3 сакавіка ў сеціве была прэзентаваная беларускамоўная песня славутага музыкі – Андрэй Макарэвіч пераспяваў па-беларуску «Снег», стары хіт свайго гурта «Машина Времени». Разам з песняй на сайце «Будзьма беларусамі» з’явілася разгорнутая гутарка са спеваком, які, ў прыватнасці, расказаў пра свае беларускія карані і стаўленне да Беларусі.

— У той самай праграме «Дрэва жыцця» чатырохгадовай даўніны вы кажаце цікавую фразу пра тое, што розніцы між беларусамі і расейцамі па сутнасці няма. Ці змянілася вашае меркаванне на гэты конт сёння?

— Розніца ёсць, канечне. Нават хаця б у стаўленні да прыроды. У вас гэтае стаўленне еўрапейскае. У нас жа папсаванае стаўленне да прыроды качэўнікамі. Качэўнікі прызвычаіліся гадзіць, бо яны не сядзяць на месцах — яны заўтра едуць далей. Дык чаго клапаціцца пра чысціню. Падазраю, што ў расійцаў гэта засталося з часоў татарскага ярма. У вас таксама гісторыя няпростая, тут то Польшча была, то Беларусь, але ўсё ж гэта Еўропа.

Вычапіўшы апошнюю фразу з кантэкста і зрабіўшы акцэнт на дзеяслове «гадзіць», аўтары «Рэгнума» запусцілі новую хвалю цкавання Андрэя Макарэвіча.

Макарэвіч, дарэчы, тыя самыя словы казаў і канцэрце ў Мінску:

Ужо сёння на сайце буйнейшага расійскага інфармагенцтва Lenta.ru з’явілася навіна пад загалоўкам: «Макаревич рассказал о привычке русских гадить».

Навіна за лічаныя гадзіны сабрала болей за тысячу каментароў, якія збольшага носяць абражальны для музыкі характар.

У выніку музыка быў вымушаны «апраўдвацца за свае словы» ў эфіры радыё «Говорит Москва», тлумачачы, што нікога не хацеў пакрыўдзіць.

«Я нічога крыўднага не меў на ўвазе, кажучы гэта. Гэта проста пэўныя рысы, якія склаліся гістарычна і перадаюцца ў спадчыну», – сказаў музыка.

Інфармацыя пра гэта ізноў з’явілася на сайце Lenta.ru, гэтым разам пад загалоўкам: «Макаревич отказался признавать оскорбительными слова о привычке русских гадить».

Андрэй Макарэвіч трапіў пад прэсінг расійскіх СМІ праз тое, што не падтрымаў палітыку Расіі ва Украіне, у прыватнасці некаторыя прапагандысцкія тэлеканалы называюць яго «сябрам хунты», а канцэрты гурта «Машина Времени» адмяняюцца адзін за адным.

Трэба заўважыць, што ў Беларусі рэакцыя на песню «Снег», праспяваную па-беларуску, пазітыўная. Прыкра ўсведамляць, што нават такая бяскрыўдная падзея можа выклікаць прапагандысцкае цкаванне з боку сілаў, далёкіх ад мастацтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?