14.03.2015 / 14:41

Алег Трусаў: Ці з'яўляецца рускамоўная літаратура, напісаная грамадзянамі Беларусі, беларускай? Абмяркоўвайце! 140

У інтэрнэце і ў іншых СМІ працягваецца спрэчка, распачатая Віталем Цыганковым, наконт сітуацыі, што склалася ў беларускім ПЭН-цэнтры ў сувязі з абвяшчэннем новага праекта «Кніга года». Было абвешчана, што на конкурс можна падаваць кнігі, выдадзеныя пісьменнікамі на працягу апошніх пяці год.

Спрэчкі выклікаў наступны сказ «кніга павінна быць напісана беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы».

Пасля сходу сяброў ПЭН-цэнтра з'явілася публікацыя ад імя ПЭН-цэнтра, у якой было напісана, што беларускі ПЭН-цэнтр звяртае ўвагу на пэўную дыскрымінацыю да рускамоўных аўтараў у Беларусі, якія не маюць сваіх прэмій і новы праект павінен яе ліквідаваць.

Віталь Цыганкоў першым звярнуў на гэта ўвагу на сваім блогу і правёў апытанне на гэтую тэму некаторых сяброў ПЭН-цэнтра. Прыхільнікаў беларушчыны абурыла такая пазіцыя кіраўніцтва ПЭН-цэнтра, і яго кіраўнік Андрэй Хадановіч папрасіў прабачэння за гэтыя спрэчныя выказванні.

Тым не менш, у выніку дыскусіі на тэму, ці ёсць у Беларусі «дыскрымінацыя рускамоўных аўтараў» спачатку пакінуў ПЭН-цэнтр вядомы журналіст і літаратар Сяргей Дубавец, а потым паэт і эсэіст Алесь Аркуш, пісьменнік і журналіст Вінцэсь Мудроў, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

У сувязі з гэтым ізноў паўстае пытанне: ці ёсць пісьменнікі, якія стала жывуць на Беларусі, з'яўляюцца яе грамадзянамі, але прынцыпова пішуць свае творы толькі па-руску — беларускімі? Некаторыя вельмі хочуць так лічыць і таму падымаюць гвалт наконт іх так званай «дыскрымінацыі».

Аднак прывяду некалькі канкрэтных прыкладаў з гэтай нагоды. Спачатку вазьму маю малую радзіму Мсціслаўшчыну.

З тэрыторыі былога Мсціслаўскага павета паходзяць тры славутыя пісьменнікі: Максім Гарэцкі, Айзек Азімаў і Аляксандр Твардоўскі.

Мая радзіма для іх агульная, а вось адносіны да беларускай літаратуры — розныя. Айзек Азімаў — славуты амерыканскі, а не беларускі ці яўрэйскі пісьменнік, бо пісаў па-англійску. Твардоўскі, нягледзячы на сваё беларускае шляхецкае паходжанне і цудоўнае веданне беларускай мовы класік толькі рускай літаратуры, бо пісаў па-руску.

Усе пісьменнікі, якія жылі ў Беларусі, але пісалі толькі па-польску, класікі толькі польскай літаратуры, найперш Адам Міцкевіч і Элаіза Ажэшка. А вось Уладзіслава Сыракомлю нават у школьных падручніках называюць польска-беларускім паэтам, бо ён пісаў на дзвюх мовах, а не на адной.

Самуіл Плаўнік (Змітрок Бядуля) – класік беларускай літаратуры, бо пісаў па-беларуску, а не на ідыш ці на іўрыце. Таму і славутую Святлану Алексіевіч, прэтэндэнтку на Нобелеўскую прэмію, можна назваць беларускай пісьменніцай толькі ўмоўна. Дакладней, гэта савецкая ці постсавецкая пісьменніца, такая ж як Чынгіз Айтматаў, бо ён пісаў па-руску і стаў славутым савецкім рускамоўным пісьменнікам.

Ці ёсць класікі рускай літаратуры, якія б жылі ў Расіі, але не пісалі па-руску? Украінца Гогаля не назавеш украінскім пісьменнікам, нягледзячы на ўкраінскія тыпажы ў яго творах.

Аляксандр Пушкін пачынаў пісаць свае вершы па-французску, Янка Купала — па-польску, а Якуб Колас — па-руску. Але потым яны зрабілі свой канчатковы выбар і сталі носьбітамі тых нацыянальных літаратур, на мову якіх яны перайшлі.

Таму я звяртаюся да сваіх рускамоўных сяброў ПЭН-цэнтра. Хочаце, каб беларуская мова не знікла, хочаце, каб Беларусь не стала чарговай ахвярай «русского мира», пераходзьце на беларускую мову, як гэта ў свой час зрабілі Андрэй Хадановіч і Віктар Марціновіч.

Можна таксама згадаць заклік рускамоўнага паэта з Мінска Дзмітрыя Строцава, сябра ПЭН-цэнтра, да прадстаўнікоў рускай культуры да свядомага «самаўмалення» дзеля адраджэння беларускасці. Ён прапануе таксама, як і аўтар артыкула, расейскамоўным аўтарам Беларусі перайсці з рускай мовы на беларускую і лічыць, што гэта па-хрысціянску.

Наша пазіцыя, пазіцыя сапраўды паліткарэктных беларускіх патрыётаў у тым, што мы на тэрыторыі Беларусі на іншых мовах размаўляем толькі з тымі замежнымі грамадзянамі, якія не ведаюць беларускай мовы. З усімі беларускімі грамадзянамі, а яны паводле дзейнай Канстытуцыі павінны валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі, размаўляем толькі на беларускай мове. Прычым не прымушаем нашых суразмоўцаў размаўляць з намі па-беларуску, бо мы добра разумеем рускую мову.

Дык у чым тады дыскрымінацыя рускамоўных?

Алег Трусаў, старшыня ТБМ, сябра беларускага ПЭН-цэнтра, спецыяльна для партала ТБМ

0
Чцяй / Адказаць
14.03.2015 / 14:47
А ці з'яўляецца Рэдзьярд Кіплінг індыйскім пісьменьнікам? Не, чыста англійскім, хоць нарадзіўся і пісаў пра Індыю. Не прапіска вырашае прыналежнасць да культуры.
0
Спадар / Адказаць
14.03.2015 / 14:51
Ці з'яўляецца Статут ВКЛ напісаны на рускай мове - беларускім помнікам літаратуры? А Ці з'яўляецца Статут ВКЛ напісаны на польскай мове - беларускім помнікам літаратуры?
0
Дзяніс / Адказаць
14.03.2015 / 15:01
З'яўляецца, але неправільны абраны крытэрый. Рускамоўная літаратура, напісаная этнічнымі беларусамі, будзе таксама беларускай. Зараз не пачатак 20-га стагоддзя, краіна русіфікаваная.
Паказаць усе каментары/ 140 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру