«Чым корміць нас Белдзяржкіно?» – пытаньне, зададзенае Міхасём Зарэцкім на досьвітку беларускага кіно, актуальнае сёньня.

Возьмем такі «шэдэўр», як «Гатэль спаўненьня жаданьняў», разрэклямаваны як першы беларускі сэрыял. Цытаты з заходніх блёкбастэраў і «Мамаева пабоішча» ў якасьці «нашага мінулага». Вядома, беларусы-ліцьвіны былі ў складзе маскоўцаў на Куліковым полі, але якая нам з таго карысьць?

Што было экранізавана зь Якуба Коласа? Некалькі раньніх гумарыстычных апавяданьняў... Яшчэ фільм быццам бы па «Ростанях», дзе, паводле тагачаснай крытыкі, «больш Лужаніна і Корш-Сабліна, чым Коласа». Тым часам некранутай ляжыць лепшая коласаўская аповесьць «У глыбі Палесься», дзе і псыхалёгія, і філязофія, і каханьне, і адбітак Старой Беларусі...

Навошта для стварэньня кіно пра паўстаньне Каліноўскага браць менавіта польскую вэрсію («Пракляты ўтульны дом»)? Хіба няма твораў Караткевіча ці хоць бы Алеся Якімовіча?

Урэшце, ня толькі клясыка можа быць добрым матэрыялам для сэрыялаў. Раман Алеся Асіпенкі «Лябірынты страху»: савецкая гісторыя ад нэпу да Чарнобылю; трагедыя таленавітага пісьменьніка, які прадаў сябе ўладзе. А трылёгія Генрыха Далідовіча аб беларускім адраджэньні пачатку ХХ ст.? Калі за гэта возьмецца добры рэжысэр, выйдзе ня горш, чым «Дзеці Арбату».

Трэба толькі паважаць свайго гледача, ня думаць, што яму толькі палец пакажы і ён будзе сьмяяцца.

Усяслаў Шатэрнік, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0