25 сакавіка адбудзецца «Дзень Волі» — свята не канкрэтнай палітычнай партыі ці грамадскага аб’яднання, гэта свята Маё і Тваё, а значыць — кожнага, хто бачыць Беларусь моцнай, незалежнай і паспяховай.

Традыцыйны фармат акцыі — шэсце ў Мінску ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Але наспеў час змяніць гэтую форму — зрабіць «Дзень Волі» масавым ды яскравым святам, у якім хочацца ўдзельнічаць кожнаму.

Таму ў гэтым годзе ўсё будзе інакш!

«Мой Дзень Волі» — гэта супольнае свята, якое ўсім нам запомніцца надоўга. Якім чынам? Вось 10 крокаў, як мы гэта зробім разам:

1. Распаўсюджваем гэты тэкст разам з падрыхтаванымі банерамі, посцім ва ўсе сацыяльныя сеткі і на сайты, дзе толькі магчыма. Пазначаем хэштэг #25sakavika.

2. 25 сакавіка ў 17.00 прыходзім да станцыі метро Акадэмія навук. Не хвалюйцеся! Усё законна і бяспечна. Мінгарвыканкам звычайна дазваляе шэсце на Дзень Волі.

Мы не ідзем на бессэнсоўны мітынг пад наглядам міліцыі на плошчы Бангалор. Мы выходзім, каб паказаць моц і прыгажосць беларусаў у вялікай супольнасці аднадумцаў.

3. Пачынаем рыхтавацца да акцыі ўжо сёння. Створаныя падзеі ў Фэйсбуку і «Вконтакте», сачыце за абнаўленнямі і распаўсюджвайце інфармацыю. Дасылайце прапановы на [email protected], пішыце пад хэштэгам #25sakavika.

4. Бярэм нацыянальныя сцягі. Давайце без сцягоў палітычных партый, грамадскіх арганізацый і рухаў. Даставайце з шафаў, здымайце са сценаў свае бел-чырвона-белыя сцягі. Калі няма — можна пашыць ці купіць, гэта не складана. Можна намаляваць на паперы ці шчацэ тры палоскі: белую, чырвоную і белую. Гэта колеры, якія нас яднаюць.

Пад гэтым сцягам мы здабылі незалежнасць, пад ім прымаў прысягу нават Лукашэнка. Не бойцеся — бел-чырвона-белы сцяг у Беларусі нікім і ніколі не быў забаронены. А на Дзень Волі ані міліцыя, ані хтосьці іншы не пасмее яго ў вас адабраць.

5. Малюем або друкуем ўласныя плакаты з заклікамі, лозунгамі ды ідэямі, якія хочам выказаць грамадству і свету. Дзякуючы журналістам, фотаздымкі з вашымі плакатамі пабачаць сотні тысячаў. Будзьце крэатыўнымі! Добры плакат у руках прыгожага чалавека можа сказаць больш, чым палымяная прамова з трыбуны.

Публікуйце пад хэштэгам #25sakavika фоткі, як вы малюеце плакаты, пакажыце прыклад, каб іншыя падхапілі.

6. Купляйце ў ЦУМах, ГУМах і галантэрэйных аддзелах стужкі з беларускім арнаментам. Наразайце на кавалачкі па 30-40 см, прыносьце з сабою на Дзень Волі. Будзьце ў трэндзе!

Акцыі #беларускаястужка і «Пазнач сябе беларусам» паказалі, што стужка з арнаментам на вашым адзенні стала праявай грамадзянскай пазіцыі. Раздавайце стужкі мінакам, павязвайце на антэны машынаў, заплятайце ў валасы, з усмешкай дарыце міліцыянтам.

7. Надзяем вышыванкі, вышымайкі, народныя строі ці любое адзенне з арнаментам. Выцягвайце прыгожыя вышываныя кашулі і спадніцы з бабульчыных куфраў, набывайце ў майстроў ці крамах. Мы маем традыцыі ды любім сваё. Нацыянальнае адзенне вылучае і робіць нас адметнымі.

8. Спяваем беларускія песні. Узгадайце тэксты «Грай», «Не быць скотам», «Тры чарапахі», «Простыя словы»… Дасылайце свае прапановы на мэйл [email protected]. Давайце вызначым дзясятак песень, якія выканаем разам падчас шэсця.

Бубначы, бярыце свае тамтамы і барабаны, каб ствараць рытм і падвышаць агульныя дэцыбелы свята.

9. Віншуем, усміхаемся і размаўляем па-беларуску. Бо якое нацыянальнае свята без нацыянальнай мовы?

10. Запускаем флэшмоб у інтэрнэце. Мяняем свае аватаркі ў Фэйсбуку, Твітэры, Фэйсбуку і «Вконтакте», на белую іконку з чырвоным надпісам — вашым імем альбо хэштэгам #25sakavika. Усе аватаркі будуць выглядаць падобна, як бел-чырвона-белы сцяг, і будуць унікальнымі адначасова.

І апошняе, як заўжды, галоўнае (для чыноўнікаў, міліцыянтаў, КДБ і іншых): 25 сакавіка мы ідзем на Дзень Волі не мяняць уладу ды ладзіць беспарадкі.

Мы ідзем, каб паказаць сваю любоў да краіны, мовы і культуры. Мы ідзем прадэманстраваць нашае імкненне да незалежнасці Беларусі. Мы ідзем паказаць сабе і свету — што мы народ, які хоча жыць вольна і годна на сваёй зямлі.

Рыхтуемся і распаўсюджваем інфармацыю. 
Пабачымся 25 сакавіка на Нашым Дні Волі! 
Жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0