У Беларусі не будуць абавязваць прыватных уладальнікаў нерухомасці вызначаць стаўкі арэнднай платы выключна ў беларускіх рублях. Пра гэта гаворыцца ў каментары Дзяржкамітэта па маёмасці. 

Старшыня Дзяржкаммаёмасці Андрэй Гаеў адзначыў, што вынесены на шырокае абмеркаванне праект указа прэзідэнта «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 150 ад 29 сакавіка 2012 г. «, найперш ставіць мэтай удасканаленне арэндных адносін. Таму Дзяржкамітэтам па маёмасці ўважліва былі вывучаныя ўсе заўвагі і прапановы па нормах новага дакумента, што паступілі ў ведамства. 

«На сённяшні дзень аргументаваных меркаванняў «супраць» дэдаларызацыі арэнды прыватнай нерухомасці значна больш, чым «за», — адзначыў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці. 

Прыхільнікі абгрунтоўваюць неабходнасць прыняцця новай нормы выпадкамі росту арэнднай платы ў сувязі з ростам курсу амерыканскага долара і еўра, з якімі сутыкнуліся індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы. 

Асноўны довад праціўнікаў прыняцця нормы, якая прадугледжвае ўстанаўленне арэнднай платы за аб'екты нерухомасці прыватнай уласнасці ў беларускіх рублях ці базавых арэндных велічынях са штогадовай карэкціроўкай, зводзіцца да таго, што прыняцце гэтай нормы будзе спрыяць памяншэнню замежных інвестыцый, росту арэнднай платы ў беларускіх рублях, паколькі арандадаўцы будуць закладваць рызыкі ў арэндную плату. Таксама, з улікам гэтых рызык, верагодна спыненне будаўніцтва новых аб'ектаў прыватнай уласнасці, з наступным скарачэннем замоў работ для беларускіх праекціроўшчыкаў, падрадчыкаў, пастаўшчыкоў і будаўнікоў. 

Прадстаўнікі бізнес-саюзаў адзначылі, што ініцыятыва дэдаларызацыі арэндных адносін увогуле носіць прагрэсіўны характар, аднак павінна прымяняцца ў комплексе іншых мер, адзначаюць у Дзяржкаммаёмасці. 

Раней эксперты выказвалі меркаванне, што прывязка арэндных ставак да рубля для прыватных аб'ектаў камерцыйнай нерухомасці можа прывесці да замарожвання некаторых гандлёвых і бізнес-цэнтраў, якія будуюцца, а таксама пагаршэння інвестыцыйнай прывабнасці рынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?