Гутарка са Зьмітром Дашкевічам адбываецца празь некалькі гадзін пасьля ягонага вызваленьня. Мы вяртаемся на адной машыне ў Менск з Воршы, куды Зьміцер змог дабрацца з шклоўскай калёніі. Здаецца, што размова не пачнецца ніколі, бо тэлефон былога палітвязьня проста разрываецца — жадаючых паразмаўляць з Дашкевічам вельмі шмат, ён жа нікому ня можа адмовіць. Нарэшце, на маё шчасьце, у мабільніку садзіцца батарэя і я спакойна магу ўключыць дыктафон.

«Наша Ніва»: Зьміцер, як адбывалася вызваленьня?

Зьміцер Дашкевіч: Мяне выклікалі з працы. Сказалі, каб я ішоў у штаб да апэратыўнікаў. Думаў, што будзе чарговы допыт ці паставяць надгляд. Проста літаральна за два дні да гэтага прыяжджалі «чэкісты», празь некаторых асуджаных раілі мне, каб цішэй сябе паводзіў і г.д. У штабе ж ужо заявілі, што вызваляюць. Я спачатку нават падумаў, што яны прыкалваюцца трошачку. Пачаў зьбіраць рэчы нават ня ведаючы на якой падставе мяне вызваляюць, што за рашэньне прынятае. Толькі ў пяць гадзінаў вечара, ужо пасьля ператрусу, мне далі праглядзець дакумэнты паводле якіх я рашэньнем Вярхоўнага суду за 22 студзеня вызваляюся. Фармулёўка была наступнай, што паўтары гады зьняволеньня мне замяняюць на год.

«НН»: Дык а што рабіць з чатырма месяцамі, якія ты пераседзеў?

ЗД: Калі я запытаўся, то пачалі ціскаць плячыма. Казалі, што мы нічога ня ведаем. Цяпер я буду прасіць у Вярхоўнага суду копію пастановы аб вызваленьні. Можа, папрашу, каб гэтыя чатыры месяцы ўлічылі мне на наступныя суткі арыштаў. Аж восем раз змагу беспакарана хадзіць на акцыі пратэсту! (Сьмяецца).

«НН»: Цяпер давай пагаворым пра ўсё па парадку. У верасьні 2006 году ты быў гатовы да арышту?

ЗД: Безумоўна. Маральна я рыхтаваў сябе да арышту ад Плошчы. Памятаеце, як заяўляў Сухарэнка, што кожны, хто выйдзе на Плошчу будзе абвінавачаны ў тэрарызьме, і судзіць іх будзем ад 8 да 25 гадоў. Асаблівым зьдзіўленьнем арышт для мяне ня быў. Пэўнай нечаканасьцю — так.

«НН»: Перад арыштам каля месяцу прабыў у Штатах. Улады адмыслова падштурхоўвалі цябе да эміграцыі?

ЗД: Я абсалютна ўпэўнены, што падштурхоўвалі. Ні я, ні іншыя «маладафронтаўцы», якія ішлі па гэтай справе не былі нават пад падпіскай аб нявыязьдзе. Я мяркую, што ўлады спадзяваліся на наш выезд з краіны. Потым гэта пацьвердзілася, калі ў СІЗА я чытаў матэрыялы крымінальнай справы. У адным з тамоў знайшоў дакладную аднаго з генэралаў КДБ Сухарэнку. Там адзначалася, што Дашкевіч сядзіць у Амэрыцы і вяртацца адтуль не зьбіраецца. Такі варыянт падзеяў іх вельмі абрадаваў бы.

«НН»: І якія адчуваньні былі, калі апынуўся за кратамі на не суткі, а па абвінавачваньні ў крымінальнай справе?

ЗД: Шчыра скажу, адчуваньні былі такімі, што я працягваю сваю дзейнасьць. Як сказаў адзін з сьледчых пракуратуры: «Дзіма, я разумею, што выступаю тут у ролі рэклямнага агента». І я перакананы, што дадзеная крымінальная справа мне не нашкодзіла. Наадварот, за гэты тэрмін я набраўся нейкай мудрасьці, жыцьцёвага досьведу.

«НН»: Першы суд за закрытымі дзьвярыма. Як яно было?

ЗД: Ведаеце, да ўсіх гэтых рэчаў, якія некага шакавалі ці зьдзівілі, я ставіўся спакойна. Я быў перакананы ў справядлівасьці той справы, якую раблю. Адчуваў моцны супакой у сэрцы. Па‑другое, я бачыў аграмадную падтрымку маіх сяброў і паплечнікаў з «Маладога фронту». Таму гэты суд, як і іншыя цяжкасьці перанёс досыць спакойна. Я ня думаў пра тэрмін, які мне могуць даць. Проста ведаў, што ўсё ва ўладзе Божай. Сьледчы мне казаў: «Дзімка, ня бойся, дадуць табе штраф». Сам я цудоўна разумеў, калі патрапіў у СІЗА, то штрафам ужо не абыдзецца. Калі пракурор на судзе запатрабаваў «два з двух», я асабліва не зьдзівіўся. Судзьдзі Але Булаш, якая ўрэшце дала мне паўтары гады зьняволеньня, я шчыра сказаў: «Дзякуй за шэсьць месяцаў вольнага жыцьця».

«НН»: Як сустрэла цябе шклоўская калёнія?

ЗД: Марозам і заявамі адміністрацыі, што да мяне будзе такое самае стаўленьне, як да іншых вязьняў. Хаця трэба аддаць належнае некаторым ахоўнікам, якія прасілі ў мяне прабачэньне, што ад пачатку ў іх было няправільнае стаўленьне да мяне. Проста давалі самую цяжкую працу, пасьля якой я проста валіўся з ног і ня мог вечарамі нічога пісаць ці чытаць. Працаваў на пілараме, цягаў дошкі і бярвеньне. Зь цягам часу рэжым паслабілі.

«НН»: У цябе было пяць папярэджаньняў. Такі злосны парушальнік?

ЗД: Нельга адназначна сказаць, што атрымаў я іх толькі праз жаданьне адміністрацыі мяне пакараць. Былі там і мае памылкі, але зьвязаныя яны не з маім жаданьнем мяняць рэжым. Проста я — чалавек з волі — імкнуўся сябе паводзіць так, як іншыя зьняволеныя. Яны могуць спакойна хадзіць з атраду ў атрад, ім за гэта нічога не бывае. Калі ж я так раблю, то на мяне пішуць акт. З аднаго боку можна сказаць, што я паводзіў сябе, як іншыя і нічога не парушаў, з другога — літару закону я ўсё ж пераступаў. Таму тут быў такі двухбаковы рух. Папросту спачатку я не да канца разумеў тое месца, дзе апынуўся.

«НН»: Што за людзі з табой сядзелі?

ЗД: Розныя людзі. Агульна я мог бы сказаць, што мае стэрэатыпы аб зоне, як страшэнным месцы, дзе сядзіць мноства пачвараў, зьніклі. Цалкам нармальныя людзі, якія цудоўна разумеюць, што адбываецца ў нашай краіне. Калі я ехаў у калёнію, то ўзгадваў наступныя словы аднаго вядомага палітвязьня: «Зона моліцца на Лукашэнку». Хачу сказаць, што за 16 месяцаў сваіх вандровак не сустрэў ніводнага чалавека, які б гаварыў аб нашым гаранце Канстытуцыі нешта добрае.

«НН»: Да цябе, як да палітычнага, ставіліся інакш?

ЗД: Была нейкая ўвага. Таксама было разуменьне, што хлопец сядзіць за правільную справу. Больш з тое, у часткі было разуменьне, што сядзіць чалавек, з імем якога ў краіне магчымыя зьмены (сьмяецца). І зьняволеныя, і міліцыянты разумелі, што тыя людзі, якія цяпер церпяць за справядлівасьць, будуць у хуткім часе вырашаць лёс краіны.

«НН»: Вышэй ты адзначыў, што да цябе прыходзілі «чэкісты». І часта гэта адбывалася?

ЗД: Проста яны хацелі, каб усё было пад кантролем, каб на мяне часьцей даносілі. З кім я размаўляў, якія пляны на волі, што пісаў. Дапытвалі мяне па справах «маладафронтаўцаў», але ў асноўным размаўлялі з тымі асуджанымі, якія былі побач са мной. Іх запалохвалі, пужалі ізалятарам.

«НН»: Што дапамагала вытрымаць тэрмін?

ЗД: Дапамагаў, безумоўна, Гасподзь, а таксама мае сябры. Мне пісалі мноства лістоў, на волі праходзілі кампаніі ў падтрымку, акцыі салідарнасьці. У СІЗА я атрымліваў інфармацыю досыць хутка, у калёніі з гэтым было ўжо цяжэй. Быў падпісаны на дэмакратычныя выданьні. Нейкі час мне ішла «Наша Ніва», пакуль яе не забаранілі мне аддаваць. Колькі ні гаварыў, што газэта афіцыйна зарэгістраваная, нічога не дапамагло. «Народная воля» прыходзіла да канца зьняволеньня.

«НН»: Як з‑за кратаў выглядалі падзеі, што адбываліся за гэты час у краіне?

ЗД: Ціск на «Малады фронт» пакінуў вельмі моцнае ўражаньне. Аднак яшчэ большае ўражаньне на мяне зрабіла, як мужна гэтыя юнакі і дзяўчаты праходзяць выпрабаваньні. Ліставіліся з Артурам Фінькевічам. Мяне моцна закранула ягоная новая крымінальная справа і прысуд па ёй. Нават на зоне адчувалася, што вось‑вось нешта зьменіцца. Калі я прыехаў на зону, то ўсе пачалі ў мяне пытацца: «Дзіма, дык калі ўсё зьменіцца?» Мяне гэта моцна ўразіла, я зразумеў, што большасьць людзей ва ўсіх кутках Беларусі ўсё цудоўна разумеюць.

«НН»: Дык, Дзіма, калі ўсё зьменіцца?

ЗД: Я знайшоў адказ на гэтае пытаньне. Яно зьмянілася 19 сакавіка 2006 году. Цяпер гэтыя зьмены ідуць і паглыбляюцца ўсё больш.

«НН»: Цяжка маральна было вытрымаць за кратамі другую крымінальную справу?

ЗД: Можа нехта і зьдзівіцца, але абсалютна лёгка. Нават ня ведаю, адкуль браліся сілы. Напэўна, па тых самых прычынах пра якія я ўжо казаў, калі расказваў пра першы суд. Было разуменьне, што мяне хочуць зламаць, але цудоўна ўсьведамляў, што гэтым зламаць мяне немагчыма. Важным падаваўся моладзевы супраціў, прадпрымальніцкія акцыі і кампаніі падтрымкі палітвязьняў.

«НН»: Што галоўнае вынес з турэмнага досьведу?

ЗД: Што ўсё ў руках Бога. Турма толькі ўмацавала маю веру. Я магу адзначыць, што не шкадую ні аб адным дні, праведзеным у гэтым месцы. На зоне многія ісьціны прыходзяць усё ж значна хутчэй і адчуваньні становяцца нашмат глыбейшымі. Я нават удзячны Богу, што ён усё так сплянаваў і правёў мяне праз гэтую вялікую школу.

«НН»: Чым цяпер зьбіраесься заняцца?

ЗД: Буду займацца «Маладым фронтам». Разбудоўваць рэгіянальныя структуры, займацца рэгістрацыяй. Мы цяпер зарэгістраваныя ў Чэхіі, будзем гэта ж рабіць у іншых эўрапейскіх краінах. Хаця мы застаёмся рэалістамі, таму разумеем, што ўлада пры жаданьні зможа знайсьці любы артыкул Крымінальнага кодэксу, па якім нас можна засудзіць. Гэта маленькае юрыдычнае прыкрыцьцё. Да вясновых акцыяў зьбіраемся падаваць заяўкі ў гарвыканкам, у Мін’юст на выдзяленьне нам памяшканьня для правядзеньня ўстаноўчага сходу. Я яшчэ ня вельмі добра дасьведчаных ва ўсіх нюансах, але адзначу, што «Малады фронт» будзе ўдзельнічаць ва ўсіх вулічных кампаніях, будзем шырока падтрымліваць рух «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. Таксама, схіляюся да думкі, што будзем прымаць актыўны ўдзел у парлямэнцкіх выбарах.

«НН»: Ты сам хоць ужо паверыў, што цябе вызвалілі?

ЗД: Празь нейкі туман я ўсё бліжэй набліжаюся да гэтага ўсьведамленьня. Недзе трошку падаецца, што гэта сон. Дзівіць, што сёньня ня трэба быць на праверцы. Ужо дзесяць гадзінаў, а я магу ня спаць.

Гутарыў Зьміцер Панкавец, Ворша — Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0