14.03.2015 / 09:51

Вядомага блогера Глеба Лабадзенку выклікаюць у міліцыю 9

Журналіст і блогер Глеб Лабадзенка сутыкнуўся з дзіўнымі метадамі, якімі скарыстаўся міліцыянер з Савецкага РАУС Мінска.

«Мне патэлефанаваў чалавек, паведаміў, што ён з міліцыі і сказаў, каб я прыйшоў да іх на размову. Я, натуральна, запытаўся, з якой прычыны, якая будзе размова. Ён кажа: «Я не магу вам гэтага сказаць. Гэта таямніца следства», — апавядае Еўрарадыё гэтую гісторыю Лабадзенка.

Суразмоўца паведаміў, што тэлефон журналіста трапіў у зону, дзе было здзейснена злачынства і заявіў пра намер правесці апытанне: «Можа быць, вы што-небудзь бачылі…». Лабадзенка ў гэтыя дні заняты важнымі сямейнымі і працоўнымі клопатамі, таму прапанаваў выслаць яму афіцыйную позву ці непасрэдна прыехаць да яго і пагутарыць.

«Тады суразмоўца кажа: «Раз вы не хочаце ісці, значыцца, вам ёсць што хаваць. Я ўсіх абзвоньваю і ўсе ідуць. Гэта — адмова супрацоўніцтва са следствам. Я вам прапаноўваў «па-харошаму», а раз вы не хочаце, будзьце гатовы, што да вас прыедуць «у вельмі нязручны ранні час», каб забраць вас і апытаць».

Журналіст і блізка не падазравае, пра якое злачынства вялася гаворка, бо калі раней сутыкаўся з парушэннямі закону, тут жа пра іх паведамляў праваахоўнікам. Таксама Лабадзенку здзівіла, што адмова прыехаць без позвы стала падставай, каб яго ў нечым падазраваць. Дзе ж прэзумпцыя невінаватасці? А ў намёках пра прыезд у «нязручны час» блогер бачыць перавышэнне паўнамоцтваў і прамую пагрозу.

«Самы галоўны аргумент быў: усе пагадзіліся прыйсці, а ты тут казлішся. І я лічу, што пра такія рэчы трэба казаць уголас, бо гэта бяспраўе, беззаконне, — лічыць блогер. — Ціснуць на тое, што людзі не ведаюць сваіх правоў і ім можна патэлефанаваць і сказаць «бяжы да нас на іншы канец горада». Я лічу, што праваахоўнікі абавязаны выконваць тыя нормы, якія самі прыдумалі. А калі міліцыя сапраўды мае права прыехаць і забраць чалавека ва ўпраўленне за тое, што ён адмовіўся без афіцыйнай позвы пасля званка з’явіцца ў кабінет супрацоўніка, то хацелася б, каб гэта пытанне беларусам патлумачылі». 

У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама Еўрарадыё на момант падрыхтоўкі матэрыяла не змаглі пракаментаваць праблему.

Таму разгортваем «Крымінальна-працэсуальны кодэкс». Сярод іншага цікавімся, ці сапраўды міліцыя можа законна прыехаць да цябе дадому «ў вельмі нязручны час» (пад гэтым намёкам блогер пабачыў пагрозу забраць яго ўначы). У частцы другой артыкула 192 сказана: «Вытворчасць следчых дзеянняў у начны час не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, якія не церпяць адкладанняў». Але справа не толькі ў гэтых дробных юрыдычных нюансах. Пятага сакавіка Аляксандр Лукашэнка акрэсліў праблему «фанабэрыстасці і высакамернасці», якую людзі ў пагонах часам дапускаюць у дачыненні да звычайных грамадзян. Не прайшло і тыдня, як аўтарытэтны журналіст непасрэдна сутыкнуўся з нечым падобным. 

0
Мухамор / Адказаць
14.03.2015 / 11:57
Телефонный терроризм - вот это как называется.
0
qq / Адказаць
14.03.2015 / 13:32
чытайце Уладзімір Буковскі "І вяртаецца вецер". там гэтыя метады апісаныя. спачатку думаў нн яго цытуе
0
інжынер зь менску / Адказаць
14.03.2015 / 14:21
самае цікавае што яны ведаюць што так рабіць нельга калі ім адкажаш што не сумняешся што яны так і зробяць будуць па чалавечы крыўдзіцца гэта ўсё як кажуць ніжэй за плінтус віна на генералах і палкоўніках затурканасьць і вядзе да прымітыву, абыякавасьці і агрэсіі трэба гэта улічваць пры кантактах а грамадству рэагаваць абавязкова
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру