21-­гадовы Ян амаль год ваюе ва Украіне. У Мінску ён быў грамадскім актывістам, а таксама фанатам футбольнага клуба «Партызан». Мы адшукалі байца ў Кіеве, куды ён прыехаў на кароткачасовы адпачынак з Пяскоў. 

«Наша Ніва»: Яне, раскажы крыху пра сябе.

Ян: Я з Мінска, мне 21 год. Я прыехаў на Майдан яшчэ тады, калі адбылося забойства Міхаіла Жызнеўскага. Цяпер я змагаюся ў батальёне ДУК «Правы сектар».

«НН»: Чаму ты паехаў ва Украіну?

Ян: Бо я хацеў заспець той час, калі Украіна пачала скідаць кайданы Крамля. У сакавіку планаваў вярнуцца дахаты, але ў той час у Крыме з’явіліся барадатыя чачэнскія «самаабаронцы». Я зразумеў, да чаго гэта ўсё ідзе. Я быў у «Правым сектары» на Майдане. Гэта была адзіная сіла, якая аказвала супраціў, якая не грала ні пад чыю дудку. Яны не маюць зацікаўленасці ў грошах ці партфелях.

«НН»: Наколькі я ведаю, то ты антыфашыст, «лявак», а тут трапляеш у батальён «Правага сектару».

Ян: Калі я пажыў ва Украіне, то спакайней стаўлюся да ўсялякіх ярлыкоў — левыя, правыя, цэнтральныя, антыфашысты, фашысты. Я — нацыяналіст. Для мяне нацыяналізм — гэта права быць роўнымі сярод роўных на гэтай зямлі. Для мяне Еўропа — гэта адна вёска. Беларусь — гэта адна хата, Украіна — іншая. Калі ў суседа бяда, то нельга быць абыякавым. Сёння на ўсходзе Украіны вырашаецца геапалітычны лёс усёй Еўропы. Праблема суседа — наша праблема.

«НН»: У цябе на форме бел-­чырвона-­белы сцяг. Табе важна ваяваць пад ім?

Ян: Канечне, гэткім чынам я паказваў, што ў Беларусі далёка не ўсе ватнікі. Ёсць у батальёне яшчэ некалькі беларусаў, я не скажу, што іх шмат. Мы не ехалі групай, кожны прыехаў сам. У кожнага свой шлях у батальён.

«НН»: Калі ты трапіў непасрэдна ў баявыя дзеянні?

Ян: У жніўні. У Аўдзееўцы. Пасля вызвалення горада дапамагалі мірнаму насельніцтву, трымалі там блокпост з боку Спартака, які належаў сепаратыстам. Аўтаматны бой непасрэдна я ўжо бачыў у Пясках, гэта тры кіламетры да данецкага аэрапорта. Выходзілі разведачна-дыверсійныя групы ад іх, нават былі спробы штурму. Мы трымаем абарону з кулямётамі, якія нам выкапалі валанцёры Закарпацця, часоў Другой сусветнай вайны. Ёсць мінамёты 1943 года. Любая сусветная дзяржава проста смяялася б з нашага ўзбраення. Прыязджалі амерыканскія спецыялісты, яны дзівіліся, як хлопцы, якія ніколі не служылі ў арміі, здольныя самі разбіраць і збіраць за два дні зенітную ўстаноўку.

«НН»: У цябе таксама хутка атрымліваецца вучыцца?

Я: Калі казаць пра аўтаматы, то я меў з імі справу яшчэ ў Беларусі. Быў такі патрыятычны лагер «Доблесць» для цяжкіх падлеткаў на базе вайсковай часткі 3214. Нават сам Паўлючэнка выступаў перад намі. Я, праўда, тады не ведаў, хто гэта такі.

«НН»: Як бацькі ставяцца да твайго выбару?

Ян: Маці тэлефануе час ад часу. Хвалюецца, канечне. Кажа, каб ехаў дамоў. Але ж яна разумее, што вяртацца ўжо немагчыма. Спецслужбы прыходзілі да мяне дадому, яны ведаюць, хто я такі, што раблю ва Украіне. Я і не збіраюся хавацца. Я не злачынца. Я не ваюю за грошы. Цяпер хачу атрымаць грамадзянства Украіны, каб у Беларусі ў мяне не было праблем.

«НН»: Якія твае абавязкі ў батальёне?

Я: Падчас аперацый я кулямётчык. У мяне РПК, то бок ручны кулямёт Калашнікава. Я другі нумар кулямётчыкаў, прыкрываю камандзіра. Я страляў і з РПГ, і мінамёта. Людзі мяняюцца, бо часта не хапае кадраў.

«НН»: Страх адчуваеш?

Ян: Канечне, калі ты яго не адчуваеш, то ты ці дурны, ці мёртвы. Я ўвесь час канцэнтруюся на камандах камандзіра і сваім перыметры, які я мушу прыкрываць. Увесь час ваюе толькі артылерыя. Вельмі рэдка бываюць аўтаматныя ці танкавыя баі. На баку баевікоў працуюць расійскія спецыялісты, рэгулярная расійская армія.

«НН»: Ва ўкраінцаў ёсць шанец спыніць баевікоў?

Ян: Калі б не было, то мяне б не было ў батальёне. Ва Украіне ёсць людзі, ёсць зброя, якой хапае, каб спыніць баевікоў. Толькі вось часам узнікае пытанне: чаму гэта не робіцца?..

«НН»: Ты сябе бачыш у будучыні вайскоўцам?

Ян: Не­не­не. У мяне нехта быў спытаўся, а калі мы тут скончым, то паедзем у Беларусь, Бацьку скідваць? Я кажу: пасля таго, што я перажыў тут, малю Бога, каб больш ніколі не ўзяць у рукі зброю.

Калі я жыў у Беларусі, то захапляўся ЭТА і ІРА, якія вялі ўзброены супраціў, я думаў, што так трэба дзейнічаць і ў Беларусі. Цяпер жа лічу, што людзі, у якіх падобныя думкі, маюць ці псіхалагічныя праблемы, ці ў розуме. Самае горшае для Беларусі будзе тое, калі там адбудзецца такая ж рэвалюцыя, як ва Украіне, з такой колькасцю ахвяр. Мне здаецца, што Расія паспрабуе скінуць Лукашэнку, бо цяпер ён ім нявыгадны, бо працуе не ў інтарэсах Крамля.

«НН»: Пра што цяпер марыш?

Ян: Мне проста хочацца, каб гэта хутчэй скончылася. А Украіна была свабоднай і незалежнай дзяржавай, прыкладам іншым народам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?