Чаканы ўзровень кампенсацыі насельніцтвам Беларусі затрат на аказанне жыллёва‑камунальных паслуг у бягучым годзе дасягне 34 працэнтаў. Гэта перасягне ўзровень 2007 года на 1,6 працэнтага пункта, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Міністэрстве жыллёва‑камунальнай гаспадаркі Беларусі.

У 2006 годзе беларусы кампенсавалі 40,6 працэнта затрат на паслугі ЖКГ. Зніжэнне гэтага ўзроўню ў 2007 годзе ў Мінжылкамгасе тлумачаць ростам цэн на энерганосьбіты.

Узровень кампенсацыі затрат па асобных відах жыллёва‑камунальных паслуг неаднолькавы. Плануецца, што самы высокі ўзровень кампенсацыі затрат — 44,6 працэнта — у 2008 годзе будзе дасягнуты пры аплаце вывазу і абясшкоджвання цвёрдых бытавых адходаў (у 2007 годзе ён складаў 46,6 працэнта). Па халоднаму водазабеспячэнню гэты паказчык складзе 42,9 працэнта (37,6 працэнта), тэхнічнаму абслугоўванню жылых дамоў — 41,4 працэнта (41,1 працэнта), каналізацыі — 36 працэнтаў (22,8 працэнта), карыстанню ліфтамі — 33,7 працэнта (38,1 працэнта), цеплавой энергіяй для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння — 30,2 працэнта (29,9 працэнта).

Пры павышэнні тарыфаў на асобныя віды жыллёва‑камунальных паслуг з 1 студзеня бягучага года сярод іншых фактараў улічваўся і ўзровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на іх аказанне. У прыватнасці, гэта датычыцца тарыфу на каналізацыю, які павялічыўся ў параўнанні з 2007 годам на 65 працэнтаў.

Як адзначылі спецыялісты міністэрства, згодна з канцэпцыяй развіцця жыллёва‑камунальнай гаспадаркі Беларусі да 2015 года плануецца выйсці на стопрацэнтны ўзровень аплаты насельніцтвам паслуг ЖКГ. Тарыфы на жыллёва‑камунальныя паслугі мяняюцца не толькі ў залежнасці ад змянення матэрыяльных затрат, у тым ліку і энергарэсурсаў, але і ўвязваюцца з ростам даходаў насельніцтва. Таму стопрацэнтны ўзровень кампенсацыі затрат да вызначанага тэрміну павінен быць забяспечаны адпаведным ростам дабрабыту беларусаў.

З 1 студзеня 2008 года тарыф на паслугі па тэхнічнаму абслугоўванню жылых дамоў павялічаны на 6 працэнтаў да Br240,3 у месяц за 1 кв.м агульнай плошчы жылога памяшкання. Цана на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння захавана на ранейшым узроўні і складзе Br36 355,5 за 1 Гкал. Тарыфы на халоднае водазабеспячэнне ўстаноўлены на ўзроўні Br321,4 за 1 куб.м (рост на 25 працэнтаў), на каналізацыю — Br201,6 за 1 куб.м (рост на 65 працэнтаў). Плата за вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў павялічана на 6 працэнтаў і складзе Br4005,2 за 1 куб.м, за карыстанне ліфтамі — таксама на 6 працэнтаў да Br1184 з аднаго пражываючага ў месяц. У цэлым павелічэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ з 1 студзеня не перасягнула $5.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0