Уладзімер Здановіч

Чалавеку нельга забараніць размаўляць і пісаць на той мове, на якой ён хоча. Такое меркаванне ў інтэрв’ю БелаПАН 24 студзеня выказаў старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова‑тэхнічным праграсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч, каментуючы ход дапрацоўкі законапраекта аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.

Паводле слоў дэпутата, у законапраекце няма ні слова аб пакаранні за няправільнае ўжыванне і напісанне слоў. «Сам законапраект складаецца з адной старонкі. Усё астатняе — дадаткі. Але на гэтай старонцы напісана вельмі разумная рэч: правілы будуць прымяняцца абавязкова арганізацыямі і радавымі грамадзянамі ў афіцыйных адносінах. Да іх адносіцца складанне афіцыйных адозваў, публікаванне законаў, напісанне адозваў у натарыяльную кантору, судовы орган. Гэта нават выгадна для грамадзян, бо дапамжа пазбегнуць рознага трактавання слоў», — паведаміў У.Здановіч.

Дэпутат зазначыў, што газеты і часопісы, якія публікуюць афіцыйныя дакументы, будуць абавязаны іх друкаваць у адпаведнасці з набыўшымі моц правіламі. «Але гэта не азначае, што людзі будуць размаўляць толькі па гэтых правілах, а пісьменнікі будуць пісаць толькі згодна з імі. Гэта не так. Калі прачытаць творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, дык там можна знайсці выключэнні на ўсе правілы. Думку нельга выказаць афіцыйнай мовай, але дакумент павінен быць напісаны менавіта на ёй», — лічыць У.Здановіч.

Парламентарый падкрэсліў, што любы закон прадугледжвае пэўныя меры адказнасці за яго невыкананне. «Аднак гаварыць аб турэмным зняволенні за дапушчаную памылку не трэба. За пралікі і недахопы можна прымяняць практыку вымовы, магчыма, штрафу, калі гэта прывяло да нейкіх наступстваў», — лічыць дэпутат.

У.Здановіч зазначыў, што газеты, якія выкарыстоўваюць «тарашкевіцу», «баяцца, што пасля ўваходжання закона ў сілу іх пазакрываюць». «Канешне, цяжка прадказваць усе наступствы ўваходжання законапраекта ў сілу. Але мы пішам закон зыходзячы з думкі, што нельга чалавеку забараніць размаўляць і пісаць на той мове, на якой ён хоча. Калі хтосьці чытае газету «Наша Ніва», часопіс «Arche», дык наўрад ці іх будуць забараняць. Проста ўсе будуць ведаць, што мова гэтых выданняў несапраўдная, неўжываная. Абмежаваць доступ да СМІ, інтэрнета немагчыма. Мы перажываем у першую чаргу за дзяцей. Чытаючы розныя газеты, а потым здаючы тэсты, яны павінны ведаць, як будзе пісацца тое ці іншае слова афіцыйна», — сказаў У.Здановіч.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0