могуць ставіць перад сабой абсалютна непалітычныя мэты, напрыклад, арганізацыю сьвятаў і ці раздачу гуманітарнай дапамогі. Незалежнае грамадзтва — гэта беларускі эўфэмізм грамадзянскай супольнасьці. Яно ўключае ў сябе індывідаў, уплыў на якіх з боку дэспатычнай дзяржавы абмежаваны. Як пісаў Віталь Сіліцкі, у XXI ст. можна жыць у грамадзтве і быць вольным ад грамадзтва.

Добры дзень, Валер! Чаму Вы ўбухалі (не магу падабраць іншага слова) «Кароткі нарыс беларускага пытаньня» (усяго толькі на 320 старонак!!) у «Архэ» н‑р 11‑2007? Матэрыял, па‑мойму, цікавы адно для вельмі абмежаванага кола гісторыкаў, якія пра яго, дарэчы, ведаюць і без публікацыі ў «Архэ». Яшчэ пару такіх публікацыяў, і Вы самі даканаеце свой часопіс, без дапамогі Белпошты і Белсаюздруку. Гавару гэта як Ваш пастаянны чытач і ад сёлета — падпісчык. Ян Максімюк

-- Ну нарэшце пачынаецца прадметная размова пра «ARCHE»… Я з вамі прынцыпова не згаджуся ў тым, што такога роду публікацыі дабіваюць часопіс. Пазалетась мы апублікавалі падобны тэкст — нарыс «Кампанія 1660 году ў Літве» Кшыштафа Касажэцкага » (http://arche.org.by/2006‑6/kasazecki606.htm). Вынік быў у тым, што нумар купляўся за двайную цану значна лепш, чым звычайны нумар за стандартную цану. Мы ў мінулую суботу былі ў Наваполацку і там найбольшы інтарэс сярод нумароў «ARCHE» за 2006 выклікаў акурат той тоўсты. Прыкладна тое самае і з апошнім нумарам «ARCHE». Больш за тое, ў гэтую суботу будзе адмысловая прэзэнтацыя гэтага тэксту ў Маладэчне з удзелам гісторыкаў Алеся Пашкевіча і Андрэя Вашкевіча. Людзям цікава. Мне цяжка пагадзіцца з тым, што якасна падрыхтаваныя творы з беларускай гісторыі (а «Кароткі нарыс беларускага пытаньня» рыхтаваўся не адзін год) адпужваюць чытача. Мой рэдактарскі досьвед адваротны. Разам з тым я прымаю вашу ідэю ў той частцы, што тэкст гэты нефарматны для «ARCHE». Гэта не ад добрага жыцьця мы яго далі ў часопісе. Увесь 2007 аўтары перакладу спрабавалі адшукаць выдаўца тэксту, і, на жаль, не змаглі. Тое самае было ў 2006 г. з Касажэцкім. У такой сытуацыі мы былі проста змушаныя падставіць плячо, хоць на нас леглі лішнія выдаткі. Я, дарэчы, не хаваю, што ў 2007 г. наклад «ARCHE» падаў. Цяпер ён складае палову ад накладу «Дзеяслова». Гэтаму ёсьць розныя тлумачэньні, але публікацыя вялікіх тэкстаў на гістарычную тэматыку найменш пераканаўчае зь іх. Хутчэй у варунках прымусовай дэпалітызацыі адбываецца агульнае падзеньне інтарэсу да друкаванага слова і спад колькасьці людзей, якія могуць і любяць чытаць па‑беларуску. Тэндэнцыя гэтая адбіваецца і на папулярнасьці сайту беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», і на падзеньні накладу «Звязды» і г.д. Да таго ж «ARCHE» загнаны ў субкультурную нішу. Многія «нармальныя» рупліўцы беларушчыны паняцьця ня маюць, што «ARCHE» дагэтуль выходзіць і на яго можна свабодна падпісацца. Нарэшце, трэба сказаць і пра сілу традыцыі. Беларускамоўныя чытачы значна лягчэй чытаюць мастацкую літаратуру ці газэтную публіцыстыку, чым крытычную інтэлектуалістыку.

Вы сказалі, што у выпадку фашызызацыі Расеі лічыце яе распад непазьбежным. А на колькі краінаў і якіх? Ну, зразумела, што «Русь», «Сібір» ‑‑ а якія яшчэ? Чытач

Думаю, што існуючыя адміністрацыйныя адзінкі, заснаваныя на этнічным прынцыпе, могуць напоўніцца новым зьместам на новым вітку гісторыі.

Ваша думка пра гучныя заявы кіраўніка краіны адносна будаўніцтва АЭС і наогул што да тэмы мірнага атаму ў Беларусі і свеце? (Дарэчы, учорашні мой водгук на апошні Праскі акцэнт Свабода чамусьці не паставіла). Адмарожаны, але зялёны

Наконт мэтагзгоднасьці я ў цэлым разьдзяляю пазыцыю польскіх правых, адзін зь якіх назваў росквіт «зялёных» у Нямеччыне і як вынік рэзкае згортваньне атамных электрастанцый і павялічэньне залежнасьці ад расейскага газу самай пасьпяховай апэрацыяй КГБ. Іншая рэч, што нашым правіцелям тут бракуе рашучасьці.

Валерий, как Вы относитесь к проведению в Минске гей‑парада? Вовчик

Для мяне гэта новае. Летась у Варшаве я выпадкова стаў сьведкам такога відовішча, калі пайшоў з дачкой ў Лазенкаўскі парк. Было шумна і весела. Гей‑парады — той маркёр, які адрозьнівае заходнюю публічную прастору ад рэшту сьвету. Які к чорту ў Менску гей‑парад, калі тут садзяць за карыкатуру.

Валер, я тут паспрачалася з калегам за пляшку Мэтаксы, што беларускі народ ніколі не паўстане супраць рэжыму (груба фармулюючы). А вы некалі пісалі, што паўстане, толькі калі Лукашэнка пачне паядаць немаўлят. Ці набраліся вы з той пары аптымізму? Чорная Ласка

Тут тонкасьць у нюансах. Штодня беларусы паўстаюць супраць рэжыму — гаворачы публічна па‑беларуску, аддаючы сваіх дзетак у беларускія клясы, клеячы да сваіх аўто Пагоню і Бел‑Чырвона‑Белыя Сьцягі. Вы, мабыць, маеце на ўвазе перамогу над рэжымам. А для гэтага трэба ўзровень нацыянальнай салідарнасьці і кансалідацыі, якім наша нацыя ня можа пахваліцца. Таму абодвум бакам — і ўладнаму, і апазыцыйнаму — ёсьць над чым працаваць.

Спадар Валер, як вы ацэньваеце спробы бацькоў утвараць беларускамоўныя групы і садкі? Ці могуць гэтыя дзеянні перарасці ў рух, які ўзмоцніць і пашырыць беларушчыну на Беларусі? Назіральнік

Толькі так і можна змагацца, калі вы толькі не палітычны актывіст і ня кніжны выдавец. І тут беларусам ёсьць над чым працаваць. Нашы гісторыкі ня любяць афішаваць факт, што пад канец існаваньня міжваеннай Польшчы ў гэтай дзяржаве было амаль паўтысячы ўкраінскіх школаў і нуль беларускіх. Праз пяцьдзясят гадоў гэта мела плёнам пераход Украіны да дэмкратыі і рэзкі паварот Беларусі назад да аўтарырызму.

1. На Вашу думку, адкуль пайшоў Лукашэнка і чаму ў нашым грамадзтве існуе забарона ператварэньня несьвядомых беларусаў у беларускамоўных з разьвітай нацыянальнай сьвядомасьцю. Як вам падаецца, чаму ў Лукашэнкі такая нянавісць да беларускай мовы і культуры? 2. На Вашу думку, калі адбудуцца перамены ў Беларусі? Што стане іх перадумоваю? Што самае галоўнае цяпер для Грамадзянаў, а што другаснае? 3. Якім Вам прадбачыцца Беларускае будачае? 4. Чым Вы найбольш даражыце са зробленага вамі? Якія з праектаў найдаражэйшыя Вашаму сэрцу? 5. Хто для Вас узоры ў навуцы, палітыцы, жыцьці? 6. Хто зрабіў на Вас найбольшы ўплыў? Я маю на увазе і жывых людзей і асобаў мінулага. 7. Скажыце, калі ласка, каго з сучасных беларускіх пісьменьнікаў вы любіце чытаць. Георгі Несьцер

- Стаўленьне Лукашэнкі да нашай мовы і культуры ў цэлым не адрозьніваецца ад агульнапрынятага ў нашага грамадзтве. Як і бальшыня беларусаў, Лукашэнка ўспрымае беларускую мову як нешта культурна неабавязковае. Як палітык, ён працягвае лінію, калі наша мова была ўсяго толькі аб’ектам маніпуліцый і ўмацаваньня палітычнай легітымнасьці. Трэба адмовіцца да утапічных уяўленьняў пэрыяду росквіту нацыянальна‑дэмакратычнага руху, што купка апантаных беларушчанай людзей, заваяваўшы дэпутацкія мандаты, зможа зьверху беларусізаваць наша грамадзтва. Перамены наступяць адно тады, калі акурат зьнізу наша мова перастане быць аб’ектам кпінаў. Каб гэтага дасягнуць, патрэбная цяжка і шматгадовая культурная праца, якая не адразу дасьць эфэкт. Будучыня Беларусі ў найбліжэйшых пару дзясяткаў гадоў можа разгротвацца па адным з двух найбольш імаверных сцэнароў. Першы азначае ўмацаваньне статусу Беларусі як дзяржавы‑кліента Расеі. Другі — ператварэньне ўва ўсходнеэўрапейскую дзяржаву накшталт Малдовы, Для гэтага неабходная зьмена палітытычнай адміністрацыі. І пры першым, і пры другім сцэнару Беларусь ня хутка стане членам ЭС. Мне абурае ашуканства нашых аналітыткаў, якія з году ў год пашыраюць байкі аб тым, што Беларусь трапіць у ЭС хутчэй, чым Україна. Большай палітычнай нізкавокасьці цяжка сабе ўявіць. На рэшту пытаньняў няма часу адказваць — пачытайце, кнігі, якія я выдаў, і вы ўсё зразумееце (http://arche.org.by/knihi.htm).

Правільна ня Віні‑Пыха, а Віня‑Пыха, першая частка імя не скланяецца. Віня-Пых

-- Цікава было б даведацца, што думаюць і іншыя ўдзельнікі форуму на гэты конт.

Спадар Булгакаў, я разумею, што гэта вашая права займацца чым заўгодна, але вы маеце добры філалягічны і філязофскі патэнцыял, а таму лічу вы прынеслі б больш карысьці Беларусі, калі б ратавалі беларускую культуру і мову, якія знішчаюцца штодня. Вашыя філязофскія і паліталагічныя опусы я не прыймаю і не згодзен імі, асабліва, у кіжках Фундацыі С.Баторего і выступах р.Свабода. Ці задача вашача часопіса — гэта захаваньне і развіцце беларускай культуры ? Ці лічыце, што пасля ўходу у палітыку» «нашай Нівы», ваш часопіс адзіны прытулак беларускай культуры ? Ваалеры Грыцук

-- У вашым пытаньні для мяне многа няяснага. Сьпярша вы сьцьвярджаеце, што, робячы тое, што я раблю, я не ратую нашай мовы і культуры. Пасьля кажаце пра опусы у кніжках Фундацыі С.Батуры, хоць я для гэтай арганізацыю за ўсё жыцьцё напісаў адзін тэкст на паўстаронкі. Калі ласка, ясьней фармулюйце пытаньні.

У якім беларускім горадзе, натуральна, за выключэньнем сталіцы, найбольш прыхільнікаў і чытачоў часопіса «Архэ»? Алесь

-- У Горадні.

Ці не плянуе Архэ заснаваць сваю бібліятэчку, як, напрыклад, Дзяўслоў і НН? Алесь

-- У нас дэ факта існуе свая бібіліятэчка, адно што на кніжкай з гэтай сэрыі няма адпаведнага надпісу (гл. http://arche.org.by/knihi.htm). Сёлета ў яе рамках выйдзе перавыданьне «Мадэрнай гісторыі Беларусі» Ю. Туронка. У другое выданьне мы ўнесьлі больш за 4 тыс. паправак. Сёлета таксама выйдзе Збор твораў Адама Станкевіча, у які ўвойдуць ўсе большыя творы гэтага аўтара, выдадзеныя пры яго жыцьці і пасьля яго заўчаснай гібелі. Таксама сёлета маюць выйсьці 5 кніжак гісторыкаў зь беластоцкага ўнівэрсытэту — «Беларускаія вайсковая фармаваньні» А. Латышонка, «Ад белых русінаў да беларусаў» таго самога аўтара, зборнік яго драбнейшых гістарычных працаў, сумесная манаграфія з Я. Мірановічам «Гісторыя Беларусі» і, нарэшце, кніжка Я. Мірановіча пра беларусаў у Польшчы. Нарэшце, цяпер мы рыхтуем Збор твораў Адама Бабарэкі. Я зьвяртаюся да ўсіх людзей добрай волі з просьбай падтрымаць гэтую ініцыятыву. Ёсьць яшчэ іншыя ідэі, але ці ўдасца іх зрэалізаваць, пакажа час.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0