Трагедыя разыгралася глыбокай ноччу на стары Новы год у в. Жарабковічы Ляха­вiц­кага раёна. У калодзежы ўтапiўся Вiталь Славута — дзевяцiклясьнiк мясцовай школы.

У гэтую ноч калядавалi напачатку ў роднай вёсцы Зарытава, а затым падалiся за некалькi кiламетраў у Жарабковiчы. Прыкладна каля дзвюх гадзiн ночы калядоўшчыкi разышлiся. Двое вярнулiся назад у Зарытава, а Вiталь, прыхапiўшы сваю частку накалядаванага, застаўся ў Жарабковiчах i неўзабаве апынуўся ў кампанii старэйшых хлопцаў, якiя таксама сустракалi Новы год i праводзiлi Аляксандра С. у войска — той атрымаў павестку.

Да гэтага моманту ўсё больш‑менш ясна. А далей многа незразумелага. У прэсе прайшла iнфармацыя, прадстаўленая пракуратурай Ляхавiцкага раёна.

З 16‑гадовым падлеткам старэйшыя пiць гарэлку не сталi, бо ведалi, што ён яшчэ непаўналетнi i выставiлi яго з хаты, якая на гэты час была пустая, бо гаспадары памерлi i будынак перайшоў тым людзям, якiя старых даглядалi.

Вiталь быццам бы пайшоў, але неўзабаве хлопцы пачулi крыкi i кiнулiся на вулiцу ратаваць няшчаснага. Скакалi ў калодзеж i спрабавалi выцягнуць падлетка, але ланцуг абрываўся… Праз дзве гадзiны прыехалi супрацоўнiкi МНС, адпампавалi ваду i дасталi мёртвага. Выратавальнiкi прыехалi б раней, калi б атрымалi сiгнал своечасова.

Як там усё было, ведаюць толькi пяцёра хлопцаў, якiя далi амаль што аднолькавыя паказаннi. Зразумела, што ў тую ноч нiхто цвярозым не быў i напэўна ж, каб не гэты фактар, то трагедыi не здарылася б.

Здавалася б, пытанне вычарпана, але калi я наведаў Жарабковiчы i зазiрнуў у той калодзеж, то зразумеў, што не ўсё ў гэтым здарэннi адназначна — узнiкла некалькi пытанняў, на якiя павiнны быць зразумелыя адказы.

Але да пытанняў мы яшчэ вернемся.

Загiнулы быў праблемным падлеткам, i вось што сказала дырэктар Жарабковiцкай сярэдняй школы Святлана Гаўрыленя:

— З Вiталем праблем было шмат. Ён стаяў на ўлiку, бо любiў выпiць i ў мiнулым годзе некалькi разоў разглядаўся на камiсii па справах непаўналетнiх. Яго мацi штрафавалi, як i аднаго дарослага, з якiм падлетак выпiваў i часта сустракаўся з гэтай прычыны. Але ён быў цiхiм выпiвохам i не буянiў.

Вядома, што пры такой характарыстыцы школьнiка хапала людзей, якiя ставiлiся да яго непрыязна i былi ў iх на тое прычыны. Але хто таго падлетка прывучыў да гарэлкi? Хiба не старэйшыя?!

Мацi загiнулага працуе даяркай у мясцовым сельгаскааператыве i вось што яна сказала:

— Вiталь пайшоў з хаты каля чатырох гадзiн дня i толькi ноччу я даведалася, што з iм бяда. У Жарабковiчах я ўжо была пасля трох гадзiн ночы. МНС яшчэ не прыехала, хлопцы сядзелi ў хаце, а Вiталь быў у калодзежы i яго не чутна было. Вось я i думаю: як пры росце пад 190 см ён мог увалiцца ў той калодзеж?

Зразумець мацi можна i, магчыма, ёю не ўсё ўспрымаецца адэкватна. Нехта там падказаў, накiраваў, а дзе праўда, цяжка сказаць.

Праблемны падлетак захацеў папiць вады i ўпаў у калодзеж — вось так i закрываецца праблема. Крымiнальную справу па факце ў такiм разе няма сэнсу ўзбуджаць, чаго пракуратура (на 23 студзеня) i не зрабiла, i гэта яе права.

А цяпер да пытанняў, якiя ў мяне ўзнiклi пасля наведвання месца трагедыi.

У калодзежы невялiкiя дзверцы, хоць можна дапусцiць, што хлопец усё ж мог упасцi, перагнуўшыся над трубой. Глыбiня калодзежа — прыкладна дзесяць трубаў (наколькi ўдалося ў цемры налiчыць). Пры такiм падзеннi павiнны былi б быць сур’ёзныя траўмы, а судова‑медыцынская экспертыза ўстанавiла, што падлетак захлынуўся ад вады.

А можа, пры падзеннi школьнiк мог перавярнуцца? Пры такiм росце ды ў вузкай трубе малаверагодна.

У сваiх паказаннях старэйшыя сцвярджалi, што двое з iх скакалi ў калодзеж на крыкi. Такое цяжка ўявiць. Але дапусцiм i такi варыянт. Дарэчы, хлопцы‑выратавальнiкi не ўтапiлiся ж i нават спрабавалi небараку падняць наверх. А ўбачыўшы, што не здолеюць гэтага зрабiць, пакiнулi школьнiка i самi вылезлi. Чаму было б не падтрымаць няшчаснага на паверхнi, каб не ўтапiўся?

Галоўнае, што ўпушчаны быў момант, бо па гарачых слядах падобнае здарэнне раскрыць намнога прасцей.

Безумоўна, такая разбежка ў часе дае падставы для розных домыслаў.

Вось i хацелася б ведаць, што на самай справе адбылося цёмнай каляднай ноччу.

Сымон Свiстуновiч, zvyazda.minsk.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0