Супрацоўнікі аддзялення патрульна-паставой службы Крычаўскага АУСТ затрымалі грамадзян Украіны, якія перавозілі ў дызель-цягніку больш за 500 кг сала, паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Праваахоўнікі, якія суправаджалі цягнік рэгіянальных ліній эканомкласа №6546 Сураж—Крычаў, звярнулі ўвагу на мужчыну і жанчыну з вялікім багажом — 12 вялікіх гаспадарчых сумак і поліэтыленавы пакет. Падчас агляду багажу было ўстаноўлена, што пасажыры везлі ў торбах салёнае і вэнджанае сала.

Як высветлілася, мужчына і яго дарослая дачка, якія пастаянна пражываюць у Чаркаскай вобласці, везлі сала для рэалізацыі ў Беларусі.

Яны дабраліся да Бранска, затым на спадарожным транспарце даехалі да горада Сураж. Такі маршрут (праз Расійскую Федэрацыю) грамадзяне выбралі не выпадкова: баяліся пазбавіцца багажу пры даглядзе на беларуска-ўкраінскай мытні.

Паколькі акрамя пашпартоў ў грамадзян Украіны пры сабе ніякіх дакументаў не было, іх разам з багажом вырашана было высадзіць на станцыі дыслакацыі АУСТ.

Дванаццаць сумак вагой ад 35 да 50 кг у пасажыраў канфіскавалі. Больш за 513 кг сала было ўтылізавана.

Згодна з пастановай Савета Міністраў ад 29 жніўня 2013 года №758 «Аб дадатковых мерах па недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў жывёл», забаронена перавозіць сала па тэрыторыі краіны без абавязковых дакументаў, выдадзеных Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі.

У адносінах да ўкраінцаў складзены пратакол па арт.15.38 ч.1 КаАП. Парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных або заатэхнічных правіл цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?