Брыгада беларускіх будаўнікоў з сямі чалавек накіравалася на працу у Расію… Працавалі на будаўніцтве ў падмаскоўным пасёлку, катэджы ў якім у інтэрнэце рэкламуюцца для патэнцыйных пакупнікоў слоганам «Вы прачнецеся на ўзлеску. Вас пабудзяць спевы птушак».

Была вясна. Травень. І птушкі сапраўды спявалі, калі а палове на сёмую ў абсталяваным нарамі пакойчыку недабудаванага катэджа прачыналіся рабочыя, каб прыгатаваць сабе сняданак. Па прадукты ў краму, якая знаходзілася на ўзлеску, хадзілі, як партызаны, таму што каля крамы «пасліся мянты«, якія, нават не пытаючыся пра рэгістрацыю, адразу забіралі грошы. На гэты выпадак у кішэні заўсёды трэба было трымаць сто расійскіх рублёў, бо калі будзе болей, забяруць усе. Таму будаўнікі адразу залягалі ў лесе і глядзелі, калі з’едуць служкі закону, і можна будзе здабыць сабе ежу.

Працавалі ад восьмай раніцы да восьмай вечара. Праз тры месяцы прыйшоў час вяртацца дахаты, прыйшоў час разліку. Грошы маскоўская пасярэдніцкая кантора выплаціла толькі за месяц, астатняе павінны былі выплаціць пасля, калі «прададуцца катэджы», «зараз такіх грошай няма». Людзі выехалі, а назад на будоўлю ў Расію вярнуліся тры чалавекі — брыгадзір і два ягоныя сябры. Вырашылі, што больш людзей там не трэба. Заробак астатнім абяцалі выслаць у Беларусь. Ішоў час. Грошай не было. За гэты час аднаго будаўніка паспела зарэзаць жонка — мабыць, за безграшоўе…

Перад Новым годам усё будаўніцтва ў Расіі знерухомела і ўсе «гастарбайтары» пачалі вяртацца дахаты. Адзін з будаўнікоў сустрэў на рынку брыгадзіра. Пазнаўшы былога калегу, той кінуўся праз натоўп з крыкам: «У мяне няма тваіх грошай. Усе твае грошы ў…» І назваў імя свайго сябра. Той, у сваю чаргу, сказаў, што грошай у яго няма, усе грошы ў брыгадзіра. Пасля аказалася, што ўсе заробленыя грошы атавараныя ў расійскіх магазінах «Эльдарада» — была закуплена электратэхніка для брыгадзіра, а таксама дарагая вялікая лядоўня.

Свой заробак будаўнікам давялося выбіваць у літаральным сэнсе гэтага слова, а больш сціплыя засталіся без грошай. Без грошай засталася і сям’я таго, якога зарэзала за безграшоўе жонка. А каму былі патрэбныя грошы? Ён ў магіле, жонка ў турме, дзіцёнак — дык яму ж 10 гадоў, ён не будзе «наязджаць», патрабаваць сваё.

Пытанняў шмат… Чаму свае дураць сваіх? Ці ўся справа ў грошах? Дзе грошы, там і падман? Няўжо салідарнасць (хаця бы працоўная) не для беларусаў? Колькі каштуе лядоўня, калі за яе можна прадаць людзей, якія працавалі з табой разам і табе давяралі? Ці магчыма абараніць правы людзей, якія выязджаюць на заробкі?

Сам факт існавання беларускіх гастарбайтэраў супярэчыць іміджу Беларусі як эканамічна развітай краіны, дзе быццам бы ўсе людзі маюць добрую працу і годнае жыццё. Пры тым што дакладная колькасць беларускіх рабочых, якія шукаюць лепшую долю за мяжой, невядомая. Сёння, паводле ацэнак расіян, у Расіі працуе каля 300 тысяч беларусаў. Паводле звестак міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі, плынь беларускіх грамадзянаў, якія выязджаюць за мяжу на заробкі без рэгістрацыі сваёй занятасці, падзяляецца наступным чынам: 83,8% едуць ў Расію, астатнія 16,2% шукаюць працу ў краінах Балтыі, Польшчы, Чэхіі, Германіі і г. д.

У Беларусі створаныя такія ўмовы для працы, што людзі з голаду не паміраюць, але і жыць нармальна не могуць. Таму моладзь і людзі сярэдняга ўзросту імкнуцца ехаць на заробкі, як правіла, у Расію. Яны кожны раз не ведаюць, што чакае іх там. Шмат з іх трапляе ў розныя небяспечныя гісторыі — вяртаюцца без грошай, альбо наогул не вяртаюцца. Але ў Маскве беларускія будаўнікі цэняцца. Гэта і здзіўляе, бо на радзіме для іх няма працы, якая б належна аплачвалася.

Між тым, заробкі ў Маскве, калі трапіцца «чэсная кантора», без падману, 600‑700 даляраў для беларусаў, а ўзбекі працуюць за 250 $ у месяц. І ў той жа час кіраўнік дзяржавы адмаўляе наяўнасць беларускіх гастарбайтэраў: «Вы калі‑небудзь чулі, што ў Маскве гастарбайтэрамі ўладкоўваюцца беларусы і там пакутуюць?»‑‑ заявіў ён на 3‑м Усебеларускім сходзе перад апошнімі выбарамі. — Ад нас людзі не едуць на нейкія заробкі наёмнымі рабамі, — гэта паказальнік таго, што ў нас работа ёсць свая, у доме нашым. Гэта паказальнік развіцця».

Паліна Качаткова, газэта "Свабода"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0