Кампазітар Алег Моўчан, аўтар музыкі да песняроўскай «Малітвы», патрабуе з Насты Шпакоўскай 18 млн рублёў за выкананне песні на канцэрце-прэзентацыі праекту «Re:Песняры». Шпакоўская сцвярджае, што не магла і ўявіць, што Моўчан мае выключнае права на твор.

На першым судовым паседжанні суд высветліў пазіцыі двух бакоў. Моўчан і Шпакоўская не прышлі да «мірнага» вырашэння.

Песня рыхтавалася да трыб’юта «Re:Песняры». Naka выканалі «Малітву» на свой лад, але не ставілі перад сабой мэту змяніць песню да непазнавальнасці. Алег Моўчан не прыняў варыянт гурта і забараніў выкарыстоўваць трэк. Песня не ўвайшла ў складанку, але была выкананая на прэзентацыі.

Ірына Відава і Алег Моўчан. Фота: А. Волкаў

Ірына Відава і Алег Моўчан. Фота: А. Волкаў

«Першы раз мы пачулі пазіцыю адказчыцы, — распавядае спявачка Ірына Відава, жонка Алега Моўчана. — Яе пазіцыя, як мы яе зразумелі: яна прызнала факт перапрацоўкі дадзенага твору, прызнала іскавыя патрабаванні, але ў яе ёсць пярэчанне супраць сумы, заяўленай у іскавым патрабаванні».

Анастасія Шпакоўская выказвала сумневы ў выключных правах Моўчана на музыку «Малітвы» — у 1994 годзе Моўчан працаваў у ансамблі «Песняры», і музыка нібы была напісаная ў межах службовага задання. Яна не спрачаецца з тым, што Моўчан — аўтар музыкі, але не разумее, адкуль Алег Моўчан мае выключнае права на гэты твор.

Шпакоўская сцвярджае, што Моўчан дзейнічаў па замове дзяржавы за дзяржаўныя грошы. З гэтага яна робіць выснову аб тым, што ўладальнікам песні ёсць дзяржава, распавядае Відава.

Відава жа нагадвае, што Шпакоўская пры супрацы Моўчана і Мулявіна не прысутнічала. Таксама не можа ведаць пра іх службовыя ўзаемаадносіны. Алег Моўчан з трактоўкай Шпакоўскай нязгодны. Выснову аб тым, што песня належыць дзяржаве, ён называе юрыдычна некарэктнай. Больш за тое, да факту перапрацоўкі Шпакоўскай аўтарскага творы Молчана (праз што яна і выкліканая ў суд) гэта не мае дачынення.

У сваё апраўданне Шпаковская кажа, што песня выконвалася не ў камерцыйных мэтах, і яна не магла ўявіць, што аўтар будзе супраць. «Шчырасць слоў Шпакоўскай выклікае сумневы, — кажа Ірына Відава. — У прэсе неаднаразова агучвалася забарона з ініцыятывы саміх арганізатараў. І перад выступам у клубе Re:Public яна казала, што выканае песню, нягледзячы на тое, што аўтар забараніў».

У судзе Шпакоўская казала, што «ўсе іншыя без дазволу выконваюць чужыя творы».

«Тут яна ці хітрыць, ці зусім не разумее асновы аўтарскага права, — сумняецца Відава. — Насцярожвае, што акторка аднога з вядучых тэатраў і аўтар гурту, чыя дзейнасць непасрэдна звязаная з пытаннямі інтэлектуальнай уласнасці, пазіцыянуе сябе такім чынам».

Наста Шпакоўская. Фота: Валерый Калiстратаў

Наста Шпакоўская. Фота: Валерый Калiстратаў

Наста Шпакоўская прызнае, што гурт зрабіў перапрацоўку музыкі да песні «Малітва» Алега Моўчана і што выканаў песню на канцэрце. Але яна прапаноўвала Моўчану кампенсацыю ў 1 млн рублёў.

Яна ведае, што песня не ўвайшла ў альбом — Алег Моўчан не прыняў варыянт Naka. Выканаць песню на канцэрце яна вырашыла ў знак павагі да творчасці Янкі Купалы і «Песняроў».

«Я ўзяла на сябе смеласць выступіць з гэтай песняй, — кажа Шпакоўская. — Я разумела, што праект ухвалены міністэрствам культуры, што я выступаю на адной сцэне з дзяржаўнымі «Песнярамі», складу злачынства я не пабачыла. Я не ведала, што паўнамоцтвы Моўчана на гэтую песню настолькі выключныя».

Шпакоўская адзначае, што дагэтуль не бачыла дакументальнага пацверджання выключных правоў Моўчана, і хоча, каб тое пацверджанне было прадстаўленае.

«Я дзейнічала ў межах логікі: разумела, што песня была напісаная па ідэі Уладзіміра Мулявіна, што Моўчан не хавае ў інтэрв’ю да судовага працэсу. Агульнавядомы факт, што Моўчан знаходзіўся ў службовых адносінах з ансамблем «Песняры», што праграма «Голас душы» рабілася па сутнасці за дзяржаўныя грошы. Таксама мы ведаем, што Уладзімір Георгіевіч стылістычна накіраваў Моўчана як кампазітара — сказаў, што бачыць гэтую песню ў стылі балады. То значыць, Алег Уладзіміравіч выконваў замову».

За разавае выкананне была вылічаная сума, якую арганізатар сплаціў праз Цэнтр абароны інтэлектуальнай уласнасці ўсім аўтарам, чые песні выкарыстоўваліся ў праекце.

Шпакоўская прапанавала Моўчану на яе думку «больш-менш адэкватную ўсёй гэтай сітуацыі суму» ў 1 млн рублёў, бо «разавае выкананне любой песні каштуе не больш за 200-300 тысяч».

Паводле яе слоў, у адказ на пытанне суддзі суму ў 18 млн Моўчан абгрунтаваў дарагім адвакатам.

«Я бачу, што чалавек зарабляе гэтай песняй, — кажа Шпакоўская. — Калі б ён хацеў паказаць свету, як ён кажа, што змагаецца за аўтарскія правы, кампенсацыя, што ў пяць раз перавышае звычайную стаўку, яго б задаволіла. Ён проста хоча грошай. Я да гэтага гатовая, бо мне важней праўда і справядлівасць. Тысяча еўра за выкананне песні — ці лічыце вы тое нармальным?».

Шпакоўская мяркуе, што справа не ў ёй і не ў песні, а ў жаданні Відавай праз яе адпомсціць асабіста Сяргею Будкіну, па чыёй задуме рабіўся праект.

«Сутнасць канфлікту — пару год таму Сяргей Будкін напісаў крытычную рэцэнзію на альбом жонкі Алега Моўчана Ірыны Відавай, — кажа Наста. — З тых часоў у іх ішла негалосная вайна. Скарыстаўшыся магчымасцю «адыграцца», Алег Моўчан стаў помсціць Будкіну — усяляк «шчаміць» яго ў рэалізацыі гэтага праекту».

Сяргей Будкін пацвердзіў, што прэтэнзіі Відавай да яго маюць месца, і бачыць іх адной з магчымых прычын суду Моўчана і Шпакоўскай.

«Насамрэч, у 2009 годзе з’явілася не зусім адэкватная рэцэнзія на мой альбом «IV», але мы вырашылі пакінуць гэта без увагі з улікам малой наведвальнасці сайту і праз відавочную абсурднасць, — адказвае Відава. — Канешне, помста за жонку была бы вельмі рамантычнай версіяй. Мне было бы прыемна. Але Алег Моўчан — прафесіянал вышэйшага класу. Я сама чула, як ён мнагакратна прапаноўваў Будкіну разнастайныя варыянты, каб хоць неяк уратаваць песню, аж да прадстаўлення мінусоўкі, якую ён рабіў сам і пад якую спяваў Мулявін. Але песня так і засталася ў пачатковым, непрымальным для аўтара выкананні».

***

Наступнае судовае паседжанне адбудзецца ў другой палове сакавіка. На папярэднім паседжанні вырашалася пытанне аб іншых асобах — магчымых суадказніках альбо належных адказніках па справе.

Чытайце таксама: Шпакоўская і Байсан зладзілі ню-фотасэт за свабоду творчага самавыяўленьня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?