Юры Філіпаў, начальнік вытворчасці кампаніі «Посткамень», якая вырабляе помнікі, распавёў, на што трэба звярнуць увагу пры выбары помніка, і расказаў пра трэнды і тэндэнцыі, якія існуюць сёння ў індустрыі.

Калі ставяць помнік на гарадскіх могілках, існуе абмежаванне па памеры — канструкцыя мусіць быць не вышэйшай за 180 сантыметраў. Гэта робіцца, каб адзін помнік не перакрываў іншыя. На вясковых могілках такіх правілаў няма. Але ж і на гарадскіх правіла можна абысці, калі вам вельмі трэба. Можна напісаць заяву ў адміністрацыю могілак і за даплату, часам нават бясплатна, адміністрацыя можа дазволіць усталёўку помніка, памер якога перавышае норму.

Асноўныя два камяні, якія выкарыстоўваюцца сёння ў Беларусі, — габрадыябаз і граніт. Яны амаль ідэнтычныя па ўласцівасцях, але габрадыябаз мае амаль аднародны чорны колер, за што яго называюць часта проста «чорным гранітам».

Габрадыябаз здабываюць у Расіі, Украіне і Аўстраліі. З Аўстраліі па аб’ектыўных прычынах у Беларусь камень амаль не возяць. Той габрадыябаз, што на беларускім рынку, часцей за ўсё вязуць з Карэліі. Ён лепшы па якасцях за ўкраінскі, бо камень з Украіны мае большую колькасць жалеза і пры кантакце з вадой можа даваць іржу.

Камень прывозяць на вытворчасць

Камень прывозяць на вытворчасць

Акрамя таго, апошнім часам вязуць камяні з Кітая, але па іх існуе шмат супрацьлеглых водгукаў. Бо часта камень ідзе з расколінамі, але кітайцы пакрываюць яго лакам, і кліент на месцы не можа заўважыць расколіны. Яны праяўляюцца толькі праз некалькі сезонаў, а часам пачынае сыходзіць і колер.

Таму калі вы выбіраеце помнік з «чорнага граніту», то можаце пацікавіцца, адкуль прывезлі матэрыял. Памятайце, што найлепшы — з Карэліі. Таксама трэба ведаць, што камень — прыродны матэрыял, ён мусіць мець тэкстуру і фактуру, ён не можа быць аднародна чорны, як пластык. Аднародны чорны колер сведчыць, што над камнем папрацавала не прырода, а людзі.

Таксама ў вытворчасці помнікаў мы выкарыстоўваем лабрадарыты, кварцыт і вельмі рэдка мармур.

Лабрадарыт мае своеасаблівую тэкстуру — вялікія крысталы, — таму эстэтычна многія лічаць яго непрывабным.

Кварцыт — вельмі дарагі матэрыял з аднародным глыбокім малінавым колерам. З малінавага кварцыту выраблялі маўзалей Леніна, саркафаг Напалеона. Але ў нас кварцыт не вельмі папулярны, бо вельмі дорага каштуе і няпроста яго апрацоўваць.

Чырвоны камень злева — граніт украінскага паходжання. Пасярэдзіне — фінскі граніт «Аўрора». Справа — карэльскі габрадыябаз.

Чырвоны камень злева — граніт украінскага паходжання. Пасярэдзіне — фінскі граніт «Аўрора». Справа — карэльскі габрадыябаз.

А мармур проста не пасуе для беларускага клімату і надвор’я. Яго зносаўстойлівасць ніжэйшая нават за граніт. Плюс з часам ён пачынае сыпацца і цямнець, белы мармур становіцца шэрага бруднага колеру.

Таму пры выбары помніка з найлепшым балансам цаны і якасці звяртайце ўвагу на граніт і габрадыябаз. Таксама не забывайце — на камні не павінна быць расколін, нават мінімальных.

Што тычыцца выбару формы, то тут трэба памятаць пра таўшчыню. Тлумачу: камень вельмі далікатны матэрыял. Калі вы хочаце высокі помнік, то таўшчыня мусіць быць адпаведнай. Яшчэ гадоў сем таму мінімальная таўшчыня пліты была 6 сантыметраў на метр. Сёння для таннасці нярэдка пліты робяць больш тонкімі: 5 сантыметраў, часам 4—3. Але тонкія пліты могуць не вытрымаць нагрузак і зламацца проста пад сваёй вагой.

Пліты рознай таўшчыні на вытворчасці

Пліты рознай таўшчыні на вытворчасці

Увогуле лепш за ўсё, калі пліта мае таўшчыню нават не 6, а 8—10 сантыметраў. Таму пры выбары помніка, які прастаіць доўгія гады, лепш выбраць надзейнасць і прастату, але затое тоўстую пліту, чым выкшталцонасць і ўпрыгожванні, але на пліце тонкай.

Юрый Філіпаў дэманструе пілу, якой рэжуць камень.

Юрый Філіпаў дэманструе пілу, якой рэжуць камень.

Мы на вытворчасці распускаем блокі граніту на пліты рознай таўшчыні. Пасля кліент можа выбраць любую таўшчыню, якую лічыць патрэбнай.

Што тычыцца скульптураў і ўпрыгожванняў, то тут варыянтаў вельмі шмат. У кампаніі «Посткамень», напрыклад, працуюць мастакі. Кліент можа прыйсці са сваёй ідэяй, яе абмяркуюць, штосьці параяць дадаць ці прыбраць, пасля зробяць 3D-праект помніка, каб кліент быў упэўнены ў сваім выбары. Тут вельмі важна, каб мастакі мелі досвед працы з камнем і разумелі, што з гэтага матэрыялу можна зрабіць, а што — не, бо часам людзі прыносяць гатовыя праекты, якія з каменю нельга зрабіць.

Акрамя таго, «Посткамень» спрацоўнічае з майстэрняй — калі чалавек хоча скульптуру з металу, мы прапануем варыянты ці звязваем яго з мастакамі, якія адліваюць такія скульптуры.

Нярэдка людзі замаўляюць не скульптуры, а бюсты і барэльефы. Яны таннейшыя. Але каштуюць усё роўна нямала — барэльеф абыдзецца ў суму ад 500 да 1000 даляраў. Плюс кошт помніка.

Партрэты сёння вырабляюць на станках. Перад гэтым партрэт апрацоўвае мастак: ён выдзяляе нейкія колеры і акцэнты, каб гэта добра выглядала на камені, таксама можа адрэдактаваць партрэт, пры патрэбе, змяніць прычоску, вопратку.

Але некаторыя прынцыпова замаўляюць ручную працу, калі мастак гравіруе партрэт рукамі. Нашыя мастакі ўмеюць і такое, але гэта каштуе даражэй за станок. Прызнаюся, розніцу паміж станком і рукой чалавека вы не заўважыце.

Што тычыцца фотакерамічных партрэтаў, то іх мы таксама робім. Бо на светлым камені гравіроўка проста не будзе глядзецца. Таму калі выбіраеце чырвоны камень, напрыклад, то лепш замаўляць фотакерамічны медальён. Але гравіроўка жыве, канечне, нашмат даўжэй за фотакераміку.

Калі казаць пра моду на помнікі, то своеасаблівыя трэнды сапраўды існуюць. У сегменце бюджэтных помнікаў сталі пераважаць вытанчаныя формы. Яны прыйшлі да нас, калі пачаўся імпарт гатовых помнікаў з Кітая. Гэта шмат крывалінейных элементаў, няправільная форма помніка, больш мудрагелістая.

У дарагім сегменце рынка сёння сумесь італьянскай моды і кітайскага ўплыву. У Італіі вельмі развіта рытуальнае мастацтва. Ёсць фірма «Каджаці», якая займаецца бронзавымі аксэсуарамі. Яна выпускае каталогі помнікаў, якія распрацоўваюць італьянскія дызайнеры, у іх вельмі высокі мастацкі ўзровень, і такія помнікі заваёўваюць папулярнасць.

Гэта спалучэнне некалькіх відаў граніту ў адным помніку, камбінацыя стэл з некалькіх элементаў — гэта больш вялікія надгробныя пліты, большая колькасць дробных элементаў.

Але людзі могуць замаўляць і арыентуючыся на сваю фантазію. Мы вырабляем і помнікі з вялікіх валуноў, няправільнай формы. Атрымліваецца аўтэнтычны і вельмі прыгожы помнік, які выдзяляецца на могілках.

Аднойчы кліент замовіў помнік у выглядзе каменнай бутэлькі. Зрабілі, праўда, перадгісторыю мы так і не даведаліся. А аднаму інжынеру мебельнай вытворчасці мы рабілі помнік у выглядзе шафы. Гэта была адмысловая мадэль шафы, якую ў свой час і распрацаваў нябожчык і якая набыла папулярнасць.

Да нас, у «Посткамень», прыходзяць і хрысціяне, і мусульмане, і іўдзеі. Помнікі фактычна адрозніваюцца толькі рэлігійнымі сімваламі. Мусульмане і іўдзеі, напэўна, больш кансерватыўныя ў выбары формы помніка. А каталікі радзей замаўляюць партрэт нябожчыка на помніку, але часцей рэлігійныя сімвалы: выявы Хрыста, Дзевы Марыі.

Нярэдка кліенты просяць зрабіць надпіс на помніку па-беларуску, часта нават беларускай лацінкай.

Мы займаемся і дэмантажам помнікаў. Кошты залежаць ад складанасці. Але каб помнік не трэба было дэмантаваць, трэба адказна падысці да яго выбару. Добра зроблены помнік з якаснага каменю фактычна патрабуе толькі прыборкі смецця. За ўчасткам сачыць трэба трохі больш. У Беларусі на могілках растуць дрэвы, расліны. Часта людзі глядзяць на нямецкія ці італьянскія могілкі, акуратныя, з роўнай травой і кветачкамі, і хочуць таксама штосьці такое, але не думаюць, што за гэтым трэба пастаянна глядзець. Таму калі чалавек не мае часу даглядаць магілу, то лепш замаўляць закрытую пліту, а пляцоўку закрыць пліткай. Тады помнік будзе добра глядзецца.

Мы заўсёды адкрытыя да супрацы з грамадскімі праектамі. «Посткамень» рабіў помнік мастаку Яўгену Куліку, аўтару эталона герба «Пагоня», а таксама камень памяці Максіма Танка, які стаіць на Мядзельшчыне.

Калі нам прапануюць нейкі сацыяльна значны праект, мы заўсёды гатовыя да размовы, можам пайсці насустрач і прадставіць асаблівыя ўмовы ці заняцца дабрачыннасцю. Усё залежыць ад праекта, але сацыяльна значныя ініцыятывы мы заўсёды гатовыя падтрымаць.

Партнёрскі матэрыял з кампаніяй «Посткамень»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?