28 лютага адбыўся чарговы Агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтра. Упершыню ў гісторыі ПЭНа яго прыняла галэрэя партала ТUТ.BY.

Старшынём ПЭНа пераабралі паэта Андрэя Хадановіча, ягонымі намеснікамі сталі Павел Анціпаў, Ганна Янкута і Юля Цімафеева.

Яркім момантам сходу стала ўручэнне прэмій імя Алеся Адамовіча і імя Францішка Багушэвіча.

Прэміяй імя Алеся Адамовіча, якая прысуджаецца за найбольш яркую публіцыстычную кнігу папярэдняга года, быў уганараваны Уладзімір Някляеў. Так быў адзначаны ягоны мемуарны цыкл «Знакі прыпынку», які летась быў апублікаваны ў выдавецтве «Лімарыус» з каментарамі Сяргея Шапрана.

Традыцыйная Прэмія Францішка Багушэвіча за найбольш вартыя гістарычныя даследаванні, якія абуджаюць нацыянальную свядомасць, была прысуджаная Анатолю Трафімчыку за ягоную кнігу «1939 год і Беларусь: забытая вайна».

Даследаванне лаўрэата пабачыла свет у новага беларускага выдаўца гістарычнай літаратуры – Андрэя Янушкевіча. Папулярная кніга пра 1939 год, але напісаная з пункту гледжання беларусацэнтрычнага гістарыёграфа.

На сходзе Беларускага ПЭНа быў прадстаўлены і абсалютна новы праект: «Кніга году».

Яе будуць абіраць усе ахвотныя пісьменнікі галасаваннем на сайце арганізацыі, у намінацыях «Паэзія», «Проза», «Дзіцячая літаратура». Першае ўручэнне сімвалічнай «Кнігі году» адбудзецца сёлета ў красавіку.

Пэўныя пытанні выклікаў пункт палажэння пра роўнасць моў, якімі карыстаюцца беларускія пісьменнікі. «Тым не менш пазіцыя ПЭН-цэнтра, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве. Ніхто не збіраецца забываць пра няпростае становішча беларускай мовы ў грамадстве, але і ўціск рускамоўных паэтаў і празаікаў быў бы зусім некарэктным крокам, — гаворыцца ў прэс-рэлізе ПЭН-Цэнтра. — Тым больш рускамоўныя аўтары ў Беларусі наагул не маюць уласных літаратурных узнагародаў. Пастулюючы раўнапраўе моваў, перш за ўсё літаратурных моваў, Беларускі ПЭН-цэнтр звяртае ўвагу на пэўную дыскрымінацыю, якую варта пераадольваць».

Вельмі запатрабаванай будзе іншая ініцыятыва арганізацыі — магчымасць для маладых літаратараў атрымаць стыпендыю на двухтыднёвае пражыванне і працу ў Вільні («Рэзідэнцыя маладога літаратара»). Дзякуючы Рэзідэнцыі маладога літаратара 7 маладых аўтараў змаглі ў 2014 годзе папрацаваць у «крывіцкай Мецы». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?