08.03.2015 / 11:28

Святлана Калінкіна. «Браць шлюб я не згодны — гэта ж будзе грэх, разводзіцца пасля» 24

У крызіс таксісты сумуюць. І чакаюць кожнага пасажыра не толькі дзеля грошай, але і каб пагаварыць.

Калі я падышла да дзверцаў таксі, кіроўца неяк цяжка паглядзеў на мяне і выдыхнуў нешта незадаволенае: «А-а-уфх!»

— Вы добра сябе адчуваеце? — спытала я.

— Прабачце, — падабраўся ён.

Так і разгаварыліся.

Аказалася, я ў гэты дзень была яго першым пасажырам, а пачынаць змену з жанчыны, па яго назіраннях, дрэнная прыкмета. Асабліва цяпер, у крызіс. Аднак ні я, ні ён, ні трэція асобы нават не меркавалі, наколькі дрэнная…

Таксіст распавёў, што хутка ў яго вяселле, і патрэбныя грошы. Таму што ажаніцца ён не збіраўся, грошай не збіраў, але так атрымалася — і цяпер як прыстойны чалавек павінен ажаніцца.

А працы зусім няма, пасажыраў мала. І па вопыту ўжо ведае, што калі першы пасажыр на змене – жанчына, то і далей справа не пойдзе…

Я мужчынскія галашэнні не люблю. І пашкадаваць здаровага мужыка — гэта не пра мяне.

— Неяк позна вы на змену выехалі, — парырую я. — Асабліва калі жаніх, і грошы на вяселле вельмі патрэбныя. (Часу на той момант было каля пяці).

— Дык, разумееце, у царкву ездзіў, — пачынае апраўдвацца кіроўца. – Бо трэба перад вяселлем. Але так гэта ўсё доўга аказалася. Як павёў мяне поп, як пачаў пра ўсё распытваць … А я і не ведаю, што яму гаварыць. Таму што ажаніцца ж не збіраўся, мы і не знаёмыя былі толкам, але «заляцелі», што застаецца рабіць?.. Толькі як пра гэта святару распавядаць?

— Ну, на споведзі і не такія грахі адпускаюць, — фальшыва спрабую супакоіць я.

— Вы думаеце, гэта была споведзь? - дзівіцца кіроўца.

— Я, вядома, не ведаю, навошта вы ў царкву хадзілі…

— Ну, як навошта? Перад вяселлем трэба.

— У сэнсе – перад шлюбам?

— Не, мы вянчацца не будзем. Але такі звычай — трэба ў царкве шлюб браць.

— Гэта хто вам так сказаў?

— Каця. І мама яе, цешча мая будучая.

— Гэта значыць кінуць букет нявесты ў натоўп, разбіць чаркі аб асфальт, хлеб-соль адкусіць, шлюб браць – гэта звычаі такія, рытуалы?

— Так. А вы што, не беларуска?

— Я якраз беларуска. І я ведаю, што «вянчацца» — гэта па-беларуску азначае браць шлюб.

— Праўда?

— Праўда.

— Н-е-е!!! Браць шлюб я дакладна не згодны — гэта ж будзе грэх разводзіцца пасля, — закіпае кіроўца. — Я і ажаніцца не збіраўся. Але раз ужо так атрымалася ….

Як і калі ў яго руках з'явіўся мабільнік, я нават не заўважыла:

— Каця, я еду да цябе. Нам трэба пагаварыць… Што?! Якія кольцы?! Вы з мамай думалі, што я дурань. Я не дурань. Не будзе кольцаў. Не будзе вяселля. Буду плаціць аліменты.

Ён не крычаў. Казаў ціха, рублена, нават з нянавісцю нейкай.

— Можа, дарма вы вось так — з пляча, — паспрабавала я ўставіць пяць капеек.

— Хопіць ужо парадаў! Сам разбяруся!

Увогуле, камусьці я свята сапсавала. Прабачце, не хацела. Без усякага намеру.

0
Ірына / Адказаць
08.03.2015 / 12:15
Аааа, дапамажыце, нічога не зразумела... Што там у дзядзькі здарылася? Ён ладзіў "вяселле" без афіцыйнага шлюбу ці што? Ці думаў, што ў царкве поп паводзіць тудэма-сюдэма вакол аналоя, але гэта будзе не шлюб, а проста так... Не разумею нічога... :((((
0
SHOS / Адказаць
08.03.2015 / 12:38
Ну так все понятно. У людей каша в голове. На моей работе начальник, у которого даже вышки нету, даже среднего специального, кричит, что оппозицию надо в камеры загнать и газ пустить. Второй кричит, что Америка виновата со своим долларом. Третий кричит, что Порошенко гад, а Путин молодец. После моих попыток возразить придётся увольняться))) ну так и хрен с ними, давно хотел Так и здесь. Ну так трэба, так Нада! Что трэба, что Нада? Сядь ты подумай. Таксисты были уксусами, уксусами и останутся.
0
Валацуга / Адказаць
08.03.2015 / 12:40
а гэта скрозь так. Я ого-го колькі такіх ведаю,каторыя як бы і ў Бога вераць(а больш у абрады і прыкметы,як тыя,што нельга сьвечку перадаваць праз левае плячо і др. фігню),але лічаць што чалавек быў калісьці малпай,ці вераць у іньшапланяцян. Вось вынік камунізму і хвалі акультызму ў 90-я годы ,ды і зараз тое самае працягваецца. Прасьцей з атэістам размаўляць,чым вось з такімі веруючымі.
Паказаць усе каментары/ 24 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру