Два расійскія бамбардзіроўшчыкі Ту-95, якія ляцелі з адключанымі маячкамі-транспондарамі, наблізіліся так блізка да калідора, у якім лятаюць цывільныя самалёты, што авіядыспетчары ў Дубліне, арыентуючыся па дадзеных з радараў, былі вымушаныя адкласці вылет аднаго пасажырскага лайнера і змяніць маршрут іншага, каб пазбегнуць небяспекі катастрофы, паведаміла агенцтва Bloomberg.

Знішчальнік F-16 ВПС Нарвегіі адсочвае палёт расійскага бамбардзіроўшчыка Ту-95 у кастрычніку 2014 года. Фота wsj.com

Знішчальнік F-16 ВПС Нарвегіі адсочвае палёт расійскага бамбардзіроўшчыка Ту-95 у кастрычніку 2014 года. Фота wsj.com

На мінулым тыдні ўрад Ірландыі рассакрэціў інфармацыю пра гэты інцыдэнт, які адбыўся 18 лютага гэтага года, але ён быў толькі адным з апошніх падобных, якія былі звязаныя з рызыкоўнымі паводзінамі расійскіх ваенных самалётаў у еўрапейскім небе.

У снежні выведны самалёт РФ амаль сутыкнуўся з пасажырскім лайнерам кампаніі SAS у раёне паўднёвай Швецыі, паведаміў камандуючы ВПС каралеўства. Раней у 2014 годзе расійскі самалёт таксама празмерна наблізіўся да іншага лайнера, які ўзлятаў з аэрапорта ў Капенгагене. Масква заявіла, што абодвух інцыдэнтаў не было.

Згодна з інфармацыяй НАТА, за 2014 год расійскія ваенныя самалёты набліжаліся і часам парушалі паветраную прастору краін ЭС больш за 100 разоў. У большасці выпадкаў расейцы адключалі свае транспондары — электронныя прылады, якія дазваляюць адсочваць рух паветраных судоў, і якія абавязковыя для выкарыстання ўсімі грамадзянскімі самалётамі.

У выніку стваралася сур'ёзная небяспека для цывільнага паветранага трафіку, заяўляў раней генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг. З той жа нагоды да Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі ААН звярнулася Фінляндыя, якая адчувае небяспеку ад палётаў расійскай ваеннай авіяцыі каля сваіх межаў.

З канца Халоднай вайны дзейнічала нефармальная дамоўленасць, што ваенныя самалёты будуць выкарыстоўваць транспондары, калі будуць набліжацца да грамадзянскіх паветраных калідораў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?