Кіраўнікі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі ў пятніцу звярнуліся з сумеснай заявай да канцлера Германіі Ангелы Меркель і прэзідэнта Францыі Франсуа Алянда.

Як гаворыцца ў звароце, тэкст якога прыводзіць «Данецкае агенцтва навін», Захарчанка і Платніцкі «змушаныя звярнуцца» да Меркель і Алянда «як да гарантаў мінскіх дамоўленасцяў» «з просьбай аказаць ціск на Украіну, аж да ўвядзення персанальных і эканамічных санкцый, каб прымусіць яе кіраўніцтва да выканання Комплексу мер, зацверджанага кантактнай групай 12 лютага гэтага года ў Мінску з Вашым актыўным удзелам».

12 лютага Захарчанка і Платніцкі разам з членамі кантактнай групы па Украіне падпісалі гэты Комплекс мер. Характэрна, што, у адрозненне ад астатніх падпісантаў — пасла Хайдзі Тальявіні, другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы і пасла РФ ва Украіне Міхаіла Зурабава, указаных у дакуменце з пасадамі, у выпадку з лідэрамі сепаратыстаў былі пастаўлены толькі іх прозвішчы, паколькі ДНР і ЛНР не прызнаныя Захадам. У звароце ж да Меркель і Алянда Платніцкі і Захарчанка названыя «кіраўнікамі ЛНР і ДНР».

У дакуменце адзначаецца, што, на думку лідэраў сепаратыстаў, «Украіна адкрыта сабатуе і не выконвае прынятыя на сябе абавязацельствы».

Як лічаць кіраўнікі самаабвешчаных рэспублік, па-першае, «украінскія сілавікі зрываюць графік адводу цяжкіх узбраенняў і не даюць інфармацыі аб новых месцах яго дыслакацыі».

Па-другое, («і гэта галоўнае!» — адзначаецца ў дакуменце), Вярхоўная Рада яшчэ нават не пачала працэдуру разгляду пастановы з указаннем пераліку раёнаў, якія надзяляюцца асаблівымі правамі ў адпаведнасці з законам Украіны «Аб асаблівым статусе Данбаса».

«Пры гэтым 30 дзён, адведзеныя для рэалізацыі гэтага рашэння ў адпаведнасці з той «дарожнай картай «, якая зацверджаная ў Комплексе мер па выкананні мінскіх пагадненняў, мінаюць ўжо заўтра, 14 сакавіка», — нагадваюць аўтары звароту, падкрэсліваючы сваю «прыхільнасць мінскім дамоўленасцям і гатоўнасць да поўнага і вычарпальнага палітычнага ўрэгулявання канфлікту».

Лідэры сепаратыстаў таксама звярнулі ўвагу кіраўнікоў ФРГ і Францыі, што, «насуперак мінскім дамоўленасцям, працягваецца і нават узмацняецца» эканамічная блакада Данбаса з боку Кіева.

«У выніку ваеннай агрэсіі Украіны эканоміка ў нашых рэспубліках знаходзіцца на мяжы калапсу, пенсіі і іншыя сацыяльныя дапамогі па-ранейшаму не выплачваюцца».

«Дэфіцыт грыўні дасягнуў такой вастрыні, што грамадзяне і малы бізнес ужо разлічваюцца ў розных валютах», адзначаецца ў звароце.

Падводзячы вынікі, Захарчанка і Платніцкі просяць даслаць у Данецк і Луганск спецыялістаў з Германіі і Францыі для дапамогі ў аднаўленні банкаўскай сістэмы Данбаса.

Сепаратысты таксама просяць забараніць ўезд на тэрыторыю ЕС «за злачынствы супраць чалавечнасці», «масавыя парушэнні правоў чалавека», «знішчэнне мірнага насельніцтва з дапамогай ваеннага тэрору і эканамічнай блакады» прэм'ер-міністру Украіны Арсенію Яценюку, міністру абароны краіну Сцяпану Паўтараку, сакратару СНБА Аляксандру Турчынаву, кіраўніку МУС Украіны Арсену Авакаву, кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Украіны Барысу Ложкіну і алігарху Ігару Каламойскаму.

Як вядома, цяпер санкцыі ЕС дзейнічаюць у дачыненні да саміх аўтараў ініцыятывы — Платніцкі трапіў у санкцыйны спіс яшчэ ў ліпені мінулага года, калі займаў пасаду «міністра абароны ЛНР», Захарчанку дадалі ў санкцыйны спіс у верасні 2014-га.

Апроч іншага, Захарчанка і Платніцкі хочуць, каб Захад прыпыніў фінансавую дапамогу «антынароднаму ўраду Яцанюка—Авакава да таго часу, пакуль не будуць забяспечаныя ўмовы для зняцця эканамічнай блакады з Данбаса і палітычнага ўрэгулявання канфлікту».

Раней у Данецку заявілі пра пагрозу зрыву мірнага працэсу з-за нежадання Кіева вызначыць пералік населеных пунктаў з асаблівым статусам.

Прадстаўнікі ДНР заявілі, што пакідаюць украінскаму боку суткі на вырашэнне пытання.

«Мы знаходзімся на мяжы таго, што мінскі працэс будзе сарваны і комплекс мер па выканання мінскіх дамоўленасцяў будзе дэзавуяваны», — заявіў «паўнамоцны прадстаўнік ДНР» Дзяніс Пушылін. У чацвер Пушылін ад імя «ДНР» звярнуўся да ўдзельнікаў «нармандскай чацвёркі» з просьбай аказаць ціск на Кіеў з тым, каб забяспечыць захаванне мінскіх пагадненняў.

У мінулы аўторак у Вярхоўнай Радзе паабяцалі да 14 сакавіка прыняць пастанову з вызначэннем межаў тэрыторыі, на якую распаўсюдзіцца закон аб асаблівым статусе мясцовага самакіравання на Данбасе.

Паводле інфармацыі на сайце ўкраінскага парламента, бліжэйшае пленарнае пасяджэнне Рады запланавана на 17 сакавіка.

Што тычыцца амністыі сепаратыстаў, у Кіеве адзначаюць, што не збіраюцца адмаўляцца ад пераследу вінаватых у «злачынствах супраць чалавечнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?